12 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння славатуга нашага земляка, народнага пісьменніка Беларусі, драматурга Андрэя Макаёнка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.
Ураджэнец Рагачоўшчыны, са шматдзетнай сям’і, ён з дзяцінства быў улюбёны ў кнігу, шмат чытаў, выдатна дэкламаваў гумарыстычныя вершы, актыўна ўдзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці. Пасля школы Макаёнак паступіў у ваеннае вучылішча, аднак хутка вызначыўся, што гэта не яго прызванне. Працаваў масавіком у РДК, спрабаваў паступіць у інстытут кінематаграфіі, аднак праваліў іспыты. Неўзабаве пасля прызыву ў армію, пачалася Вялікая Айчынная, і Андрэй Макаёнак прайшоў з баямі па тэрыторыі Крыма. Пад Феадосіяй у 1942 годзе яго цяжка параніла, таму доўга быў у шпіталях, а пазней нашага земляка спісалі ў запас. Настаўнічаў у адной з вёсачак Грузіі, але вельмі хацеў як мага хутчэй вярнуцца на радзіму. Пасля вызвалення Рагачоўшчыны прыехаў дамоў. Аднаўляў жыццё на зруйнаванай фашыстамі тэрыторыі, працаваў сакратаром райкама камсамола, ваенруком у Журавіцкай школе. Давялося Андрэю Ягоравічу паспытаць сябе і ў якасці сакратара Гродзенскага гаркама ЛКСМБ, загадчыка парткабінета ў Магілёве. І ў гэты час ён стварае першую п’есу, аднаактоўку «Добра, што добра канчаецца».
У перыяд работы памочнікам сакратара у тагачасным Журавіцкім райкаме партыі Макаёнак пазнаёміўся з Іванам Шамякіным. Пасябравалі на ўсё жыццё, гэта быў узор сапраўдных стасункаў двух пісьменнікаў-землякоў.
Шырокую вядомасць Макаёнку прынесла камедыя «Выбачайце, калі ласка», пастаўленая на купалаўскай сцэне. Яна трывала ўпісалася і ў рэпертуар іншых тэатраў краіны. Адна за другой пішуцца новыя п’есы — «Каб людзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце». У 60-я Макаёнак узначаліў часопіс «Неман», у 1965-м быў на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Росквіт творчасці драматурга прыпаў на 70-я гады мінулага стагоддзя. У 200 тэатрах СССР і за яго межамі ішлі спектаклі нашага земляка. Згадаем іх: «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Верачка», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна».
16 лістапада 1982 года Андрэй Макаёнак памёр у росквіце творчых сіл, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У 1986 годзе ў Журавічах адкрыты літаратурны музей пісьменніка, у 2000 годзе — бюст знакамітаму драматургу.
Зараз землякі пісьменніка рыхтуюцца да Дзён беларускага пісьменства, якія пройдуць у верасні 2016 года на Рагачоўшчыне. Безумоўна, у праграме свята будуць і мерапрыемствы па ўганараванні памяці народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка.
11 лістапада ў абласной універсальнай бібліятэцы адбудзецца літаратурны вечар «Каб людзі не журыліся», прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння А. Я. Макаёнка. У ім возьмуць удзел пісьменнікі, навукоўцы, акцёры. Урыўкі з «Лявоніхі на арбіце» прадставіць народны аматарскі тэатр «Грачи» абласной універсальнай бібліятэкі, музычныя нумары падораць навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Н. Сакалоўскага. Пачатак вечара ў 14.00.