Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Супрацоўнікі абласнога цэнтра народнай творчасці ажыццявілі маніторынг абраду «Чырачка»

4600 0 00:25 / 25.03.2021
З непаўторным мясцовым каларытам у апошні дзень Масленічнага тыдня жыхары аграгарадка Тонеж Лельчыцкага раёна развіталіся з зімою і загукалі вясну. 

IMG_20210314_131404.jpg
Развітанне з зімой

Традыцыйная культура аграгарадка здаўна прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Ужо ў пачатку 1930-х гадоў Палеская комплексная экспедыцыя Акадэміі навук СССР і БССР прызнала вёску самай песеннай на Палессі. Выдадзеная ў 1971 годзе навуковая мана­графія «Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж» Зінаіды Мажэйка стала вынікам шматгадовай працы ў Тонежы вядомага беларусазнаўца, этнамузыколага і аўдыявізуальнага антраполага. Абрад гукання вясны «Чырачка» з 2016 года знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сёлета абавязковы маніторынг абраду здзейснілі супрацоўнікі абласнога цэнтра народнай творчасці. Як і заўсёды «Чырачку» з дапамогай мясцовых жыхароў правялі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка»: загадчыца Дома культуры і кіраўнік калектыву Тамара Прыбалавец, акампаніятар Таццяна Шакун, культ­арганізатар Галіна Ліпская, адна са старэйшых удзельніц Валянціна Чарнушэвіч, Валянціна Атаманчук, Марыя Карась, Святлана Акуліч, Анастасія Дарашэвіч, Галіна Маліноўская, Марыя Рагавая, Таццяна Атаманчук, Надзея Дрынеўская, Надзея Пержаніца. Дапамагалі ім дзеці і моладзь з калектыву «Верас» Тонежскага сельскага дома культуры. На свяце таксама былі госці з Мінска, школьнікі з раённага цэнтра і вёскі Іванава Слабада.

У гэтых мясцінах лі­чаць, што вясну прыносяць на сваіх крылах птушкі, таму яны – адна з цэнтральных тэм свята ў Тонежы. «Чырачка», ці «Чырка», – гэта чырок, невялічкая вадаплаўная птушка. А «чыркаваць» па-мясцоваму азначае «гукаць вясну». У тэкстах песень, якія суправа­джаюць абрадавыя карагоды і гульні, згадваюцца таксама зязюля, цяцера і перапёлка. У сюжэтах карагодных песень апісанне птушак непарыўна пераплецена з жыццём людзей: тут і перадшлюбныя стасункі дзяўчат і хлопцаў, і нялёгкая доля замужняй жанчыны, і, канешне, чаканне надыходу вясны.

Адбываецца ж абрад наступным чынам. Раніцай святочнага дня старэйшыя жанчыны з дапамогай дзяўчат гатуюць традыцыйныя стравы і абавязкова асноўны сімвал свята – печыва ў форме птушак-«чырачак». Хлопцы высякаюць у лесе елачку, якую ставяць у гаршчок з жытам, дзяўчаты пад песню «Як мы ёлочку радзілі» ўпрыгожваюць яе самаробнымі папяровымі кветкамі. З замацаваных накрыж галінак ці тонкіх дошак робяць ляльку ў рост чалавека – «чучала зімы», якое апранаюць у старое жаночае адзенне, размалёўваюць твар. У гэты дзень абавязкова трэба ўмыцца талай вадой, каб быць здаровымі і прыгожымі.

IMG_20210314_124036.jpg
Традыцыйны абрадавы сімвал свята – печыва ў форме птушак-«чырачак» 

Удзельнікі свята бяруць упрыгожаную елачку, ляльку-«зіму», пачастункі і пад песні «Ой, гу, весна», «Раве бугай – у поле хочэ» і іншыя накіроўваюцца на Чарныцовы горы. Па дарозе дораць печыва-«чырачак» сустрэчным, запрашаюць усіх далучацца да шэсця. На гары моладзь просіць у старэйшых блаславення гукаць вясну, пасля чаго адбываюцца карагоды і гульні. Развітваюцца з зімой: ляльку спальваюць на вогнішчы. Пасля гэтага адзін з хлопчыкаў нясе ўпрыгожаную елачку да самага высокага дуба на гары і як мага вышэй замацоўвае. Кажуць, што сонца пабачыць зялёнае дрэўца з кветкамі, і хутчэй прыйдзе сапраўдная вясна. Каб быць здаровымі, качаюцца з гары. 

Завяршаецца святочная дзея агульным частаваннем. Жанчыны рассцілаюць на зям­лі абрусы і ставяць на іх традыцыйныя вясковыя стравы – яечню, бліны, сыр, масла, кашу, вараныя яйкі, печаныя качаны капусты, прыгатаваную на вогнішчы бульбу і, канешне, печыва – «чырачкі». 
Фото автора
Культура
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg