Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Сініцкае Поле. Вандроўка васьмідзясятая

4829 0 08:55 / 05.02.2022
З гісторыі вёскі

Цяперашняя вёска ў розныя часы мела розныя назвы. У пісьмовых крыніцах згадваецца ў ХIX стагоддзі як паселішча Сінецкая ў Буйнавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерніі. У 1865-м называлася вёска Сініцкае Поле, а ў 1867-м – Сініцкая Слабада. У склад Буйнавіцкай царкоўнай парафіі вёска ўвайшла ў 1879-м.



Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области

Хлебазапасная крама, капліца меліся ў 1897-м, тады было 198 жыхароў. Школу пабудавалі ў 1900 годзе. Самым шматнаселеным Сініцкае Поле стала ў 1921-м: 534 вяскоўцы! Цікава, што калгас, які арганізавалі ў 1931-м, назвалі «Чырвонае Поле», тут працавала гамарня – металаапрацоўчая майстэрня. Да Вялікай Айчыннай вайны, па сведчанні старажылаў, на вясковых могілках была капліца ў гонар Іаана Багаслова: 9 кастрычніка тут адзначалі гэта царкоўнае свята.

У 1940-м у Сініцкім Полі 115 двароў. У ліпені 1943-га фашысты спалілі вёску і забілі 20 мірных жыхароў. А ўсяго за гады Вялікай Айчыннай тут недалічыліся 30 чалавек. Ура­джэнцу вёскі Міхаілу Пятровічу Сыдзько ў 1945-м прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. 9 верасня 2021 года на старонках «Гомельскай праўды» ветэран педагагічнай працы Анатоль Сівуха з Рэчыцы расказаў пра Міхаіла
Сыдзько, якога ведаў асабіста: той у пасляваенны час жыў у гэтым райцэнтры. У родным Сініцкім Полі ў памяць героя ўстаноўлены гранітны знак. Сыдзько быў ганаровым грама­дзянінам Лельчыц, тут і ў Рэчыцы яго імя носяць вуліцы.


Валянціна Шукаловіч у адным з канцэртных касцюмаў вакальнага калектыву «Снічаначка» дэманструе дываны вырабу сваёй матулі

Гаспадар дык гаспадар!

Лёс Сыдзько – сапраўднага мужчыны, абаронцы Радзімы стаў штуршком да таго, каб гэтую вандроўку па Сініцкім Полі распачаць з аповяда пра цяперашняга сапраўднага палешука. На вуліцы Калгаснай давялося пазнаёміцца з гаспадарлівым ветэранам сельскай працы Міхаілам Сарнаўскім. Убачыла ў студзеньскі дзень каля дома № 13 гару паколатых дроў, а ў наступным гаспадарчым двары яшчэ аб’ёмную дабаўку. «Во, тут гаспадар! Яшчэ і зіма не напужала маразамі, а ён, відаць, і пра наступную дбае, – зазначыла пра сябе. – Хоча чалавек, каб у хаце было цёпла і ўтульна». Гаспадарлівасць пацвердзілі і пчаліныя домікі. Каля самага яркага і вырашыла ўвекавечыць былога трактарыста мясцовай гаспадаркі. І не аднаго. Валянціна Шукаловіч, яго жонка, ураджэнка Заберажніцы, ветэран педагагічнай працы, старэйшына Сініцкага Поля. А з гаворкі з ёй упэўнілася, што гэтая жанчына – вельмі актыўная, вельмі ініцыятыўная: ведае людзей, клапоціцца пра ўсіх і пра аблічча вёскі, удзельнічае
ва ўсіх грамадскіх справах, спявае ў складзе вакальнага калектыву «Снічаначка». І вершы годныя піша: «Усё пакрыта белізною, а навокал цішыня, быццам мяккім белым пухам апранулася зямля. Як у сне стаяць сасонкі, думкі тоячы свае, а ствалы бярозак тонкіх усміхаюцца зіме». па энергетыцы, жыццёвай пазіцыі, мне б хацелася параўнаць Валянціну Паўлаўну з макаёнкаўскай Лушкай з «Лявоніхі на арбіце»!

Ляцела зязюля і стала куваці…

У суседнім доме на вуліцы Калгаснай зачаравала народнай песняй салістка «Снічаначкі» Вольга Бараноўская, вядомая ў вёсцы працаўніца, цялятніца з 22-гадовым стажам, маці выдатных сыноў-механізатараў, перадавікоў сельгасвытворчасці. як і іх бацька Мікалай, шчыруюць на ўсіх сезонных работах. Сяргей і Міша жывуць у Будзе-Сафіеўцы, у іх цудоўныя сем’і, пяцёра дзяцей.


Вольга Бараноўская

Ляцела зязюля і стала куваці,
а то не зязюля – то родная маці,
яна прыляцела дачку ратаваці…
Калі б маці знала, яка ў мяне беда,
яна б перадала варобчыкам хлеба,
яна б перадала галубчыкам солі…
Ой, мама, ой, мама,
як цяжка без долі.

Гэты працяглы спеў, з радкамі-рэфрэнамі балады, свідраваў сэрца так, як сапраўды народнае, не паказное, глыбіннае, тое, што ў душы, у нашым менталітэце. Сапраўды, ахвяр­насць нашых маці не ведае межаў. І гэты спеў быў як прадмова да знаёмства з другімі палескімі маці-мадоннамі, такімі ж актыўнымі і лёгкімі на пад’ём.

Галіна

Галіна Івашкевіч гадавалася ў сям’і, дзе было 14 дзяцей. Зараз сама яна маці пяці сыноў і дачок, бабуля 12 унукаў, самаму меншаму – толькі два месяцы. Пры тым 28 гадоў працоўнага стажу гэтай прыгожай статнай паляшучкі звязаны з роднай вёскай: шчыравала даяркай.

– Мы працавалі без выхадных у свой час, рукамі даілі. Цяпер праца аўтаматызаваная, – па­дзялілася жанчына. – Я ж ніколькі не шкадую свайго пройдзенага шляху, бо менавіта ферма дапамагла мне далучыць да яе і дзяцей: прыбягалі пасля школы, бралі вопыт. Дочкі замужам за гарадскімі, і зараз, бываючы наездамі, не саромяцца падмяніць, калі трэба, на дойцы ці ў другой сельскай працы. Усе ўладкаваныя дзеці як след, дзякаваць лёсу…


Галіна Івашкевіч

Яна як бы між іншым зазначае, што пасля школы працавала сакратаром-машыністкай у праўленні гаспадаркі, а потым паступіла ў мінскі інстытут фізічнай культуры. Ды магнітам цягнула родная вёсачка. Пасля двух гадоў вучобы проста не вярнулася на вучобу з канікулаў. Уладкавалася інспектарам па кадрах у калгасе, ды смерць мужа зрушыла яе на ферму: трэба было падымаць дзяцей. А калі маці Галіны пераехала ў Адэскую вобласць, то і дачка следам з сыночкамі. Там і сустрэла свайго марака і цягніковага электрыка Івана Іванавіча, з якім далі жыццё яшчэ тром дачушкам.

Галіна Уладзіміраўна – першая памочніца Валянціны Шукаловіч у добраўпарадкаванні вёскі: абедзве любяць кветкі, увогуле прыгажосць і ўтульнасць дома і на вуліцах. Вяргіні, півоні, астры, гладыёлусы робяць Сініцкае Поле яшчэ больш яркім да позняй восені. Ці не таму Галіна таксама любіць паэтычнае слова, дэкламуе вершы класікаў, а яе родная сястра Тамара Доля сама спрабуе пісаць вершы, жывучы далёка ад малой радзімы, у Растоўскай вобласці Расіі: «Мне родина снится в далеком краю…».

Таццяна

З Таццянай Рапін, украінкай, ураджэнкай горада Нікалаева, што яшчэ ў часы адзінай краіны знайшла лёс у Сініцкім Полі, мы меркавалі пра цяперашнія перапетыі славянскіх лёсаў нашых народаў. Ну ці ж не глупства несусветнае тое, што на малой радзіме маёй суразмоўцы распадаюцца руска-ўкраінскія і беларуска-ўкраінскія сем’і, што гадамі дружна, заможна, па-чалавечы жылі і не дзяліліся па нацыянальных кватэрах? З такой гаркаты папрасіла я Таццяну заспяваць яе любімую песню.

І яна так хораша, меладычна загучала ў яе выкананні, што далучыліся і іншыя суседкі: мы ж на Палессі, а тут вянкі такіх яркіх мелодый нашых народаў-братоў.


Міхаіл Сарнаўскі ў маладосці зачараваў сваю каханую Валянціну букецікамі бэзу, што прывозіў на спатканні… на лыжах у студзені. Вырошчваў у вялікай кадушцы каля фікуса!

Там у вишневому саду,
там соловейко щебетав,
додому я просилася,
а він мене не від­пускав…

– Я ў шосты клас хадзіла, калі з бацькамі пераехалі ў Маханавічы на Мазыршчыне. Скончыла школу, а тут выбух на чарнобыльскай станцыі, і мяне мама адправіла зноў на Украіну вучыцца на тэлеграфіста. Пасля тэхнікума вярнулася ў Маханавічы: хлопца мясцовага кахала. Адслужыў ён у арміі, пабраліся. І сямёра дзяцей у нас цяпер, 10 унукаў!

Зараз з імі ў Сініцкім Полі толькі Максім, а Света, Оля і Арцём – гамяльчане; Аня, маці пяці дзяцей, з сям’ёй у Буйнавічах, завочна вучыцца на філалагічным факультэце педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, а Юра пасля аграрнага тэхнікума і Беларускай сельгасакадэміі – аграном у аграгарадку Рагінь на Буда-Кашалёўшчыне, Віка – навучэнка гомельскага медкаледжа.


Таццяна Рапін

Спраўная ў працы, увішная, Таццяна спраўляецца наводзіць чысціню і парадак у памяшканнях фермы. Майстрыха вышыўкі гладдзю, не так даўно авалодала майстэрствам вырабу цацак. Так што яны не толькі падарункі ўнукам, але і вандруюць па выставах творчасці Лельчыцкага краю.

Здароўя вам, палескія мадонны!


Фото автора
Нашай долі адгалоскі
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg