Жыццё восеньскай вёскі, вядома ж, зранку найбольш ажыўленае каля праўлення сельгаспрадпрыемства. Сцяпы Жлобінскага раёна не выключэнне. Сустрэла тут некалькіх жанчын, а аграном Наталля Барадзіна (працуе 32 гады) паведаміла: сельгасугоддзяў у іх 6550 гектараў, бал ворыва – 28. Утрымліваюць 4100 буйной рагатай жывёлы, з якой 1,5 тысячы дойнага статка. «У нас так: раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю», – падзялілася Наталля Міхайлаўна.
Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области
З гісторыі вёскі
Першы летапісны напамін пра вёску Сцяпы, як сведчыць выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта кандыдат тэхнічных навук Яўген Савіч (ураджэнец вёскі Успалішча), быў у 1526 годзе. Тады ёй валодала шляхта. З 1769-га дзейнічала Свята-Троіцкая царква. Знаходзілася яна побач з тым месцам, дзе зараз праўленне сельгаспрадпрыемства. Царква, па аповядах старажылаў, была бачна з Цялушы. З 1793 года Сцяпы ў складзе Расійскай імперыі.
Першы летапісны напамін пра вёску Сцяпы, як сведчыць выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта кандыдат тэхнічных навук Яўген Савіч (ураджэнец вёскі Успалішча), быў у 1526 годзе. Тады ёй валодала шляхта. З 1769-га дзейнічала Свята-Троіцкая царква. Знаходзілася яна побач з тым месцам, дзе зараз праўленне сельгаспрадпрыемства. Царква, па аповядах старажылаў, была бачна з Цялушы. З 1793 года Сцяпы ў складзе Расійскай імперыі.
У 1856-м у наёмным доме адкрыта школа. У 1924 годзе пабудавалі новую. У 1871-м узведзена і новая царква замест састарэлага будынка. 941 дзесяціна сцяпоўскай зямлі ў 1879 годзе належала Марыі Іванаўне Малашыцкай, жонцы палкоўніка. Вёска была цэнтрам Сцяпской воласці да 17 ліпеня 1924 года, у склад якой у 1885-м уваходзіла 18 паселішчаў, 399 двароў. Па перапісе 1897 года тут былі народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, пастаялы двор. Побач – аднайменны фальварак, гаспадар якога валодаў 196 дзесяцінамі зямлі.
Ніна Цэсарава, настаўнік рускай мовы і літаратуры Сцяпоўскай базавай школы, 39 гадоў вучыць дзяцей на Жлобіншчыне
Ніна Паўлаўна са сваімі вучнямі Дзімам Ахрэменкам, Лізай Борсук, Мікітам Нікіціным
У 1925 годзе населены пункт меў назву Стэпск, затым – хутар Сцяпы, пазней – пасёлак Новыя Сцяпы. Тут меліся школа, вадзяны млын. Са жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954-га гэта Сцяпскі сельсавет Парыцкага раёна Бабруйскай вобласці.
Калгас «Новае жыццё» арганізаваны ў 1929 годзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут быў апорны пункт фашысцкіх акупантаў, які ў 1943-м знішчаны партызанамі. 122 вяскоўцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Сцяпы ўславіў ураджэнец вёскі Сяргей Анішчанка, Герой Савецкага Саюза.
Па перапісе 1959 года – цэнтр калгаса «Прагрэс».
У 1897 годзе ў Сцяпах былі 42 двары, 26 жыхароў.
1925 год: Стэпск – 81 двор, хутар Сцяпы – 5 двароў, пасёлак Новыя Сцяпы – 8 двароў.
360 жыхароў у перадваенным 1940-м годзе.
У 2004 годзе – 403.
Зараз вёска, як паведаміла кіраўнік справамі – выконваючы абавязкі старшыні Шчадрынскага сельсавета Ала Шатрава, выйшла па колькасці насельніцтва на ўзровень 1959 года: 365 чалавек. Старэйшы жыхар – Мікалай Лапцеў, 1933 года нараджэння, а самы юны – Дзяніска Гардзееў, якому толькі тры месяцы.
У магазіне «Родны кут» ветліва абслугоўваюць наведвальнікаў загадчыца Таісія Дарафей і прадавец Таццяна Сцяпанава
Жывём мы ў неспакойны час, калі ўсіх напружваюць звесткі пра магчымыя войны, канфлікты то тут, то там. Скіравала я да помніка ў цэнтры Сцяпоў, пакланілася памяці загінуўшых на Вялікай Айчыннай. Далейшы маршрут – на вуліцу, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Сяргея Пятровіча Анішчанкі, ураджэнца вёскі. Землякі падказалі, што на Ураджайнай стаіць яго бацькоўская хата. Вядома ж, купленая і адноўленая новымі гаспадарамі.
Па дарозе згадваўся лёс героя. У перадваенныя гады ён, нядаўні школьнік, скончыў педкурсы і працаваў у вёсцы Крукі на Брагіншчыне. Калі гітлераўцы акупіравалі родную зямлю, камсамолец Сяргей, сувязны, змагаецца ў складзе маладзёжнай групы Жлобінскага камуністычнага падполля. Са жніўня 1943-га – баец партызанскага атрада «Жалязняк», затым – 119-га атрада партызанскай брыгады «Жалязняк», якая восенню 1943-га ўліваецца ў склад наступаючай Чырвонай арміі. Сяргей Анішчанка прызваны, стаў воінам 16-га стралковага палка 102-й дывізіі 29-га стралковага корпуса 48-й арміі. Ён вызначыўся ў Бабруйскай наступальнай аперацыі. 24 чэрвеня 1944 года пры прарыве варожай абароны і фарсіраванні ракі Друць каля вёскі Каласы пераадолеў водны рубеж, наблізіўся да варожай траншэі, закідаў яе гранатамі. У баях за плацдарм і на наступны дзень знішчыў разлік станкавага кулямёта, 20 гітлераўцаў, 12 салдат праціўніка захапіў у палон… Не пашчасціла адважнаму беларусу вярнуцца на радзіму з Вялікай Айчыннай з геройскай зоркай на гімнасцёрцы: у ліпені 1944-га ён быў цяжка паранены і памёр 31 ліпеня. 24 сакавіка 1945 года Сяргея Анішчанку прадставілі да прысваення звання Героя Савецкага Саюза, а ён спачыў навек ля польскай вёскі Страбля ў Падляскім ваяводстве…
«Жэня, Тома, Іванка: ці ж можна дараваць іх жыццейкі?»
На вуліцы імя героя-земляка Анішчанкі жыве былая вязня Азарыцкіх лагераў смерці Валянціна Жураўлёва. Пяцігадовай дзяўчынкай ёй быў лёс перажыць фашысцкае выгнанне разам з маці, дзядулем. Бацька ваяваў на фронце.
Ларыса і Васіль Кузьміны: «Выхоўваем працавітасцю і дабрынёй»
– Я была старэйшая. А ў мамы яшчэ чатырохгадовая Жэня і паўтарагадовая Тома, а браціку нашаму Ваньку толькі тыдзень ад нараджэння! – вельмі перажывае свой аповяд Валянціна Іванаўна. – Прыгналі ў Чырвоны Бераг. Там у таварнякі – і павезлі невядома куды. Вагоны ж забітыя наскрозь. І спяць людзі, і ў туалет ходзяць, і паміраюць. Калі прыехалі, доўга нас гналі па здаровым лесе. Немцы з бляхамі паверх шынялёў, сабакі высачэнныя. Калі хто прысядзе на пні, застрэльвалі адразу.
Дзядуля дапамагаў маме цягнуць пачаргова Жэню з Томай. Ваньку яна несла на руках, а я за спадніцу яе ўчапілася…
На балоце купіны, вакол вада. Пакрывала нейкае мама распяла на кусце. Пад ім адзін да аднаго туліліся. Мокрыя Ванькавы полкі-пялёнкі вакол свайго цела абкруціць, так сушыла. Ваду пілі з таго балота. Людзі паміралі. Не дай бог гэтага нікому зведаць, іх фашысцкага парадку!
Як аслабанілі нашы салдацікі, людзі валам кінуліся да варот таго лагера. Нас папярэдзілі: выходзіць трэба па сцяжыне. Дзе былі міны, расставілі сцяжкі… Як цяпер памятаю, што пасля вызвалення рассялілі па хатах, мы былі ў Астраглядах. Вёска на ўзвышшы, царква там была. Жанчыны ішлі і хрысціліся. Я моцна захварэла, пэўна, тыф, адправілі ў бальніцу. Не памятаю, на чым давезлі, а крыўдавала, што доўга ніхто да мяне не прыходзіў. І з такіх сталі фарміраваць дзіцячы дом. Добра, што мама, перажыўшая ў Астраглядах смерць траіх крывінак, пахаваўшая іх, папрасіла траюрадную сястру, каб дазналася ў бальніцы, ці жывая я? Цётка тая дабралася, калі нас, апранутых у світкі, выстраілі для пераезду. «Дзе мама?» – пытаюся, калі жанчына падыйшла да мяне…
Сільна доўга мы з ёй крочылі ў Астрагляды да мамы. Столькі пераплакалі з ёю! А сюды вярнуліся, дамоў? Нічогенька няма: ні есці, ні піць. Бацька з фронта прыйшоў у водпуск, з Германіі... Нарадзіўся ў 1946-м мой брацік Аляксандр Сіманенка. Мама даіць кароў пайшла на ферму, і мне такі лёс: дапамагала ёй, увесь век у калгасе. Хаця вельмі хацела вучыцца! Мама была няўмольнаю: «Распісацца можаш, і хопіць…»
Тут, у Сцяпах, колісь дзед мой асеў, быў з-за Бабруйска родам. Жаніўся. Вартаваў сад у памешчыка… Я адна зараз: сыйшоў гаспадар, сем гадоў як раптоўна памёр браток. Дзве дачкі мае з сем’ямі ў Жлобіне. Харошыя дзеці, унукі, праўнучка: прыязджаюць, адведваюць. Суседзі ў мяне цудоўныя: Фаіна Рыбакова, былы паштальён, заўсёды і хлеба прынясе з магазіна, усё, што папрашу. І хуткую выкліча сярод ночы, калі патрэбна. Дай бог ёй здароўечка!
Вераніка Зайцава
Не тая маці, што нарадзіла…
У цяперашніх Сцяпах багата шматдзетных сем’яў, сацыяльны ўзровень іх розны. Але я пазнаёмілася з бацькамі-выхавацелямі адной з прыёмных: Ларысай і Васілём Кузьмінымі. Іх дзеці дарослыя: Сяргей працуе на БМЗ, Насця – у дэкрэтным водпуску. Ужо трынаццаты год як старэйшыя Кузьміны з’яўляюцца прыёмнымі бацькамі, некаторыя і з іх выхаванцаў ужо на сваім хлебе. Памятаюць, дасылаюць віншаванні. Калі гутарыла з гэтымі прыгожымі сваёй дабрынёй людзьмі, адчула: выхоўваюць працай, цеплынёй, любоўю. Ларысіна маці памерла ў 39-гадовым узросце: ці ж ёй не ведаць горыч страты? «Мне павязло, мачаха Таццяна, якая і зараз даглядае майго састарэлага бацьку, цудоўны чалавек, клічу яе «бабушка Таня». Не разумею тых мацярок, што могуць адрачыся ад свайго дзіцяці па прычыне нядбайства, уласнай распусты. Не дзялю дзяцей на ўласных і чужых. Усе яны нашы з мужам!»
Што яшчэ мне далося ў знакі ў вёсцы Сцяпы, дык тое, што ўсе тут вітаюцца. Не было чалавека, які б мінуў на вуліцы, не сказаўшы адзін другому, ды і ў мой адрас «Добры дзень!» Культурныя людзі!
Валянціна Жураўлёва: «Перажытае і зараз жыве ў памяці, ад яго нікуды не дзенешся»