Пры абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі створана новае творчае фарміраванне – літаратурнае аб’яднанне «Слова».
Яно збірае пісьменнікаў, якія працуюць на прафесійнай аснове, аўтараў-пачаткоўцаў і аматараў мастацкай творчасці.
Праца будзе весціся ў трох накірунках. Гэта Школа міру, мужнасці і патрыятызму, а таксама два пастаянна дзеючыя семінары: паэзіі і перакладаў; прозы, драматургіі і публіцыстыкі.

Першы абласны семінар паэзіі і паэтычных перакладаў адбыўся на базе Славянскай бібліятэкі – філіяла абласной бібліятэкі. Старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – кіраўнік літаб’яднання «Слова» Уладзімір Гаўрыловіч назваў галоўную задачу – аналіз і стымуляванне патэнцыялу аўтараў Гомельшчыны, абмеркаванне іх творчых набыткаў. Асаблівая ўвага на першым часе будзе ўдзяляцца апублікаваным выданням, перадачы аўтарам інфармацыі па тэорыі літаратуры, сучасным падзеям літжыцця, а таксама падтрымцы аўтараў-пачаткоўцаў.
Празаікі абласнога аддзялення СПБ і актыў літаб’яднання «Слова» рыхтуюць на базе бібліятэкі імя У. І. Леніна першы семінар прозы, драматургіі і публіцыстыкі, які пройдзе ў канцы лютага. А наступны паэтычны адбудзецца ў сакавіку.