Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Каб стаць сапраўднай культурнай сталiцай

2066 0 21:06 / 10.03.2011
Паважаная рэдакцыя! З нагоды атрымання Гомелем статусу культурнай сталiцы Беларусi i СНД з’явiлiся дзве прапановы, накiраваныя на тое, каб пашырыць змястоўнае напаўненне гэтага ганаровага звання. 1. Ушанаванне памяцi  гомельскiх дзеячаў культуры У Гомелi жылi i працавалi шматлікія таленавiтыя мастакі, артысты, музыканты, пiсьменнiкі, паэты. На жаль, многiя сучаснiкi не ведаюць пра большасць выдатных гомельскiх дзеячаў культуры. Каб пазнаёмiць сучасных гамяльчан з культурнай спадчынай, было б добра правесцi маштабную культурную акцыю па ўшанаваннi памяцi славутых гамяльчан. Сутнасць прапануемай акцыi ў тым, каб скласцi спiс выдатных культурных дзеячаў, што жылi i працавалi ў Гомелi. Абагульнiць звесткi пра выдатных гамяльчан няцяжка. Яны знаходзяцца ў кнiзе “Памяць”, папярэднiкаў павiнны ведаць сучасныя дзеячы культуры. Ранейшыя часы, напэўна, даследаваны гiсторыкамi. А потым на працягу года да дня нараджэння кожнага з iх праводзiць наступныя мерапрыемствы: — рыхтаваць публiкацыi пра жыццё i дзейнасць славутай асобы ў гомельскiх i рэспублiканскiх газетах, Інтэрнэце — усталёўваць мемарыяльныя дошкі на дамах, у якiх яны жылi цi працавалi — праводзiць культурныя мера­прыемствы, прысвечаныя кожнаму чалавеку: мастацкія выставы, лiтаратурныя чытанні, канцэрты цi творчыя вечарыны — надаваць шырокае асвятленне гэтым мерапрыемствам у сродках масавай iнфармацыi. На правядзенне акцыi спатрэбяцца даволi сцiплыя для сучаснай Беларусi сродкi. I пры гэтым уявiце, якi станоўчы вынiк атрымаецца, калi на працягу года правесцi падобныя мера­прыемствы ў гонар нават 100 чалавек, а насамрэч iх яшчэ больш! У Гомелi штотыднёва бу­дзе праходзiць па некалькi культурных мерапрыемстваў! А можна зрабiць i так, каб яны праводзiлiся штодзённа! Бо менавiта так робiцца ў гарадах, якiя атрымлiваюць статус еўрапейскай культурнай сталiцы. Гамяльчане даведаюцца пра знакамiтых дзеячаў мiнулага, стануць больш паважаць уласны горад i краiну. Павысiцца цiкаўнасць да сучаснай культуры. Людзi атрымаюць усведамленне аб тым, што такое сапраўдныя культурныя каштоўнасцi. Перастануць з’яўляцца сарамлiвыя навiны накшталт такой, што ў гомельскай Галерэi Г. Х. Вашчанкi выставу з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея з паўмiльённага горада наведала ўсяго 53 чалавекі, а выставу аматарскiх карцiн зняволеных — амаль у 20 (!) разоў больш. Зразумела, што станоўчыя вынiкi прапануемай акцыi застануцца на шмат гадоў у будучынi. Калi па ўсiм горадзе будуць сустракацца мемарыяльныя дошкi пра славутых гамяльчан, то гэта сфармiруе ў турыстаў выдатнае ўяўленне пра Гомельшчыну i Беларусь. Напэўна, Гомель апынецца першым беларускiм горадам, дзе будзе праведзена такая маштабная акцыя па ўшанаваннi памяцi культурных дзеячаў. У iншых гарадах краiны таксама змогуць пераняць гомельскi вопыт i працягнуць эстафету памяцi. 2. Мемарыяльны пакой у Гомельскiм палацава-паркавым ансамблi У Гомельскiм палацава-паркавым ансамблi вырашылi стварыць мемарыяльны пакой пра гомельскага мастака. Выдатная iдэя! Наведвальнiкi музея знаёмiлiся б з гомельскай мастацкай школай, якая мае шэраг яскравых прадстаўнiкоў, пераемнасць i традыцыi... На жаль, узнiкла маленькая недарэчнасць. Згодна з прапановай нейкага сталiчнага лiтаратара ў якасцi найбольш дастойнага кандыдата прадстаўляць Гомельшчыну быў абраны малавядомы замежны мастак Кікоін, якi мае дачыненне да Гомеля толькi ў тым, што, магчыма, нарадзiўся дзесьцi непадалёк. Прапанаваны кандыдат у зусiм юным узросце эмiгрыраваў з Расiйскай iмперыi, атрымаў замежнае грамадзянства, не лiчыў сябе беларусам, нiколi не прыязджаў у Беларусь i, зразумела, нi разу не выстаўляўся ў краiне. Ён не мае нiякага дачынення да беларускай i тым больш гомельскай культуры, нiчога не зрабiў для гiсторыi Беларусi i Гомельшчыны. Ён нават малавядомы ў сваёй краiне. Зразумела, што ён нiяк не можа лiчыцца вiзiтнай карткай Гомеля. Уявiце, што падумаюць пра Беларусь i Гомель замежныя турысты, удзельнiкi афiцыйных дэлегацый падчас наведвання музея, калi недарэчную iдэю раптам рэалiзуюць. “У галоўным музеi вобласцi ёсць мемарыяльны пакой толькi аб малавядомым iншаземцы. Раз яны палiчылi яго найбольш дайстойным дзеячам культуры, то складваецца ўражанне, што ў горадзе няма ўласных мастакоў, пiсьменнiкаў, паэтаў, музыкантаў, артыстаў...” Дарэчы, стэрэатып, што ў Гомелi няма дастойных мастакоў, сапраўды iснуе. Сапраўдныя гомельскiя мастакi шчыра i плённа займалiся творчасцю, развiвалi нацыянальную культуру, працавалi на карысць Беларусi. Зразумела, што менавiта яны заслугоўваюць мемарыяльнага пакою ў Гомельскiм палацава-паркавым ансамблi. Справядлiва было б прысвяцiць яго тром найбольш выдатным i паважаным гомельскiм мастакам мiнулага стагоддзя. Гэта Барыс Фёдаравiч Звiнагродскi, Вiталь Фёдаравiч Казачэнка, Акiм Мiхайлавiч Шаўчэнка. Яны праслаўлялi на сваiх палотнах Гомель, пры­свяцiлi яму жыццё. Акрамя творчасцi займалiся асветнiцкай i грамадскай працай, стаялi ля вытокаў стварэння абласной арганiзацыi Беларускага саюза мастакоў. Шмат намаганняў надавалi выкладчыцкай дзейнасцi. Сярод iх вучняў — шмат хто з выдатных сучасных майстроў. Яны дастойныя таго, каб прадстаўляць гомельскае мастацтва. У музейных фондах, напэўна ж, захоўваюцца iх карцiны, таму стварыць мемарыяльны пакой нескладана. Краявiды гэтых мастакоў — свое­асаблiвы летапiс гiсторыi. На iх палотнах зафiксаваны этапы развiцця i будаўнiцтва Гомеля. Вось некаторыя назвы: “На суперфасфатным”, “Новабудоўлi горада”, “Порт запрацаваў”, “Прычал на рацэ Сож”... Таму мемарыяльны пакой у гонар мастакоў будзе i экспазiцыяй, прысвечанай Гомелю. Галоўная роля сталiцы ў тым, каб рухацца наперад, задаваць накiрункi на перспектыву. Калi прапанаваная iнiцыятыва будзе рэалiзавана, то спачатку ў Гомелi, а потым i ва ўсёй краiне стаўленне да культурнай спадчыны i нацыянальнай культуры ўвогуле дасягне прынцыпова новага ўзроўню. I сам Гомель змястоўна падцвердзiць статус культурнай сталiцы Беларусi. З павагай,  Блогер БЕЛАРУС heritagegm.livejournal.com
Культура
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg