“Школьны партфель”
1911 0 23:12 / 24.01.2008
ў людзей розныя і падчас супрацьлеглыя эмоцыі.
І калі некаторыя дзеці чакаюць Дзень ведаў з радасцю
і нецярплівасцю,
то астатнія не падзяляюць гэтага аптымізму ды мараць аб працягу летніх канікулаў.
А вось большасць бацькоў школьнікаў апаноўвае аднолькавае пачуццё — амаль што панічны жах. Яшчэ задоўга да згаданай даты, ледзь не з канца папярэдняга навучальнага года, у іх пачынае балець галава па пытаннях накшталт, дзе ўзяць грошы на канцтавары, як зарабіць на аплату падручнікаў, колькі будзе каштаваць адзенне і гэтак далей.
Наведаўшы шэраг асноўных
гандлёвых кропак нашага горада, я ўпэўнілася ў тым, што баляць бацькоўскія галовы нездарма. Вось сярэднія цэны на прадметы, без якіх ніводнаму школьніку проста не абысціся: дзённік — 570 — 890, шарыкавая ручка — 170 — 580, аловак — 170 — 350, лінейка — 150 — 260, ласцік — 195, тонкі сшытак — 165 — 180, паўагульны сшытак — 580, сумка (рукзак) — 10000 — 25000 рублёў. Толькі адны гэтыя рэчы “пацягнуць” на 30 тысяч рублёў. А ўлічыце, што ў ручках хутка скончваюцца стрыжні ды 20 сшыткаў (а менавіта такая іх колькасць закладзена ў падлічанай мной суме) ледзьве хопіць на пачатак вучобы. Не забудзьце таксама, што школьніку ў пэўных класах патрэбны яшчэ і фарбы, пэндзлі, контурныя карты, пластылін, чарцёжныя інструменты і разнастайныя дапаможнікі — сума атрымліваецца немалая. Да таго ж нельга не адзначыць, што я прывяла кошт самых танных тавараў (напрыклад, кошт сшыткаў, папера якіх шэраватая, а вокладка аднатонная). Сучасныя ж дзеці хочуць карыстацца рэчамі яркімі і прыгожымі. Таму ў краме яны абавязкова тыкнуць пальцам не на звычайную простую сумку, а на рукзак, з якога пазірае Земфіра, ды яшчэ пажадаюць, каб на вокладцы сшытка быў змешчаны хтосьці з “Фабрыкі зорак”. Калі бацькі пойдуць за жаданнямі сваіх крывінак, то ім прыйдзецца выкласці на прылавак каля 70000 рублёў.
Акрамя таго, дарослым трэба заплаціць за камплект падручнікаў і апрануць дзяцей. Такім чынам, па самых сціплых падліках, падрыхтоўка вучня да школы будзе каштаваць прыкладна сто тысяч рублёў. І гэта толькі на аднаго дзіця-ці (!). Такая сума адчувальная і для поўных сем’яў з абодвума працуючымі бацькамі, а што рабіць так званым сацыяльна няўдалым
сем’ям?
Антаніна Васільеўна Макоўская, настаўніца, маці двух школьнікаў, кажа: “У мяне двое дзяцей. Калі думаю пра тое, што не магу набыць для іх усё неабходнае, хочацца плакаць. Мой заработак 230000 рублёў, аліменты былога мужа — 45000 рублёў. Спадзяюся на дапамогу сваіх бацькоў. Іх пенсія таксама малая, але кожны год яны выдзяляюць грошы ўнукам на сшыткі, ручкі ды алоўкі...”
Сацыяльная расслаёнасць нашага грамадства выразна бачная: у звычайным класе ў адных школьнікаў не хапае сшыткаў, няма новых красовак, а ў іншых кожны дзень новая вопратка і мабільны тэлефон у кішэні. А ёсць жа яшчэ дзеці-сіроты і дзеці-інваліды, якія гэтыя адрозненні адчуваюць надзвычай востра. Яны маюць моцную патрэбу не толькі ў маральнай, духоўнай падтрымцы і спачуванні, але і ў матэрыяльнай дапамозе, рэальных грошах. На дапамогу менавіта такім дзецям і арыентавана акцыя “Школьны партфель”, якую другі год запар ладзіць абласное адзяленне “Беларускага дзіцячага фонду”.
— Акцыя перш за ўсё накіравана на дзетак-сірот і інвалідаў. Збіраючы сродкі для набыцця школьных тавараў, мы хочам зрабіць гэтых дзяцей трошачкі шчаслівейшымі, даць ім магчымасць зразумець, што яны не аб-дзеленыя ў гэтым свеце, — тлумачыць дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ларыса Сямёнаўна Мяжэвіч. — Мы прымаем любую дапамогу, як грашовую, так і рэчавую, і не чакаючы якіхсьці дат, адразу ж перадаем яе непасрэдна тым, каму яна сапраўды неабходна.
У акцыі “Школьны партфель”
удзельнічаюць усе 26 раённых аддзяленняў Беларускага дзіцячага фонду. Яны добра ведаюць мясцовыя праблемы, складаюць спіскі маючых патрэбу дзяцей, тым самым ствараючы агульную базу дадзеных. Менавіта дзякуючы гэтай базе дапамога заўсёды знаходзіць адрасата.
У мінулым годзе акцыя праводзілася з 1 чэрвеня па 1 верасня і прайшла даволі паспяхова. На рахунак фонду паступіла 2021000 рублёў, а школьных прылад было атрымана на суму 1068475 рублёў, так што дапамогу да навучальнага года атрымалі 322 сям’і. У гэтым годзе акцыя працягнута да 31 снежня. Бо, па словах Л. С. Мяжэвіч, бацькі і апекуны дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў адчуваюць патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы на набыццё школьных тавараў на працягу ўсяго года.
На дадзены момант у акцыі “Школьны партфель” паўдзельнічалі калектывы прадпрыемстваў “Цэнтраліт”, “Гомельтранснафта “Дружба”, бюро вандровак і экскурсій, электрамеханічнага завода, “Абл-тэлекама”, “Гомельграмадзянпраекта” і Гомельскай мытні. Дзякуй ім за гэта. Але ж так неабходна, каб як мага больш людзей падтрымала ужо дзяцей, што і так папакутавалі ў жыцці на самым яе пачатку. Гомельшчына заўсёды ганарылася добразычлівымі, душэўнымі жыхарамі. Дык дапаможам дзецям!
ГФ ОАО “Белинвестбанк”, р/с 3015206600017, МФО 151501768, УНН 400023078, ОКПО 057809545.
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать