Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Кантакузаўка. Вандроўка шэсцьдзясят чацвёртая

8079 0 16:33 / 22.04.2020
У кожнай беларускай вёсцы ёсць абеліскі  на пагосце...
4E6A9756.JPG
З апошніх сведкаў 
Усё бліжэй і бліжэй вялікае ўсенароднае свята – 75 гадоў Вялікай Перамогі. І ў рэдакцыйнай пошце ўсё больш лістоў-споведзей, замалёвак пра землякоў, што аддалі жыццё ў барацьбе з ворагам, самааддана працавалі, аднаўлялі разбураныя гарады і вёскі, прадпрыемствы і ўстановы.  



Пісьмо даслаў нам і 83-гадовы жыхар вёскі Кантакузаўка, ветэран-чыгуначнік Аляксандр Паўленка. Аляксандр Емяльянавіч падзяліўся: «У 1943 годзе з красавіка па жнівень у вёсцы дзейнічаў нямецкі лагер ваеннапалонных. Рэгулярна ў гэты перыяд вывозілі з лагера трупы на могілкі. Жыхары дакладна ведалі, што калёсы з трупамі спыняліся каля канавы, якая з’яўлялася мяжой могілак...» Аўтар ліста клапаціўся, каб гэтае месца не было забыта сучаснікамі, каб па мажлівасці тут правялі раскопкі, бо «канава перад могілкамі выкарыстоўвалася фашыстамі для ўтойвання сваіх злачынных дзеянняў». У размове па тэлефоне высветлілася: 
 
Емяльянавіч з тых апошніх сведкаў і ўжо не абыходзі­цца без павадыра, страціў зрок... 
 
І вось мы на месцы. Высвятляецца, што канава, пра якую ідзе гаворка, зараз ужо на вясковых могілках, бо яна ў межах агароджанай тэрыторыі. Абрысы яе прасочваюцца дакладна. На крыжы злева надпіс: «Крыж устаноўлены на лініі захаранення савецкіх салдат, паўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Емяльянавіч лічыць, што надпіс павінен сведчыць пра ваеннапалонных. Але для гэтага патрэбна пацвярджэнне яго інфармацыі, а праўду можа высветліць толькі спецыяльны пошукавы батальён. 
 
У гісторыі Кантакузаўкі ёсць і яшчэ трагічная старонка. Мы падышлі да сціплага помніка, на якім пазначана: «Тут пахаваны мірныя жыхары, якія загінулі ў жніўні 1941-га ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Чытаем прозвішчы. «Емяльян Пракопавіч Паўленка, 1899 года нараджэння...» 
 
– Гэта мой бацька, – прамовіў, каўтнуўшы камяк у горле, наш сведка Аляксандр Паўленка. – 30 жніўня 1941 года ў вёску зайшоў невялікі атрад чырвонаармейцаў. І трэба ж так: у гэты час з Рудні ў Каранёўку кіруюць калёсы, запрэжаныя коньмі, з трыма немцамі. Перастрэлка, двух фашыстаў забілі, а трэці збег. Нашы байцы забралі коней, зброю і рушылі з вёскі ў лес. На наступны дзень з Гомеля з’явіўся атрад карнікаў. З імі той фрыц, што здолеў збегчы. І ён указаў на хату настаўніка Макара Лазбекіна, каля якой стаялі чырвонаармейцы. Яго расстралялі на вуліцы. Маці выбегла ўслед, упала на грудзі сына ў рыданні. Яе застрэлілі таксама. Выгналі ўсіх людзей з хат і вельмі доўга, некалькі гадзін, трымалі. Жанчын прагналі туды, дзе цяпер вуліца Перамогі, а мужчыны былі на цяперашняй Савецкай. Бацьку майго разам з яшчэ трыма вяскоўцамі таксама вылучылі з натоўпу і забілі. Памятаю, як ён ляжаў у белай сарочцы, акрываўленай на грудзях. На ілбе таксама след кулі... Немцы не дазвалялі хаваць нашых ахвяр, а вось сваіх пахавалі, таму і затрымаліся ў Кантакузаўцы, пакуль статак не стаў вяртацца з пашы. Мне ў той час было пяць гадоў.
4E6A9590.JPG
Кошыкі ў вёсцы – рэч неабходная. Валерый Пасечнік рэкламуе свае вырабы
З гісторыі вёскі 
 
Кантакузаўка вядома з XIX стагоддзя. Тады ёй валодаў фельд­маршал граф Румянцаў-Задунайскі. З 1865 года гаспадаром тут князь Фёдар Паскевіч. Сваю назву, як мяркуюць старажылы, вёска атрымала ад рода Кантакузен-Спяранскіх, за прадстаўніка якога выйшла замуж, напэўна, пляменніца Паскевіча. 
 
З 1880-х гадоў тут быў хлебазапасны магазін, у 1909 годзе з’явіўся млын. Аддзяленне сувязі, школа адкрыты ў 1926-м. Праз год вёска стала цэнтрам Кантакузаўскага сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акругі. Калгас «Чырвоны пуцілавец» арганізаваны ў 1930-м. У верасні 1943 года карнікі спалілі 98 двароў і забілі 6 жыхароў. У баях за Кантакузаўку загінулі чатыры салдаты. 34 жыхары аддалі жыццё на франтах Вялікай Айчыннай. У 1959 годзе гэтыя землі ў складзе эксперыментальнай базы «Гомельская» з цэнтрам у вёсцы Клімаўка. Старажылы сцвяр­джаюць, што храмавым святам вёскі было Міхайла. Адметна, што на Радаўніцу тут цукеркамі частавалі дзяцей, якія прыходзілі разам з дарослымі на могілкі. А на Ушэсце яшчэ і ў 70-я гады мінулага стагоддзя бытавала «Пахаванне стралы»: жанчыны ішлі шарэнгамі і спявалі, на полі закопвалі ляльку. 
 
Зараз Кантакузаўка ў скла­дзе Зябраўскага сельсавета. Тут жывуць 67 вяскоўцаў, сярод якіх толькі пяцёра дзяцей да 15-гадовага ўзросту.

4E6A9495.JPG
Аляксандр Паўленка: «Тут ляжаць ваеннапалонныя»
З рабочых – у сяляне 
 
– Блізасць да Зябраўкі ў свой час сыграла сваю ролю, – падзяліўся з намі Валерый Пасечнік, ветэран працы, які колісь працаваў на Гомельскім радыёзаводзе, а таксама на станкабудаўнічым. – Вось і мой бацька, ураджэнец чарнігаўскай вёскі, у пасляваенны час тут служыў аж сем гадоў і жаніўся на мясцовай дзяўчыне Кацярыне Дзмітрыеўне Сот­нікавай. І колькі такіх хлопцаў з розных куткоў Савецкага Саюза асела і дало свае прозвішчы нашчадкам! 
 
Ад суразмоўцы даведаліся: калі маці злягла, пераехаў з Гомеля даглядаць яе. Пяць гадоў выконваў сыноўні доўг. Так і застаўся адзін тут у яе хаце. Без справы стараецца не сядзець: то кошыкі пляце, то венікі вяжа. І агарод, вядома ж, садзіць. Курэй, трусоў росціць: як без жыўнасці ў вёсцы? Ад Валерыя Мікалаевіча пачулі, што тэрыторыя цяперашняй Кантакузаўкі даўней насіла назву... Каранёўка. Найбольш распаўсюджаныя прозвішчы тут яшчэ і Паўленка, Салодкія, Краўцовы. 

З гараджан – у вяскоўцы 
 
А яшчэ мы даведаліся, што ў вёсцы зараз жыве таленавітая вышывальшчыца, ветэран працы Наталля Нішчаглодава. Карані яе на Валагодчыне. У свой час жанчына працавала ў Гомельскім гарвыканкаме. У 2007 годзе сям’я прыдбала тут дом і жыве на прыволлі. Апрацоўваюць зямлю, вырошчваюць памідоры, кветкі. На заслужаным адпачынку Наталля Мікалаеўна вышывае крыжыкам партрэты знакамітых жанчын. Зараз рыхтуе ўжо дзясятую значную карціну. На жаль, цяперашнія абставіны не дазволілі нам завітаць у гэты дом: прыехалі ўнукі, а малодшаму Феліксу толькі тры гадочкі. 
 
– Мае карціны адметныя тым, што я сама раблю на камп’ютары схемы будучых партрэтаў, потым раздрукоўваю і па іх вышываю, – сказала нам майстрыха па тэлефоне. 
 
«Гомельская праўда» мне вельмі памятаецца 
 
Надзея Суворава адпрацавала сарціроўшчыцай на пошце ў Гомелі на вакзале аж 30 гадоў. Жанчына падзялілася, што няпростай была работа: да 400 толькі ўпаковак газетных, у асноўным «Гомельскай праўды», у змену даводзілася апрацоўваць. «Рукі вельмі баляць, багата імі перацягнута было», – падзялілася гаспадыня добра дагледжанага дома. 

Мы падышлі да Надзеі Пятроўны, каб пачуць яе згадку пра бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай, былога танкіста Пятра Міхайлавіча Федарцова, які, безумоўна, увайшоў у гісторыю Кантакузаўкі як воін, што вярнуўся сюды з Перамогай. У пасляваенны час працаваў пажарным. 
 
– Бацька мой казаў: расказваць не ўмею казкі – іх у кнігах чытайце. Вайна – не казкі, – стрымана прамовіла жанчына. – Я ўсе бацькавы дакументы аддала сыну і ўнукам, нічога няма ўжо ў мяне. Толькі памяць... Прызвалі тату яшчэ восенню 1940-га, прайшоў усю вайну. Танкістам быў, пад Сталінградам. Ведаю, што пазней пад эстонскім Тарту цяжка паранены, два ці тры месяцы нічога не бачыў. Двойчы за вайну гарэў у танку. Нават пахавальную атрымлівалі родныя на нашага Пятра Міхайлавіча. Прапаў без вестак бацькаў родны брат Іван, пра гэта сведчыць кніга «Памяць». 
 
Што ж, лёсы такіх герояў, як Федарцоў, і многія іншыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай і сёння надаюць нам, нашчадкам, сіл, каб вытрымаць чарговага ворага, хоць і нябачнага, – каронавірус. Няхай як мага менш людзей зачэпіць ён!






























Фото Алега БЕЛАВУСАВА
Нашай долі адгалоскі
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg