Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


З ёй прыходзіць святло

1615 0 23:13 / 24.01.2008
У шэсць гадзін раніцы Гомель толькі абуджаецца ад сну, пачынаюць рух першыя тралейбусы. І яна, брыгадзір паштальёнаў Іна Міхайлаўна Байдак, шпарка кіруе ў сваё 28-е аддзяленне паштовай сувязі. Па звыклай завядзёнцы ўзіраецца
ў знаёмыя вокны кватэр: сёння зноў яна прынясе іх гаспадарам газеты і часопісы, пісьмы і паштоўкі. І так хочацца, каб навіны
і звесткі былі толькі радаснымі, не выклікалі слёз і засмучэння.
А ў кляновай алейцы па вуліцы імя Кожара завяршае свой баль бабіна лета. І шапацяць рознакаляровыя лісточкі — нібы пісьмы-напаміны дасылае прырода: спяшайся як мага больш паспець за сваё жыццё.
— А я і выбрала прафесію паштальёна, таму што люблю рух, зносіны з людзьмі, — дзеліцца Іна Міхайлаўна. — Іду вуліцамі і радуюся кожнай новай рысачцы на “твары” майго роднага горада, у якім нарадзілася і жыву. Здорава, што Гомель прыгажэе, становіцца яшчэ больш утульным і мілым сэрцу. І мне так хочацца, каб людзі больш усміхаліся і радаваліся.
Сёлетняя восень — 15-я на працоўным календары Іны Байдак у аддзяленні паштовай сувязі № 28. Тут, па яе прызнанню, у свой час атрымала добрыя “ўваходзіны ў прафесію” ад начальніка Валянціны Мікалаеўны Зайцавай, сапраўднага мэтра пошты.
Зараз у Іны ў самой у падначаленых 12 паштальёнаў. А ў даставачнай сумцы апрача газет і карэспандэнцыі — канверты, паштоўкі, некалькі кавалкаў мыла, пральны парашок, шампунь, — усё, што папярэдне заказалі ёй пенсіянеры. Ім і пенсію дадому дастаўляе, і прымае аплату за камунальныя паслугі, выконвае самыя розныя просьбы. Ну, скажам, адправіць аэра-граму дачцы ці сыну. Гэта — адзін з вельмі папулярных відаў перапіскі. Своеасаблівае пісьмо за 740 рублёў у розныя куткі свету, для якога не трэба ні канверта, ні ліста паперы. Проста пішаце на блакітным непрасвечваемым бланачку некалькі самых галоўных сказаў ці слоў: “Люблю. Памятаю. Чакаю.”
Для многіх пажылых людзей, з якімі давялося гутарыць, “самае галоўнае, што наша Іначка ўмее выслухаць, паспачуваць, параіць.” З якой радасцю адкрываюць ёй дзверы сем’і Цурганавых, Анохавых, Грытчанка і многія, многія іншыя. Жыццёвага вопыту хапае: па сённяшніх мерках І. М. Байдак — мнагадзетная маці. Разам з мужам, слесарам завода “Карммаш”, выгадавалі двух сыноў і дачушку. Дзіма і Яўген ужо на сваім хлебе, а Юлька сямікласніца, ды яшчэ і танцамі займаецца ў дзіцячай харэаграфічнай школе. І ў выхаванні дзяцей, лічыць Іна, добрую паслугу сыграла яе праца, якой змалку захоплена і дачка. Мабыць, вырасце і пойдзе па матулінай сцяжыне.
Аддзяленне паштовай сувязі № 28 абслугоўвае 7900 гамяльчан, жыхароў Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў. Многім з іх дастаўляе і нашу “Гомельскую праўду” Іна Міхайлаўна Байдак, паштальён першага класа. І мы шчыра віншуем яе і ўвесь калектыў паштавікоў Гомельшчыны з прафесійным святам!
Тамара КРУЧЭНКА
Фото Олега Белоусова
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg