Як жа даўно марылася праехаць у глыбінку Палесся, палюбавацца прасторамі аснежаных палеткаў і готыкай лясных масіваў, падсілкавацца народнай мудрасцю мясцовых жыхароў! І пашчасціла: перад самым новым годам дабраліся ў Хваенск, што амаль у 270 кіламетрах ад Гомеля.
Тамара Сцяпко, удзельніца сацыяльнага праекта «Бабуля», майстрыха ткацтва, вышыўкі
Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области
З гісторыі вёскі
У 1520 годзе князь Канстанцін Астрожскі перадаў гэтыя землі Тураўскаму Успенскаму сабору. З 1793 года яны ў складзе Расійскай імперыі, у 1811-м – у Мазырскім павеце Мінскай губерніі. У складзе Тураўскага казённага памесця вёска Хваенск з 1834 года, тут меўся паравы млын, школу адкрылі ў 1912-м. Пажар 27 верасня 1927 года знішчыў 7 хат і 19 гаспадарчых пабудоў. Калгас «Кастрычніцкая перамога» арганізаваны на гэтых землях у 1930-м: працавалі паравы млын і кузня. Храмавым святам вёскі было Ушэсце (тут яго называюць «кéрмаш»: святкуюць на 40-ы дзень пасля Вялікадня).
У 1520 годзе князь Канстанцін Астрожскі перадаў гэтыя землі Тураўскаму Успенскаму сабору. З 1793 года яны ў складзе Расійскай імперыі, у 1811-м – у Мазырскім павеце Мінскай губерніі. У складзе Тураўскага казённага памесця вёска Хваенск з 1834 года, тут меўся паравы млын, школу адкрылі ў 1912-м. Пажар 27 верасня 1927 года знішчыў 7 хат і 19 гаспадарчых пабудоў. Калгас «Кастрычніцкая перамога» арганізаваны на гэтых землях у 1930-м: працавалі паравы млын і кузня. Храмавым святам вёскі было Ушэсце (тут яго называюць «кéрмаш»: святкуюць на 40-ы дзень пасля Вялікадня).
Нямецка-фашысцкія захопнікі ў верасні 1943 года спалілі 124 хваенскія двары і забілі 28 жыхароў. Вёска была вызвалена 21 сакавіка 1944 года. 33 яе жыхары аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы на франтах Вялікай Айчыннай.
У 1959 годзе тут жылі 830 чалавек: вёска ўжо ў складзе калгаса «Савецкая Беларусь». Дзейнічалі сталярная майстэрня, лесапілка, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, два магазіны, клуб, бібліятэка.
Зараз Хваенск у складзе Азяранскага сельскага Савета. У вёсцы пастаянна жыве 101 чалавек. У 2020 годзе ў знак 500-годдзя вёскі па ініцыятыве Анастасіі Цяслюк і пры падтрымцы Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі тут высаджана дубовая алея. І ў 2021 годзе традыцыя падоўжана.
Сонечная, 11
Прызнацца, ехалі мы ў Хваенск не толькі пабачыць у марозны снежаньскі дзень самую вялікую ў Беларусі печ, зладжаную ў свой час таленавітым Мікалаем Грыбам, што йграе на трох музычных інструментах, але і пазнаёміцца з руплівай гаспадыняй этнааграсядзібы «Прыродазнаўства» Насцяй Цяслюк. Акурат на гэтыя дні прыпаў 30-гадовы юбілей шчыраўніцы на ніве роднай культуры, побыту, традыцый. Нездарма ж нават этнограф Ларыса Мятлеўская, вядучая праграмы «Беларуская кухня» на айчынным тэлебачанні, запісвала тут у жніўні 2021-га аж тры перадачы: увасаблялі старадаўнія гастранамічныя рэцэпты палешукоў.
Валянціна Чарнушэвіч: я, маці, праклінаю вайну!
Толькі ступілі мы за незвычайныя дзверы пад агульнай шыльдай «Адукацыйны рэстаран», «Гасцініца», як адчулі гасціннасць, далікатнасць Анастасіі Юр’еўны. Прапанавала сагрэцца духмянай гарбатай у прасторнай святліцы ля агню той самай печы, што ўслаўляе Палессе.
Было нязвыкла даведацца, што маладая гараджанка, ураджэнка Баранавічаў, знайшла сваё прызначэнне ў палескай вёсцы ў другім рэгіёне Беларусі. Ды з кожным словам Насці адкрывалася яе шчырая зацікаўленасць даўнейшым жыццём нашага народа.
– Мяне прывабіла ідэя захаваць культуру палескага краю, побыту, траўніцтва, культуру ежы, бо сыходзіць пакаленне бабуль, якія яшчэ валодаюць гэтымі ведамі, – падзялілася гаспадыня. – Нашы продкі елі квашаную крапіву як і капусту, дабаўлялі лебяду ў хлеб, не таму, што былі настолькі гаротнымі. Яны ведалі каштоўнасць дзікаросаў: у іх жа здароўе! А толькі ў нашым палескім краі 400 прыдатных для ежы раслін, уяўляеце? У Хваенску жыла бабуля Маша, з якой мне пашчасціла быць знаёмай. Яна так распавядала пра расліны, што здавалася, гэта яе лепшыя сябры. Бабулька, сама падобная на дзьмухаўца, зацікавіла і мяне траўніцтвам. Я ў цёплую пару года праводжу майстар-класы ў лесе, расказваю і паказваю дарослым і дзятве, якое багацце нас акружае. Варта ведаць, напрыклад, што продкі дабаўлялі лебяду ў хлеб для таго, каб ён даўжэй не чарсцвеў.
Анастасія Цяслюк: самы багаты стол у нашых продкаў быў на стары Новы год
Якім водарам-настоем лясных раслін, траў насычана паветра гэтай унікальнай этнааграсядзібы, што размясцілася на плошчах будынка былога Хваенскага сельскага клуба! Усё ўнутры тут аздоблена дрэвам, букецікамі траў, ягаднікаў, таму імкнуцца адпачыць, дакрануцца да палескага каларыту не толькі нашы суайчыннікі, але і госці з замежжа. Прыязджаюць сем’ямі, з малечай. Вучацца распальваць агонь у печы, выпякаць той самы бабулін хлеб, варыць стравы продкаў, збіраць лекавыя расліны, гатаваць варэнне.
Слухаючы Насцю і вандруючы па нумарах гасцініцы гэтай здаровай сваёй атмасферай сядзібы, думалася пра тое, што і мясцовым жыхарам пашчасціла. Удалося захаваць у вёсцы культурнае месца (тут зберагаюць старажытныя рэчы, прадметы побыту і арганізаваны бібліятэчны букросінг), да таго ж некаторыя пенсіянеры знайшлі магчымасць дадатковага да пенсіі заробку: уладкаваліся сталярнічаць, качагарыць.
Здароўя і ўдачы, падзвіжніца Насця, хай здзяйсняюцца задумы!
Рэкардсменка
Пенсіянерка Тамара Сцяпко – маці чацвярых дзяцей і бабуля аж 17 унукаў! Жартоўна як бы апраўдваецца перад намі Тамара Рыгораўна: «Не вінаватая я, што дзеці столькі нарадзілі!» Патлумачыла: у самой сыночкі-блізняты, і гэта традыцыя падоўжылася ў дзяцей.
Карэнная жыхарка Хваенска падзялілася, што яе ўласны дзень нараджэння 22 красавіка. Падалося, што веснавы настрой гэтага дня падтрымлівае працаўніцу ўвесь век! Пасля васьмі класаў мясцовай школы Тамара працавала на чыгунцы ў леспрамгасе, рэйкі нават пераносіла! Пазней, у 70-я гады мінулага стагоддзя, падалася на больш жаноцкія заробкі пад Харкаў: убірала вішні, яблыкі, ігрушы. «Хораша, весела працавалі, я там і Ахрэмчыка свайго любага сустрэла: ён з Іванаўскага раёна Брэстчыны. Так і ідзем 47 гадоў разам па жыцці!» З такой пяшчотай прамаўляе 67-гадовая жанчына і сёння імя мужа: замуж жа ішла па каханні!
Валянціна Тазеева, пакаёўка хваенскай гасцініцы
Валянціна Чарнушэвіч 15 кастрычніка размяняла дзявяты дзясятак. Не заўважыла жанчына, як мільганулі, пранесліся ў клопатах гады…
Яна з пакалення дзяцей, што прыйшлі ў свет у першы ваенны год. Колькі горачка на людзей навалілася тады, але ж кожная маці старалася зберагчы сваю крывінку, уратаваць, насуперак лютай гібелі. Слухала я шчыры аповед Валянціны Васільеўны, як яе, самую меншую ў сям’і, насілі браточкі па палескіх лясах, як горка плакала маці, калі прыйшла пахавальная на мужа, Васіля Рыгоравіча: камуніст, даваенны калгасны старшыня, загінуў пад Ваўкавыскам. Ганна Андрэеўна, удава-салдатка, маці пяці дзяцей, увесь свой век гарнулася да іх, выхоўвала ў той скупы на жыццёвыя радасці час і не шукала іншай долі.
І яна, Валянціна, як колісь матуля Ганна, сваё жыццё, свой дабрабыт ахвяравала служэнню дзецям.
– Адзін сынок нарадзіўся з цяжкім парокам сэрца. Шасцігадовага, павезла яго на аперацыю ў Маскву, у сямідзесятыя мінулага стагоддзя. Вырашыла, што буду змагацца за яго жыццё, чаго б ні каштавала. Уратавалі Сяргея, аднак не прарочылі чалавечага веку. Пражыў 38 гадоў… – выдыхае маці Валянціна.
Працоўны шлях яна пачынала касірам у родным калгасе, потым завочна скончыла політэхнічны тэхнікум, стала намеснікам галоўнага бухгалтара. Сціплая, сумленная працаўніца, бабуля пяці ўнукаў і чатырох праўнукаў, яна і зараз не шыкуе. Жыве дасягненнямі і радасцямі дзяцей. Ларыса пайшла па матулінай бухгалтарскай сцежцы, шчыруе на «Камінтэрне» у Гомелі, а сынок Слава паспяховы ў сваёй тэхнічнай справе аж у Магнітагорску.
– Дзеці ў мяне харошыя, проста цудоўныя, я дапамагаю ім, яны – мне, – дзеліцца матуля.
Спрадвечным клопатам пра нашчадкаў поўняцца сэрцы маці-паляшучак. Агорнутыя гэтым душэўным цяплом пакідалі мы надвячоркам вёску Хваенск, зычачы ўсім яе жыхарам здароўя і шчасця ў 2022 годзе!