Сафійскі сабор, Ніжне-Пакроўская вуліца-музей, Спаса-Еўфрасіньеўская царква – усё гэта вы можаце знайсці ў праграме кожнага тура па Полаччыне. Але сапраўднае падарожжа не можа абысціся без мясцін, пра якія не пішуць у брашурах.
Першыя пытанні, якія задае сабе падарожнік: як дабрацца, дзе спыніцца і што з'есці. З Гомеля да Полацка ходзіць адзін цягнік. Ён начны, таму лепш за ўсё ехать на выходныя – раніцай у суботу вы будзеце ў Полацку, а ў панядзелак світанак убачыце ўжо на гомельскім вакзале. Цана пытання – 10 рублёў у адзін бок. Астатні транспарт прапануе маршрут толькі з перасадкамі. Яго мы разглядаць не будзем.
Спыніцца можна ў двух гарадах: паміж Полацкам і Наваполацкам некалькі кіламетраў і усяго 15 хвілін у дарозе. У старэйшым горадзе Беларусі (згадваецца з 862 года) звычайны выбар падарожнікаў – гасцініца "Дзвіна". Там можна адшукаць нумары ад аднамеснага першага разраду да люксу ў скандынаўскім стыле. У Наваполацку варта звярнуць увагу на гасцініцы "Беларусь" і "Нафтан". Таксама можна арэндаваць кватэру на суткі. Цана пытання – 25-60 рублеў.
Акрамя сталовых у гасцініцах, ежу можна знайсці паўсюль. У старажытным цэнтры Полацка ёсць шмат кафэ і рэстаранаў. За паўнавартасным абедам звярніцеся ў кафэ "Дамініка" – там ёсць піца, салянка і дранікі. Усходнюю кухню вы адшукаеце у "Сушы Шопе", а для перапынку на каву можна параіць два месцы. Quick Coffee – смачная кава, але нятанна. "Полацкі куток" – маленькія пірожныя па 60 капеек, якія нельга не паспрабаваць.
І нарэшце, што варта адшукаць у Полацку, акрамя цэркваў і маленькіх вулачак?
Пякарня "Монастырский чай"
Шмат падарожнікаў жадае паглядзець на Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр і царкву, але мала хто ведае, што непадалёк ёсць месца для адпачынку. Сціпла і проста: манашкі пякуць булачкі, каўрыгі і печыва, да іх вараць травяную гарбату. Тут можна пасядзець у цішыні і пасмакаваць свежую выпечку меньш чым за рубель.
Унутраны панадворак Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта
Тут прыйдзецца нагадаць сабе, што вы ў Беларусі, а не ў Польшчы ці Чэхіі. Еўрапейскае ўбранне панадворка запоўніцца надоўга: каваная брама, старадаўні калодзеж XVIII стагоддзя, рэпрадукцыі карцін на сценах і мясцовая славутасць –музыкальны гадзіннік. Кожную гадзіну пад гімн студэнтаў усяго свету Gaudeamus на латыні і гімн ПДУ на беларускай мове з ніш пад цыферблатам з'яўляюцца фігуры выбітных гістарычных асоб Полаччыны.
Мост за Сафійскім саборам
Варыянт для экстрымалаў. Сам мост выглядае звычайна, а рака пад ім невялікая. Але спусціцца – гэта амаль што подзвіг. Лесвіца доўгая, паміж прыступкамі нічога няма, а самі прыступкі зроблены з тонкіх дошак і паміж імі – дзіркі. Дух захапляе, і фотаздымкі можна зрабіць антуражныя.
Размаляваныя гістарычныя сцены
У Полацку шмат прыгожых графіці на гістарычную тэматыку. На плошчы Свабоды можна знайсці будынак з праектам "Полацк на старых паштоўках", на вуліцы Ніжне-Пакроўскай – малюнак Дзвіны, а каля Дома афіцэраў – сцяну з восеньскімі эцюдамі.
Музей рыцарства
Невялікі прыватны музей – выдатнае месца для тых, хто цікавіцца беларускай гісторыяй. Уваход – 3 рублі. Унутры ёсць чатыры залі. Адна з іх стылізавана пад катавальны падвал, у другіх можна знайсці даспехі, зброю і пудзілы. Музей працуе на выходных і ў пятніцу, але гаспадар запэўнівае, што калі вы папярэдзіце загадзя, дзверы абявязкова будуць адчынены.