У прыгожай лясной старане гэтая вёска, вядомая яшчэ з XVIII стагоддзя як селішча ў Мінскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. З 1775 года яна была аддадзена абознаму літоўскаму М. С. Лапату, а пасля, з 1793 года — Пратасы ў складзе Расійскай імперыі. Уваходзіла вёска і ў казённы маёнтак Брожа, а на пачатку XX стагоддзя яна ўжо ў Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерніі...
Перад Вялікай Айчыннай вайной у Пратасах быў радзільны дом. І сёння гэта даволі населеная вёска, тут 170 жыхароў. Захаваны асяродак культуры — сельскі дом народнай творчасці, які ўзначальвае Святлана Катлярова, дбайная руплівіца. Яна кіруе аўтэнтычным фальклорным гуртом «Купалінка». У ім спяваюць песні сваіх бабуль і матуль ветэраны культуры, былыя працаўніцы сельскай гаспадаркі і гандлю. Кожная ўносіць не толькі свой голас у паліфанію «Купалінкі», але і часцінку сэрца, шчырасці, дабрыні. Таму і карыстаюцца папулярнасцю выступленні спявачак на самых розных урачыстасцях, фестывалях, конкурсах. І, безумоўна, на сваім акцябрскім — «Берагіні». У дзень нашага знаёмства з Пратасамі не было толькі Валянціны Вяршковай — зімуе ў Мазыры.
Іх спевы зачароўваюць, пранізваюць токам народнай паэзіі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і будзе жыць спаконвечна:
Касіў казак сена,
Як была пагода.
Плакала дзяўчына,
Як была малодай.
Плакала, плакала,
Шчэ й вечар марнела,
Наверна, дзяўчына
Вяночка жалела.
Слухаю спявачак і адчуваю: менавіта яны з ліку сапраўдных берагінь Акцябрскага краю, як і многія іншыя самабытныя таленты гэтай зямлі. Уражвае, як узаемапраніклі ў тэксты словы рускай мовы. І не дзіўна: край шматнацыянальны.
Ой, з-пад дуба, з-пад бярозы
Вада працякае,
Ой, нельга тую ваду піці,
Вада ключавая.
Нельга мужу жану біці,
Жана маладая.
Трэба жану навучаці
Да ўсякай работы,
Шыць і праці,
Кросны ткаці,
Пасцель белу слаці...
Згадзіцеся, неацэнныя маральныя асновы надаюць сучаснасць гэтай песні. Ці ж гэта мужык, што на жонку руку падымае, маладую ці старую? А што прасці, ткаць, — дык сёння гэтыя рамёствы для многіх становяцца працай, якая дае прыбытак сям’і. І ў Акцябрскім краі гэта вельмі яскрава пацвярджаюць народныя майстры.
Вецер вее, ой, вецер вее,
Дай вецер павявае...
Маці ў дочкі
пра жызню пытае...
А пасля песень-роздумаў, бы віхор снежнай завеі, урываюцца прыпеўкі ў выкананні Тамары Богдан і пералівамі гармоніка Васіля Крука: «Галасочкам не хвалюся, які е, такім зальюся!»
Дарэчы, у асяродку культуры зберагаюцца не толькі фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, але і экспанаты, матэрыялы з гісторыі вёскі. Уяўляеце, тут яшчэ ў 1900 годзе ўзнікла пачатковая школа, вучыліся 29 дзетак, у асноўным хлопчыкі. У 1923 годзе чатыры класы школы тоўпіліся ў доме Акіма Вяжновіча, а праз тры гады — у Пятра Булавы, затым — Аляксея Голуба. У 1926 годзе Пратасы сталі цэнтрам сельсавета. Першым старшынёй быў Дзям’ян Крук (яго ў Вялікую Айчынную фашысты расстралялі ў Парычах).
У 1929 годзе на фундаменце старой школы пабудавалі новую, сямігодку. Кіраваў ёю Сямён Трафімовіч. Першы калгас тут арганізавалі ў 1930-м пад назвай «Бальшавік». Разжываўся ён з шасці коней, чатырох кароў і столькі ж валоў... Першы старшыня — Антон Вежнавец загінуў у Вялікую Айчынную. 23 жыхароў вёскі спасцігла расправа карнікаў: людзей спалілі ў доме Мяфодзія Голуба.
Царквы ў Пратасах не было, але тут заўсёды святкавалі храмавае свята — вясновага Міколу, 22 мая. Адметнымі стравамі лічыліся ў вёсцы халадзец з грыбоў і мачанка з льнянога семя.
У моўным ужытку вяскоўцаў былі адметныя слоўцы, іх нагадалі мне спявачкі «Купалінкі»: паронкі — бульба; лысікі — бульба ў мундзірах; пехаўе — драўляная частка віл, якімі карысталіся ў печы; сплендравалі — разграблі куры; смажонкі — круглякі смажанай бульбы.
З апошніх сведак
Жыхарка вёскі Пратасы Марыя Шумская (у дзявоцтве Саковіч) родам з вёскі Нівішча.
Калі цётка Марыя ўзняла на мяне вочы, яны ўсё сказалі за яе. Здавалася, поўняцца яны азёрамі слёз, якімі плакала ўсё сваё ваеннае дзяцінства.
— У красавіку 1942-га з’явіліся карнікі, — пачала жанчына сваю споведзь. — З сабою не далі нічога ўзяць, выгналі з хаты: «Збірайцеся, вас павязуць у смярцёльны лагер». На машыне ў Глускі раён Магілёўшчыны. Снег такі быў на вуліцы, а нас выгружаюць. Загналі сямей дзесяць у недабудаваную хату. Мы там зімавалі і летавалі. Есці нічога не было. Я стала «дабывакай»: хадзіла ў вёску Балашэвічы, прасіла хлеба. Мама за ноч звернецца ў Качай Балота (цяпер — Рассвет), каб што здабыць.
Тыф лютаваў, кароста, вошы. Немцы баяліся заразы і распусцілі нас вяртацца дамоў. Мы падаліся ў Качай Балота. Відаць, то ўжо сорак трэці год, бо пайшла погаласка: рускія каля Гарохавішчаў, тых мужыкоў, што не былі на фронце, сільна караць будуць. Тата з іншымі мужчынамі пайшоў да перадавой...
Назаўтра ж раніцай маёй 30-гадовай маме скамандаваў нелюдзь стараста Карп (меў клічку Лакіза), каб мы збіраліся ў смярцёльны лагер. Мама ўзяла трохгадовага браціка на рукі, я ўчапілася за яе спадніцу, і пайшлі. Чыталі загад пра адпраўку ў Германію. А хто ж аддасць сваю крывінку? Мне сем гадоў толькі. Мама ў шырокай, у заборы, доўгай спадніцы, прысела, прыкрыла мяне, а Ваську трымае. Падышлі немцы, кульнулі яе, схапілі мяне. Давезлі да Слабодкі. Праз некаторы час дазволілі маткам перадаць хоць што дзецям. Мама мая прынесла белае плаццечка, смяротнае, якое шылася мне, калі тыфам хварэла, і хлеба. Немцы сталі страляць, адганяць родных ад машын. Мамачка немым голасам крычала: «Донька, запомні адрас: «Палеская вобласць, Парыцкі раён, Качай Балота...»
У Парычах нас трымалі ў царковішчы: у адной палове іконы стаяць, у другой — мы, малыя, на саломе. Перавезлі ў Брожу, потым у Пухавічы. Там былі ў нейкім гумне. Збаўлялі нас ад каросты, вошай.
Прывезлі ў Германію ў рассыльны лагер. Горад... забыла назву. Там я летавала. Малая, худая, пасля тыфу жывоцік тырчыць. З дзяцей высмоктвалі кроў і, пазбаўленых сіл, кідалі ў печы крэматорыя.
Мяне, дахадзяку, перавялі ў другі лагер — «Бух», дзесь 12 кіламетраў ад Берліна. Ён быў абнесены трыма радамі калючага дроту. Баракі доўгія. Многа людзей сямейных. А нас, 12 дзяцей, звалі «беспрызорнымі». Трох’ярусныя нары. Мы спалі ўнізе. У саломе. Ні падушкі, ні адзіяла. 25 грамаў хлеба і баланды ў місачцы. У ёй часта плавалі белыя чэрві... А яны стаяць, рагочуць: «Русішэ швайнэ, русішэ кіндэр швайнэ».
Я б там канчаткова дайшла. Хадзіла зноў у «дабывакі» ў баракі дарослых. Самая меншая, плачу. Усе нявольнікі казалі: «Той малой хлеб перадайце». Выйду за дзверы, а большыя дзеці ў мяне адбяруць. І так зноў даводзілася ісці прасіць...
Але былі хлопец і дзяўчына са Смаленшчыны. Працавала пара ў лагернай бальніцы. Атрымлівалі маркі, пайкі. Яны пажаніліся ў няволі і дзіцятка нарадзілі. Упрасілі стаць нянькай іх малой Наташкі. Глядзела. Суслу з хлеба зраблю, у трапачку закручу. Ссе дзіця.
Бацькі вяртаюцца з работы, мне хлеба дадуць, няньцы ўжо 9-гадовай. А тут ужо бамбіць рускія сталі часта і густа. Я ў бомбасховішча з тым дзіцём. І думаю: калі бацькі не вернуцца, а мы ўцалеем, вазьму з сабою Наташку ў Беларусь. Аж увечары вяртаюцца. Неўзабаве і ўсіх нас вызвалілі і сказалі топаць сваім ходам да Беластока. Калона людзей працяглая рушыла ў няблізкі свет. Рассарціравалі, і на таварняку адкрытым да Брэста. Тут праходзіла фільтрацыю. А потым ад вясны да верасня ехала дамоў. Ці ж я дакладна ведала, куды, як? Еду, пакуль поезд ідзе. Людзі сыходзяць, і я. (Ведама, дзіця яшчэ сама.) І ў Гомелі была, і ў Мінску, і ў нейкіх Халодніках, і ў Калінкавічах. Ногі апухлі. Галодная. Галава стрыжаная, струпы вошай на галаве.
Неяк у Бабруйск дабілася, мо, з месяц жыла на вакзале. Пленныя немцы працавалі, цягалі калёсы, дык я падыйду і кажу ім: «Цягайце, цягайце!» Уночы ў вакзале пераначую, ізноў каманды немцам аддаю. А тут дзед, які на вадакачцы працаваў, падказаў: «Ідзі ў хатку ля ракі. Там баржа будзе, едзь на ёй да Парычаў. Адтуль дабярэшся ў сваё Качай Балота». Ды тая баржа нешта была няспраўная, доўга не прыходзіла. На прызбе хаткі правяла некалькі сутак.
Двое мужчын ішлі ў Парычы, мяне ўзялі з сабою. Дзе прайду, дзе паднясуць. Падказалі далейшы шлях. Жанчыны пачулі, што я вяртаюся з няволі. (У іх Данілоўцы шмат дзетак у Германію забралі.) У посцілку мяне, прынеслі ў сваю вёску. Ежы наставілі. Я крышку з’ем, жывот разрываецца ад болю. Яны зноў мяне ў посцілку — і ў Качай Балота. Маме наказалі маёй, што дзіця яе вярнулася. Яна бегла з Нівішча, дзе разам з іншымі жанчынамі арала, упрогшыся, зямельку. «Донечка!!!»
Тата ў сорак шостым вярнуўся, паранены. Расказваў, што ўсе канцлагеры з камандзірам праехаў, мяне шукаў. Тата з ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна»... Зрабіў курэнь у Нівішчах, потым там хатку пабудавалі. У 1951-м яшчэ брацік Валік нарадзіўся. А маму мы праз два гады страцілі — маланка забіла...
...З залы цётка Марыя, ветэран працы, вынесла стос уласных грамат, падзяк, дыпломаў, медалёў, што зарабіла, загадваючы дзесяцігоддзе ваенна-ўліковым сталом у сельсавеце, старанна працуючы ў Пратасах касірам-прыёмшчыкам комплекснага прыёмнага пункта камбіната бытавога абслугоўвання. З мужам Аркадзем Ксенафонтавічам выгадавалі двух сыноў і дачку. 52 гады пражылі ў згодзе і дабрыні. «Няма гаспадара даўно... Я пры сыночку жыву. Дзякуй Госпаду, што мяне, 82-гадовую, яшчэ трымае на гэтым свеце...»
Пасля невыносна цяжкіх успамінаў цётка Марыя смакавала хурму, і гэты фрукт здаваўся вельмі экзатычным на фоне перажытага ёю. Маршчыны на твары жанчыны ўявіліся мне адмецінамі дроту тых канцлагераў, якія яна прайшла...