Зарплату даюць... каровы
1243 0 23:13 / 24.01.2008
Вольга Пятроўна не думала, што так проста ўсё атрымаецца. Пасля чарговай дойкі кароў даяркі бавілі вольны час у чырвоным кутку сваёй фермы. Гаворка зайшла пра святочныя пакупкі. А тут якраз старшыня іх сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву “Губічы” М. А. Рыбік зайшоў. Звярнуў увагу, што Вольга Пятроўна сядзіць моўчкі. Міхаіл Аляксеевіч паціка-віўся, што за праблема непакоіць адну з лепшых даярак. Вось тут яна шчыра і паведала аб просьбе дзяцей.
— Чаго ж ты раней маўчала, — паўшчуваў жанчыну М. А. Рыбік. — Я не ведаў, што ў цябе яшчэ чорна-белы тэлевізар. Мы ж даем людзям беспрацэнтную пазыку на пакупку не толькі бытавой тэхнікі, а і мэблі, матацыклаў іншых рэчаў. Зараз жа пішы заяву.
— Дык усё адно ў даўгі залезу, а як і калі аддаваць?
— За год з зарплаты вылічым. А паколькі яна ў нас пастаянна павялічваецца, то і непрыкметна будзе. Больш малака надойвай, дык не толькі на тэлевізар грошай хопіць.
Зараз дзеці В. П. Сеі глядзяць праграмы па каляроваму тэлевізару. А маці з кожным месяцам атрымлівае грошай больш і больш. Нават перакрывае розніцу, якую з яе вылічваюць. І не толькі яна. Значна павысіліся заробкі ў Таццяны Іванаўны Цалуенка, Лідзіі Васільеўны Маталыгінай, Ганны Віктараўны Самойленка, іншых работнікаў жывёлагадоўчай галіны.
— У нас заработная плата прадумана з улікам выхаду прадукцыі, — расказвае галоўны эканаміст гаспадаркі Людміла Ула-дзіміраўна Кайтанава. — Вытворчасць малака пры высокай яго якасці пастаянна расце, а таму і заробкі ў жывёлаводаў павялічваюцца. Больш таго, не так даўно выплацілі дадаткова па сто тысяч рублёў кожнай даярцы, якая выканала заданне па надоях малака за летне-пашавы перыяд. А калі работнікі фермы справяцца з заданнямі сёлетняга зімова-стойлавага перыяду, то па яго заканчэнні атрымаюць дадаткова па 150 тысяч рублёў. Прэміі налічваюцца і штомесячна. Для пастаяннага павышэння надояў малака ўмовы ў кааператыве ёсць. І жывёлаводы выкарыстоўваюць іх спаўна.
М. А. Рыбік падрабязна расказаў аб тым, што да зімоўкі фермы былі своечасова і добра падрыхтаваны. Назапашана дастатковая колькасць грубых, сакавітых і канцэнтраваных кармоў, якія зараз рацыянальна выкарыстоўваюцца. Рацыёны збалансаваны па неабходных пажыўных рэчывах і вітамінах. Канцэнтраты выдаюцца каровам дыферэнцыравана з улікам прадуктыўнасці кожнай — па 300 грамаў дадаткова на кожны надоены кілаграм малака.
У асобную групу выдзелена найбольш прадуктыўная жывёла. Гэта група пастаянна папаўняецца за кошт першацёлак, якія вырашчаны ад самых высокаўдойных кароў. Менш прадуктыўная жывёла пастаянна выбракоўваецца.
— Я добра памятаю той час, калі ў Гу-бічах адставалі ад іншых гаспадарак па надоях малака, — разважае старшыня Буда-Кашалёўскага райсельгасхарчу А. Ф. Шруб. — Людзям месяцамі не плацілі заработную плату. А зараз гэта гаспадарка па вытворчасці і рэалізацыі малака адна з лепшых у раёне, пастаянна працуе са станоўчай дынамікай.
У гэтыя зімовыя дні ў сярэднім ад каровы ў суткі ў Губічах надойваюць больш сямі кілаграмаў малака, а прыбаўка ў параўнанні з адпаведнымі леташнімі днямі перавышае два кілаграмы.
— У 2003 годзе мы ў цэлым за год ад каровы атрымалі па 2735 кілаграмаў малака. А летась на такі паказчык выйшлі ўжо за дзесяць месяцаў. За год у цэлым надоі перавысілі 3100 кілаграмаў, — удакладняе М. А. Рыбік. — Толькі ад рэалізацыі малака атрымліваем грашовую выручку ад 45 да 50 мільёнаў рублёў. А на месячную зарплату для ўсяго калектыву зараз трэба да 40 мільёнаў. Выходзіць, калі гаварыць вобразна, зарплату даюць нам... каровы.
Сцяпан БАЛОТКІН
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать