Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх


“Фарбы зямлі і неба”

1530 0 23:17 / 24.01.2008
Так называецца экспазіцыя твораў заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалая Казакевіча, якая адкрылася ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.
Мікалай Казакевіч — адзін з заснавальнікаў гомельскай школы жывапісу, якая вызначаецца светлым, радасным адчуваннем жыцця, яркасцю фарбаў. Яна (цяпер гэта ўсё больш відавочна) стала пераемніцай лепшых традыцый імпрэсіянізму. У канцы
19-га і пачатку 20-га стагоддзяў менавіта гэты напрамак жывапісу даў такіх сусветна вядомых
мастакоў, як Клод і Эдуард Манэ, Рэнуар, Дэга, Пісаро. У іх карцінах галоўным было першае ўражанне, нібыта выпадкова спыненае позіркам. У Мікалая Канстанцінавіча тая ж жыццярадаснасць, захопленасць пачуццяў. А таксама рухомасць сонечнага святла, узаемапранікнёнасць фарбаў. На яго палотнах прастора таксама раствараецца ў зіхоткай прасветленасці паветра.
Менавіта так глядзіцца, у прыватнасці, адзін з лепшых у экспазіцыі твораў — “Туманы Палесся”. Гэта вельмі жывое ўвасабленне летняй раніцы, ахопленай воблачным мроівам, у якім знікаюць, нібы патанаючы на нашых вачах, хісткія дрэвы, купкі парыжэлых кустоў, сілуэтна вызначаныя коні...
Адзіная паэтычная стылістыка, празрыстая яснасць, натуральнасць, поўная адмова ад дробнага апісальніцтва, якое справядліва лічаць ілюстратыўным, — вось што вызначае М. К. Казакевіча. Жывапісная стыхія, лёгкі, рухавы мазок, яркае спалучэнне святла і колеру. Светлагорская экспазіцыя пераліваецца ўсімі колерамі паветра, вады, зямлі. Яна пульсуе, свеціцца, надае прастору, перад якой вольна і душы, і позірку. З пачуццём удзячнасці мастаку ўглядаемся ў яго “Восень”, “Першы снег”, “Восеньскія карункі”, “Вечар на Прыпяці”... Зрэшты, трэба пералічваць ці не ўсе 32 пейзажныя творы.
Неяк крыху тэматычна адасоблена ад іншых трымаецца карціна “У тыле ворага”: партызаны ў патаемным паўзмроку рамантуюць зброю, каб праз некалькі хвілін уступіць у бой з ворагам. Ёсць нешта і аўтабіяграфічнае у гэтым таксама пранікнёным творы. Вайна адняла ў Мікалая Канстанцінавіча бацьку і маці. Засталося шасцёра дзяцей, якія шукалі паратунку ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны іх чакаў дзіцячы дом. І было яскравае ўсведамленне таленту, дзякуючы якому Казакевіч стаў адным з лепшых жывапісцаў Беларусі.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, дырэктар
Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя”
імя Германа Пранішнікава
Культура
Горин_сайт.jpg

изображение_2024-10-01_152202589.png
Мозырь.jpg

гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg