Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


«Лунаю ў міжзор’і я духам крылатым...»: новы твор Міколы Мятліцкага надрукаываны на старонках “Гомельскай праўды”

1377 0 13:49 / 20.03.2024
20 сакавіка нашаму земляку, вядомаму беларус­каму паэту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Міколу Мятліцкаму споўнілася б 70 гадоў. Да апошніх дзён свайго жыцця Мікалай Міхайлавіч, ураджэнец вёскі Бабчын Хойніцкага раёна, падтрымліваў сувязі з «Гомельскай праўдай», дасылаў у рэдакцыю падборкі сваіх новых твораў. Днямі жонка паэта Ірэна Браніславаўна даслала нам з сямейнага архіва творы, напісаныя ў 2021 годзе, якія нідзе не друкаваліся, з пажаданнем, каб яны ўпершыню пабачылі свет на старонках любімай паэтам «Гомельскай праўды».

изображение_viber_2024-03-18_12-45-02-071.jpg

Мікола МЯТЛІЦКІ


Я сэрцам прырос да белі бяроз,
Да самай таемнай белі.
Колькі маіх постчарнобыльскіх слёз
Упала, абмыўшы выгнанніцкі лёс,
Над гаем Вялікай Пелі!
Радзіму ўмыў я прагорклай слязой,
Сагрэў згарачэлым дыханнем.
Была яна ў памяці гойнай, жывой,
Нязрушнай, прасветлаю, векавой,
З адчайна жывучым трываннем.
І веру: аднойчы не я, а яна,
Пазбыўшы ўдушша атруты,
Святлістаю радасцю ўп’ецца спаўна
І зноў заспявае, як шчасця струна,
Мае памянуўшы пакуты.

* * *

Нам яшчэ доўга гадаць і гадаць,
Якой будучыня будзе выглядаць…
І пра мінулае думаць і думаць –
Меней з радасцю, болей з сумам.

* * *

Чалавечыя рукі
колькі працы перарабілі
І колькі на зямлі пераробяць яшчэ,
Ды апускаюцца заўсёды ў бяссіллі,
Калі ракой чалавечая кроў цячэ.

* * *

Гаршчок і пусты цешыцца ўголас,
Што без яго харчу не будзе.
Ды сціпла маўчыць
заўжды жытні колас,
З пашанаю кланяецца людзям.

* * *

Вясна агалошвае ўзлескі
спевам птушыным,
Квеценню бела-ружовай яблыні
аздабляе.
Паўсюд прыгажосць.
Ды гразкія каляіны
На дарозе жыцця падчас і яна пакідае.

* * *

Не адно жытняе поле
станавілася полем бою
І ў часе нядаўнім, і ўжо даўным-даўно.
І вось яны сёння ляжаць перад табою:
Кулікоўскае поле,
Буйніцкае поле і Барадзіно.

* * *

У халоднага сэрца спагады няма,
Там снягамі віхурыць астуда-зіма,
Там гняздуе век сцятая
прагнасцю млосць,
Там, як пара ў мароз,
гнеўна пыхкае злосць,
Там нянавісць палюе, як хіжы каршун,
Там адышка гняце, як цяжэрны валун,
Там ваўком прагне
лютасць любога парваць…
Ці магчыма яго чалавечым назваць?

* * *

Чаму на зямлі спрадвеку
Жорсткасць такой бывае,
Што чалавек чалавека
З лютасцю забівае?
Пачаўшы калісь з двубою,
Мы не прыйшлі да згоды.
Ваююць паміж сабою
Ужо не адзінкі – народы.
Ці спыніцца жорсткая сеча?
Дзе ён, жаданы век,
Калі схлынуць кроў і здзек
І гожа па-чалавечы
Жыць будзе сам чалавек!

* * *

За ўчынены генацыд
іск пададзены самы сур’ёзны,
На сэрцы народа майго
дасюль кмеціны ран.
На суд і вы рушыце, падняўшыся
з сіласнай ямы глыбознай,
Мятліцкія: Паўлік, Паліна,
Параска, Дзям’ян…
Культура
3_НПЗ.jpg

Белпродукт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
3_НПЗ.jpg