Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Работнік саўгаса-камбіната «Зара» захоўвае традыцыі Беларускага Палесся, вядзе незвычайны блог у інстаграме пра беларускую гісторыю і культуру, а нядаўна выдаў уласную кнігу фантастычных казак

2326 0 08:30 / 14.03.2024

Ігару Гайкевічу 26 гадоў. Яго творчы псеўданім Дзед Янкель адлюстроўвае незвычайны светапогляд сур’ёзнага маладога хлопца, які шчыра любіць сваю зямлю і шануе традыцыі землякоў.  

IMG_20240310_172105_480.jpg

Ігар Гайкевіч глядзіць на жыццё пазітыўна 

Уласны блог – выдатная магчымасць праявіць сябе

Маладога чалавека цікавяць  прырода і яе ахова, пытанні рацыянальнага выкарыстання гэтага багацця. Але асаблівае захапленне выклікае гісторыя, а таксама тэмы культуры, этнаграфіі і розных народных традыцый.

 – Я чалавек вясковы, таму яшчэ добра памятаю бабуль у святочных камізэльках і прыгожых традыцыйных строях, як летнімі вечарамі гучалі звонкія песні, што спявалі старэйшыя людзі, седзячы на лавах пад вялізным клёнам. На жаль, многіх з гэтых чароўных бабуль і вясёлых вясковых дзядуль ужо няма, але песні іх і дагэтуль жывуць у маіх успамінах, – дзеліцца сваімі эмоцыямі Ігар.

Сёння ён разам з каханай жонкай і маленькай дачкой таксама жыве ў сельскай мясцовасці – ва ўтульным аграгарадку Махнавічы. Адзначае, што жыццё ў вялікім доме дае кожнаму многа вольнага месца, што часам неабходна для творчага працэсу.

Ідэя стварыць блог нарадзілася ў Ігара гады тры назад. Малады чалавек пачынаў гэтую працу разам з братам, які і зараз са сваёй дзяўчынай вельмі дапамагае. Кожны дзень з’яўляліся новыя падпісчыкі: цяпер іх каля 20 тысяч. Гэта людзі розных узростаў і прафесій. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца допісы на тэмы гаворак Беларусі, пісьменнікаў, мастакоў і розных дзеячаў культуры. Такія тэксты заўсёды выклікалi мноства шчырых каментарыяў.

– Людзям прыемна знаходзіць любыя сэрцу словы. Нават калі чалавек пакідае родныя мясціны, ён ніколі не забудзе лагодную і цёплую матчыну мову, прыгожыя спевы бабулі, строгія загады бацькі. Кожнае слова на ўсё жыццё застаецца ў памяці як культурны код, які не выпаліць ніякае гора. Нашым людзям блізкія тэмы культуры і мастацтва, гэта дае падставу лічыць нас адукаванай і культурнай нацыяй. Папулярнасць блога – прамое сведчанне глыбокай любові і павагі беларусаў да сваёй краіны, – разважае творчы жыхар Махнавічаў.

1709201762888.jpg

У кнізе шмат ілюстрацый, якія аўтар намаляваў сам

 Якасная літаратура натхняе

Ігар з задавальненнем чытае кнігі беларускіх аўтараў. З самага дзяцінства яго захаплялi такія творы, як «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, «Літоўскі хутарок» Максіма Гарэцкага, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, вершы Максіма Багдановіча. У бліжэйшы час плануе перачытаць душакранальную трылогію Івана Мележа «Палеская хроніка».

Якасная літаратура, цікавая праца над блогам, а таксама жывы водгук натхнілі маладога чалавека напісаць кнігу «Дзедавы казкі», якая выдадзена пад псеўданімам Дзед Янкель. У кнізе аўтар змясціў мноства чароўных, а часам фантастычных казак, якія калісьці чуў ад сваіх родзічаў, знаёмых ці проста выпадковых людзей. Да кожнай казкі намаляваў тэматычны малюнак, таму чытаць кнігу лёгка і прыемна.

– Вядзенне блога і напісанне кнігі ўспрымаю як важную прыступку ў асабістым развіцці. Мне даводзіцца многа чытаць, размаўляць з цікавымі людзьмі і развіваць сябе як асобу. Асноўная праца – гэта важная частка майго жыцця, але чалавека вызначае не столькі праца, а хутчэй тое, як ён праводзіць свой вольны час. Калі б не блог і сям’я, то нават баюся ўявіць, чым бы займаўся пасля працоўнага дня: не застаецца часу на ўсялякія глупствы і дрэнныя звычкі, – шчыра адзначае малады пісьменнік.

Дарэчы, амаль заўсёды ён размаўляе на беларускай мове, што выклікае цёплую ўсмешку ў суразмоўцаў, дае пэўны зарад пазітыўнай энергіі. Ігар падкрэслівае, што беларуская мова апошнім часам выклікае вялікую зацікаўленасць сярод моладзі.

Сям’я Гайкевічаў марыць аб падарожжах па Беларусі. На жаль, сёння вандраваць па краіне не атрымліваецца: спыняе ўзрост дачкі і графік працы.

– Чакаем з жонкай, пакуль падрасце наша Еўка, бо не хочацца мучыць яе падарожжамі, а пасля абавязкова пакажам ёй нашу прыгожую Беларусь, – рэзюмуе Iгар. 

Малады бацька марыць захапіць сваю дачку беларускай культурай, навучыць яе шанаваць і берагчы народныя традыцыі, ганарыцца роднай мовай. Ён упэўнены, што ўсё задуманае абавязкова спраўдзіцца, бо калі ў сэрцы ёсць жаданне дарыць дабро людзям, iнакш быць не можа.


Фото из архива Игоря Гайкевича
Культура


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать