Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Харошаўка. Вандроўка шэсцьдзясят пятая

9279 0 01:00 / 30.05.2020
Ці можна было ўявіць яшчэ колькі месяцаў таму, што ў чарговыя вандроўкі давядзецца ехаць у асаблівай экіпіроўцы: у масцы, гумавых пальчатках. Насельніцтва вёскі ў большасці сваёй людзі пажылыя. Мясцовыя ж землі праз 34 гады пасля чарнобыльскай катастрофы знаходзяцца ў зоне з правам на адсяленне. Некаторыя харошаўцы з’ехалі з малой радзімы і, як кажуць старажылы, тым самым скарацілі свой век.

IMG_4520.JPG
Дываны з дзьмухаўцоў упрыгожваюць вясковую вуліцу

З гісторыі вёскі

Вядома яна яшчэ з XVIII стагоддзя ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1772 годзе Харошаўка ў складзе Расійскай імперыі. У 1775-м тут гаспадарыў граф П. А. Румянцаў-Задунайскі, мелася карчма. У 1816-м яна ў Добрушскай эканоміі Гомельскага памесця. У 1832-м пабудавана царква. З 1834 года селішчам валодае князь І. Ф. Паскевіч. У 1866-м перабудавана драўляная царква. Як сведчаць старажылы вёскі, яна была ўзведзена без адзінага цвіка. У гэты час у Харошаўцы чатыры ветракі-млыны, пастаялы двор. У 1897 годзе дзейнічала царкоўнапрыходская школа, працавалі 6 ветракоў, крупадрабілка, цэглавы завод, кузня, крама, пастаялы дом. Вёска ўжо ў складзе Кармянскай воласці Гомельскага павета. Самай шматлюднай яна была ў 1909 годзе: 1724 жыхары. Пошта, пачатковая школа, магазін, меліярацыйнае таварыства ў Харошаўцы з насельніцтвам у 1488 чалавек у 1926 годзе, і аж да ліпеня 1954-га яна была цэнтрам аднайменнага сельсавета Церахоўскага, Добрушскага раёнаў. У 1930-м арганізаваны калгас імя Молатава. У час Вялікай Айчыннай гітлераўцы спалілі вёску. Гарэла яна і ў 1949-м па нядбайнасці адной з жыхарак. Прастольным святам было Міхайла. Бытаваў абрад пераносу свячы, апошні раз ён праводзіўся дзесьці два дзесяцігоддзі таму. Зараз у Харошаўцы 121 жыхар, нямала дачнікаў. У вёсцы працуе фельчарска-акушэрскі пункт, прыязджае аўталаўка. 24 дзяцей школьнага ўзросту падвозяць на аўтобусе вучыцца ў Карму.

Жанчыны Харошаўкі – працаўніцы, маці, бабулі годна нясуць сваё чалавечае прызначэнне. Кожную заспела за якімсьці клопатам. Парэпаныя ад холаду і спаконвечнай працы рукі гэтых харошаўскіх мадонаў...

Пелагея Жукава, якая толькі на ферме адпрацавала больш 30 гадоў, нядаўна развіталася з мужам. Дзед Пятро «сыйшоў да дуба» ціха, з цыгарэтай. Да апошняга чытаў газеты без акуляраў. Ён і паведаміў гаспадыні, што «зараза йдзе, каронавірусам клічуць. Але да нас не дойдзе, у нас людзей ужо мала». Наказваў жонцы: «Нават калі мяне не будзе, каб газеты ішлі ў хату». Канешне, напярэдадні 40 дзён па гаспадару і згадвала Пелагея Фёдараўна яго жыццё: разам жа прайшлі па ім звыш 60 гадоў.

IMG_4639.JPG
Клаўдзія Прыходзька аформіла да нашай сустрэчы выставу сваіх вышывак

Аповед Пелагеі

– У школу Пятро ў Агародню хадзіў, на другую змену. У 1953-м такія буры былі зімою! Прыбіла аднойчы яго аж да расійскага лесу. У стозе саломы абначыўся. Мароз 25 градусаў. Апоўначы пачуў гудок папяровай фабрыкі ў Добрушы. Рушыў, думаў у той бок. Ды не трапіў у сваю Харошаўку, а ў пасёлак Калоддзе. У пяць ранку ўваліўся ў канаву каля аўчарніка. Ішлі даглядчыцы, пачулі яго, выцягнулі. Адпаілі малаком, што для ягнят, адагрэлі. Тэлефонаў мабільных жа не было! Пайшлі ў Карму, пазванілі адтуль, што школьнік зблудзіў. 12 гадзін хадзіў! Дактары з Добруша прыязджалі, глядзелі, але, дзякаваць богу, нічога не адмарозіў. Быў у бурках і ватніках, што маці-швейка пашыла. Праўда, дало яму на вочы. Год не хадзіў у школу. Здольны. Нагнаў паступова. Народнымі сродкамі вылечылі вочы. Быў шчатаводам, брыгадзірам, учотчыкам. Старшыні яго вельмі паважалі. У 60-я многіх вяскоўцаў на пенсію афармляў. Ездзіў у архіў у Гомель, выбіраў неабходныя звесткі. У многіх жа пасля вайны і пашпартоў не было. Перад пенсіяй кароў пас 13 гадоў. Чэсна прапас!.. Дзеці ў нас пазнавата знайшліся. Мне 38 было. Харошыя, жывуць у сваіх хатах, дружна. Дачка ў Добрушы, сын у Гомелі. Прыязджаюць, дапамагаюць.

Жанчына нібы спяшалася расказаць мне ўсё жыццё дарагога ёй чалавека. Неаднаразова яму давяралі і зерне прымаць, і бульбу. Да 70-гадовага ўзросту дапамагаў роднаму калгасу. І спачыў у 84 гады, нікога не напружыўшы. Дыхтоўны цагляны дом на вуліцы Камсамольскай – найлепшы помнік ветэрану калгаса і яго жонцы-працаўніцы.

IMG_4614.JPG
Ніна Пархоменка па-гаспадарску дбае за парадак на вуліцы Лугавой

Сон Пелагеі

– Днямі сніцца Пятро. Я стаю каля паштовай скрыні, а ён бяжыць. У доўгім дабрэнным дарагім плашчы, толькі ногі бачны. Бяжыць, мінае мяне. А я думаю: бяжы ж на хверму, бяжы, там табе ўсыпяць, бо ўчора не быў на працы, усыпяць як след… 

То калі ён пабег у другі бок, я яшчэ ж пажыву?

Гары, свяча

На вуліцы Зялёнай кінулася ў вочы сядзіба Мядзведзевых. Ідэальны парадак.

– Дзякуй дзецям, што не кідаюць ні нас, ні зямлю бацькоўскую, – расказала гаспадыня Пелагея Аляксандраўна, знаёмячы з дачкой Таццянай. – У нас чацвёра дачок, чацвёра зяцёў, і ўсе харошыя. І ўнукі таксама! Я як бы адчувала, што хтось да нас прыедзе: учора з вечара рабіла свячу, а сёння толькі-толькі прыбрала яе.

У зале я пабачыла іканастас з выявай Міхаіла Архістраціга і свячу, прыбраную, бы лялька. Высветлілася, што менавіта да Мядзведзевых і завітала свяча ў той раз, калі яе дваццаць гадоў таму на свята Міхайла пераносілі з хаты ў хату. Параілася тады гаспадыня ў святароў у царкве Іаана Кармянскага, ці можна штогод узнаўляць дома свячу. «Мне тады даў дабро сам цяперашні ўладыка Стэфан», – з гордасцю паведаміла цётка Пелагея. 

Так жыве свяча ў годных гаспадароў Мядзведзевых, што адпрацавалі ў калгасе ўдваіх 76 гадоў і 7 месяцаў. Як напамін пра традыцыю вёскі. Няхай будзе і надалей яна як абярэг Харошаўкі ад любой бяды!

IMG_4549.JPG
Харошаўская мадона Пелагея Жукава доўжыць век сваёй вёскі. Міхайлаўская свяча як абярэг жыве ў адной з хат

Замуж прыйшла з Уборка

На вуліцы Лугавой ветэран працы былая загадчыца фермы Ніна Пархоменка ўзгадала яшчэ адно любімае свята Харошаўкі, у якой асела ў замужжы.

– Дзень Перамогі мы адзначалі ўсёй вёскай. Хораша! Сустракаліся ля помніка, кветкі ўскладвалі. Мітынг быў заўжды. Потым канцэрт. Шмат нашых землякоў палегла на той вайне. Ды і з фронту многія прыйшлі калекамі. Шчыра згадваю Яфіма Яфіменку, які вярнуўся без нагі, але працаваў кавалём. Паранены ў нагу Канстанцін Рабкоў падвозіў кармы. А даяркі якія слаўныя былі: Марыя Пархоменка, Моця Мядзведзева, Вольга і Антаніна Рабковы. Вызначыліся ў працы механізатар Васіль Лапузны, аграном Мікалай Краўцоў. А браты Пархоменкі: даяр Рыгор, механізатар Іван, камбайнер Мікалай... Ці ж усіх згадаю? Муж мой Анатоль пачынаў механізатарам. Вывучыўся, быў брыгадзірам паляводчай, потым комплекснай брыгады, парторгам, замяшчаў старшынь, прычым 10-годдзе адпрацаваў у «Абароне». Гаспадарка тут у нас была як след. 800 галоў толькі буйной рагатай жывёлы, дзве тысячы свіней. Пры старшыні Валерыі Курпатаве пачалі газ праводзіць, асфальт палажылі... Зараз на ферме вырошчваюць лімузінаў.

Сыноў нямашака, а я жыву

Каля калодзежнага жураўля на ўскрайку вёскі дом Клаўдзіі Прыходзька. 19 гадоў яна адпрацавала паштальёнам, насіла і нашу «Гомельскую праўду» харошаўцам. Сірата, з пяцігадовага ўзросту без бацькі, яна памятае і збор каласкоў у нішчымніцу, і гнілушку-бульбу. Не забыць жанчыне, як галасіла яе маці па сыну – 18-гадовы Іван Яўхіменка загінуў у першы ваенны год у Смаленску. Паведаміў пра гэта аднапалчанін, з якім той быў у разведцы.

Слухаючы яе маналог пра сваю долю, міжволі згадвалася выказванне пра тое, што чалавеку даецца столькі іспытаў-выпрабаванняў, колькі ён можа перажыць. Ці не замнога для адной жанчыны?

Маналог клаўдзіі-Клані

– Малодшага сыночка машына збіла, вось тут ён, побач, на могілках каля дуба, – указвала жанчына рукою насупраць хаты. – На саракавы дзень пасля гэтага гора мужа паралізавала. Злёг гаспадар на сем з паловай гадоў, даглядалі з сынам старэйшым. Ездзілі ў расійскі Мглін вышыванне маё – просціны, навалачкі – прадаваць, каб лекі купіць бацьку, той цэрэбралізін дэфіцытны. Ды старэйшы сынок памёр у 44 гады, тромб адарваўся. Абмінуў бацьку: той сыйшоў на дзясяты дзень пасля яго.

У Клаўдзіі-Клані ёсць яшчэ дзве дачкі, жывуць у Гомелі і Жлобіне. Прыязджаюць, клапоцяцца. Дачакала цётка і 6 унукаў, 7 праўнукаў. Дапамагае ўсім, стараецца, у градах корпаецца.
І вышывае крыжыкам карціны, ручнікі – яркія, прыгожыя. Бы расфарбоўвае імі паўсядзённае жыццё.

Пакідаючы Харошаўку, я зноў і зноў звярталася да лёсаў яе старэйшын-жанчын, якія і сёння з’яўляюцца тут ударнай сілай. Відаць, усім ім і імя агульнае з вёскай дадзена: Харошаўка! 

IMG_4540.JPG
IMG_4609.JPG
IMG_4602.JPG
IMG_4560.JPG
IMG_4552.JPG
IMG_4568.JPG
IMG_4503.JPG
Фото аўтара
Нашай долі адгалоскі


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать