Гісторыя знакамітай вёскі
Як зазначае ў сваім даследаванні настаўнік гісторыі Глыбоцкай базавай школы — садка Аляксандр Смолікаў, селішча адносіцца да найбольш старажытных на Гомельшчыне. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, хаця па паданнях старажылаў людзі тут жылі ў XIII стагоддзі. Вёска ўзнікла на пясчаным узвышшы, між топкіх балотаў, удалечыні ад пратаптаных дарог, на беразе глыбокага возера. Першапачаткова яна насіла найменне Глубоцкае.
У 1788 годзе вёска ўваходзіла ў Беліцкі павет, была ўласнасцю Мікалая Румянцава-Задунайскага. 265 сялян пражывалі тут у 1833-м, вёска была ў Мікалаеўскай эканоміі Гомельскага маёнтка. Праз год Глыбоцкае стала ўласнасцю Івана Паскевіча. З 1852 года — у Гомельскім павеце.
Праваслаўная царква Ражства Багародзіцы пабудавана тут у 1849 годзе. Народнае вучылішча адкрыта ў 1856-м. У 1886 годзе было 207 двароў, 1460 жыхароў, у 1909-м ужо 284 двары і 1956 жыхароў, а вясковае сельскагаспадарчае таварыства мела 2923 дзесяціны зямлі. У той жа год адчынена аднакласная царкоўнапрыходская школа.
Калі ў 1886-м у вёсцы былі тры ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, жыхары займаліся шавецкай, сталярскай, бандарскай справай, то ў канцы 1926 года Глыбоцкае стала цэнтрам сельсавета Насовіцкага, а з 4 жніўня 1927-га — Церахоўскага раёнаў. Тут ужо было 356 двароў, стварылі калгас «Пяскі»: працавалі торфазавод, дзве конныя крупадзёркі, два ветраныя млыны...
Глыбоцкае ў гэтыя вераснёўскія дні радуе пярэстымі кветнікамі астраў, вяргіняў. На кожнай вуліцы адчуваеш клопат людзей пра свае падворкі. Завітала я найперш у старэйшую хату вёскі — 100-гадовы дом сям’і Каваленка-Літвінавых. Гаспадыня Любоў Мікалаеўна 23 кастрычніка адзначыць уласнае 80-годдзе. І ў бацькоўскай хаце, якая перажыла такія віхуры гісторыі! «Зроблена яна са смалянога лесу, чыстага, вечнага», — падзялілася ветэран працы.
Яе бацька Мікалай Каваленка быў знакамітым у ваколіцах пчаляром, ён удзельнік першай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. Калі ў край прыйшла Вялікая Айчынная, вывез калгасную пасеку ў лес пад Лавынню. У 1943-м пчаляра прызвалі на фронт. Загінуў на тэрыторыі Польшчы. Паспеў яшчэ даслаць ліст развітальны, напісаны хімічным алоўкам, з запаветам радні і суседзям дапамагчы выгадаваць сына. Мог бы ганарыцца салдат — яго Віталь палітработнік, палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Гомелі. Яшчэ хлапчуком падоўжыў пчалярскую славу бацькі: і сам развіваў пасеку, і землякоў навучыў.
Згадваючы сваё дзяцінства, распавядаючы пра брата і сясцёр, цётка Люба шчыра плакала.
Маці-гераіня Алена Каваленка
Пасведчанне пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва, атрыманае Міхаілам Літвінавым на Украіне ў 1961 годзе
Узнагароды Міхаіла Літвінава
Споведзь пра маці
— У перыяд акупацыі тут двары праз два была так званая пажарная: стаяў хлеў, былі коні, бочкі з вадою. Дзяжурства нёс стары, які пільна выконваў свае абавязкі. Чалавек быў у такім узросце, калі ўсё роўна, хто прыйшоў — свае ці чужынцы. Ён і далажыў, што ў нашу хату наведваліся партызаны. Маму схапілі, павезлі на расстрэл. Каля штаба (ён размяшчаўся ў хаце дзеда Юркі) машына спынілася, і паліцай з мясцовых скамандаваў: «Бяжыце, цётка Алена!» Мама кінулася праз агароды і на Дабранку. У Бобаве сядзела ў кустах дні тры. Прыйшла пад вокны хаты ўжо не маючы надзеі, што мы ацалелі. Зазірнула ў вакно, пабачыла спячых нас і, радасная, пайшла капаць бульбу. Памыла яе, стала чысціць. А тут немцы ідуць у двор разам са старастам Цімашэнкам. Маму нашу прывязалі да стульчыка і з усёй сілы білі плёткамі, палец на назе адсеклі. Кінулі паміраць акрываўленую, а мы так крыкам зайшліся, што суседзі ўсе збегліся і вадою яе адлівалі.
Калі фронт ішоў з украінскай Ільмоўкі, маму забралі ў палявы шпіталь. На просцінах падвешвалі, каб латаць: з ніжняй часткі цела скуру бралі на грудзі. Матуля ўся паласатая была, чырвона-фіялетавая. На сэрца хварэла, але пражыла лічы да 80 гадоў пасля такога гора. А як працавала, каб вывучыць дзяцей! Пасеку трымала. Брала дзве пайкі лёну — цэлы гектар. Яна рве, а мы за ёй наўколенцах траву рвем, цягаем на сена для каровы, за чатыры кіламетры.
Шчыруюць гаспадары Барысенкі Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы
Раіса Мікалаенка — чытальнік і спявачка ў царкве. Яна ўсіх страчае ў Глыбоцкім і праводзіць...
Цудадзейная ікона Знамення Прасвятой Багародзіцы
Вышываныя карціны Лідзіі Барысенкі
На вуліцы Новай
Любоў
Цётка Люба як бы дакарае сябе, што з чацвярых дзяцей адна без вышэйшай адукацыі. А я хачу зазначыць, што яе жыццёвая навука каштуе іншых універсітэтаў. Вельмі багатая яе мова, яна цудоўны суразмоўца. Ды і столькі пакут вынесшы, застаецца чуйнай да людзей. Столькі любові месціцца ў яе сэрцы да роднага Глыбоцкага краю!
— Першы муж мой — Юрый Пожар — адэсіт быў. Прыгожа, хораша спяваў. Дзеля яго я вучобу кінула, толькі-толькі паступіўшы ў кааператыўны тэхнікум. Пасля яго смерці прыйшоў да мяне ў прымы ўдзельнік вайны Міхаіл Літвінаў, 38 гадоў разам, па-чалавечы пражылі. Я за яго больш як на 12 гадоў маладзейшая. Ордэн Леніна ён заслужыў, ды і ваенныя ўзнагароды ёсць.
Дзеці мае ад першага шлюбу жывуць на Украіне: сын на Чарнігаўшчыне, а дачка ў Роўна. Вельмі зараз насядаюць, каб мы з дзедам пераязджалі за мяжу, маўляў, усе будзем разам. Колісь і мы працавалі на Чарнігаўшчыне на торфапрадпрыемстве. Ды як жа мы кінем сваю зямельку? У дзеда сын тут пахаваны. Нявестка цудоўная, нас даглядае, дапамагае ва ўсім.
У Глыбоцкім ёсць помнік археалогіі, вядомы з 1873 года, — гарадзішча. Даследчык Еўдакім Раманаў колісь паведамляў: сяляне знайшлі скарб арабскіх дырхемаў дынастыі Саманідаў (895 — 910).
Гарбузовыя горкі каля падворкаў Дырэктар Глыбоцкай базавай школы-дзіцячага садка Уладзімір Пашчанка
Начальнік аддзялення паштовай сувязі ў Глыбоцкім Наталля Міхальчанка клапоціцца пра ўсіх вяскоўцаў
Міру і згоды
149 землякоў-глыбачан загінулі ў Вялікую Айчынную. У 1985 годзе ў вёсцы ўстаноўлена мармуровая пліта з імёнамі загінуўшых. Ёсць і брацкая магіла: 25 воінаў, якія памерлі ад ран у шпіталі ў верасні 1943-га. У 1953 годзе пастаўлены абеліск, рэканструяваны ў 1985-м.
Свята захоўваюць у вёсцы яе гістарычную памяць, шануюць яе святыні, прынамсі, праваслаўную царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы, у якой змешчана ікона Знамення Прасвятой Багародзіцы. 21 верасня тут будуць святкаваць храмавае свята.
Вернікі сказалі шмат шчырых слоў пра святара айца Паўла Харламава, які ўласнаручна аднаўляе храм, што неаднойчы ўратоўваў вёску ад бяды.
Удзячны сяляне Глыбоцкага, ветэраны працы і кіраўніку сельгаспрадпрыемства «Знамя Родины» Рубану. Зямля належна апрацоўваецца, аддзячвае добрымі ўраджаямі. Кожны лапічак засеяны! І кожны мае сваю назву: Побал, Лявонаў Лог, Лубянка, Струпаў, Мошкі...
Парадавала мяне і школа-дзевяцігодка. Навучанне вядзецца тут па-беларуску. Па-сапраўднаму шчыруюць настаўніца роднай мовы Людміла Фралова, гісторык Аляксандр Смолікаў, намеснік дырэктара Людміла Кавалёва і іншыя педагогі. 35 гадоў кіруе калектывам Уладзімір Пашчанка. «Калі школа зачынена — стаў крыж на вёсцы», — лічыць дырэктар. І як з ім не пагадзіцца! Зараз у школе 24 вучні, у садку, які далучаны, — 11 дзетак. Іх выхоўваюць сапраўднымі патрыётамі свайго Глыбоцкага.
Скажу шчыра: сэрцам адчула прыцягальную моц гэтай вескі. А калі пабачыла, як горда лунае на яе ўскрайку дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, пажадала ў думках ўсім нам, яе грамадзянам, міру і згоды.