27 гадоў назад не стала Барталамееўкі. Масавае адсяленне яе жыхароў пачалося праз пяць гадоў пасля выбуху на чацвёртым энергаблоку ЧАЭС. Што засталося ад некалі вялікай і прыгожай вёскі на Веткаўшчыне, вёскі майго дзяцінства?
Сняцца сны аб Барталамееўцы
Днямі майму бацьку Мікалаю прыснілася яго мама. Памерлая яшчэ ў 1976 годзе жанчына расказвала, дзе ў Барталамееўцы трэба пабудаваць новую хату. Бацька падрабязна распавядаў свой сон, а на мяне нахлынулі ўспаміны, яркія карцінкі з дзяцінства. Быццам бы наяве ўбачыла вялікую (аж да неба) бярозу перад бабулінай хатай, самыя прыгожыя ў свеце касмеі, якія расквечвалі летам агародчык ля дома, грушу на двары — кожны год яна давала незлічоную колькасць невялікіх, але вельмі салодкіх пладоў. Прыгадалася, як любіла карміць маленькіх, зусім ручных куранятак, якіх гадавалі бацькавы сёстры — цёткі Маня і Надзя...
Барталамееўка — самая вялікая з адселеных вёсак Веткаўшчыны, былы цэнтр сельсавета. Тут працаваў торфабрыкетны завод, жыхары маглі пахваліцца сярэдняй агульнаадукацыйнай школай, інтэрнатам, пяццю магазінамі, двух- і трохпавярховымі цаглянымі будынкамі... Зараз на іх месцы — руіны. У вёсцы перакрыжоўваліся чатыры вуліцы — Сяло, Куток, Бачок і Наваселле. Вядома, гэта не афіцыйныя іх назвы. Сучасныя Пралетарская, Савецкая і Камсамольская, якія з’явіліся на шыльдах дамоў недзе ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, не надта прыжыліся сярод вяскоўцаў.
Варфаламееўка (так называюць вёску некаторыя былыя жыхары) перажыла Вялікую Айчынную вайну. Адолела і страшэнны пажар у 1948 годзе, які знішчыў больш за сотню дамоў. Адбудавалася. У 1959-м тут налічвалася каля 850 жыхароў. А вось «мірны атам» не перажыла... У 1992 годзе ў чыстую зону з вёскі перасялілі 340 чалавек.
Больш за 10 гадоў я там не была. З’явілася неадольнае жаданне наведаць малую радзіму, прыхіліцца да бярозы, што стаяла ля дома бабулі Наталлі Канстанцінаўны.
Дарога дадому
Барталамееўкі на многіх сучасных картах ужо няма. Нават калі добра ведаеш дарогу ў вёску, трапіць туды не так і проста. Каб заехаць на адселеную тэрыторыю, трэба аформіць у спецыялістаў адміністрацыі зон адчужэння і адсялення пропуск. Інакш — штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. Толькі на Радуніцу можна без дазволу трапіць на забруджаныя радыяцыяй могілкі. Як расказаў галоўны спецыяліст адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пяршко, у гэтым годзе на Веткаўшчыне было выдадзена амаль 780 прапускоў — для грамадзян і юрыдычных асоб. Нямала і тых, хто самавольна наведвае «закрытыя» тэрыторыі. Часцей за ўсё прыязджаюць у грыбы-ягады, рыбу палавіць. У гэтым годзе 10 пратаколаў на парушальнікаў склалі спецыялісты адміністрацыі і яшчэ 57 — супрацоўнікі міліцыі. Гэта менш, чым у багатым на грыбы 2017-м.
У нялёгкім падарожжы на малую радзіму мяне суправаджаў Аляксандр Пяршко. Іду па вуліцы Савецкай, на якой стаяў бабулін дом, і нічога не пазнаю. Па словах бацькі, на Сяле (так раней называлася вуліца) спрадвеку ставілі хаты прадстаўнікі нашага радаводу. Тут стаялі царква (потым клуб), аддзяленне сувязі, бібліятэка, сталоўка, магазіны... Амаль што ў кожнай хаце жылі майстры і майстрыхі. Глуханямы Агей Жукаў быў адметным бандаром. Старэйшая дачка Хомкі Марэйка ляпіла з гліны выдатны посуд. Іван Халадзілін з дрэва і металу мог зрабіць літаральна ўсё неабходнае для сельскага жыцця. Піліп Сокалаў быў добрым цесляром... Людзі Сяла жылі адной сям’ёй, не заводзілі сварак, імкнуліся дапамагаць адзін аднаму.
Успамінаю бацькавы словы і пільна ўзіраюся ў здзічэлыя краявіды. Ад ранейшай вуліцы амаль нічога не засталося. Замест шырокага асфальтавага палатна, якое з’явілася пасля катастрофы на ЧАЭС, амаль што лясная сцяжына. Паабапал дарогі шчыльнай сцяной узнімаюцца высачэзныя дрэвы-самасеі, густа буяе разнастайнае кустоўе. Дзікі ажыннік, маліннік, учэпістая абляпіха... Усё пераплятаецца, ствараючы часам нерэальныя, нават сюррэалістычныя малюнкі. Увесь час нешта шапацела ў траве і кустах, многа яшчарак. Напэўна, і змей хапае, баялася прыглядацца. На душы — няўтульна і сумна. З цяжкасцю знайшла месца, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся і вырас бацька.
Не верыцца, што вёску закапалі менш за трыццаць гадоў таму. Змены ў ландшафце значныя. Зніклі нават пагоркі ад закапаных будынкаў. Аб тым, што тут жылі людзі, нагадваюць адзінкавыя яблыні. Дарэчы, ураджай у гэтым годзе зайздросны і ў «зоне». Галіны дрэў ламаюцца ад пладоў. Не вытрымала і паспрабавала яблык. Смачна!
Знайшлі крыж, узведзены на месцы былой Свята-Мікалаеўскай царквы. Тэрыторыю вакол царквы (Дома культуры) называлі цвінтаром. У памяці бацькі назаўсёды засталася буслянка на адной са шматлікіх векавых ліп цвінтара: у дзяцінстве ён любіў назіраць за белакрылымі дарослымі птушкамі і буслянятамі ў гняздзе на баране. Нічога не замінала буслам: ні людскі гоман на цвінтары і рыначку, ні рух транспарту. А калі над вёскай запанавала мёртвая цішыня, буслы пакінулі гняздо...
У добрым стане брацкая магіла салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія палеглі пры вызваленні Барталамееўкі.
Рабінзоны зоны
Веткаўшчына пасля катастрофы на ЧАЭС страціла 55 населеных пунктаў. Барталамееўка — адзіная ў раёне адселеная вёска, дзе жывуць людзі. Без электрычнасці, газу і сувязі. Не ходзіць сюды і аўталаўка. Быў час, калі ў вёсцы жыло чалавек 15. Большасць з іх разам з астатнімі жыхарамі атрымалі ў чыстай зоне новае жыллё, але па розных прычынах вярнуліся. Усе пасяліліся на адной вуліцы — Камсамольскай, каля калодзежа: разам прасцей выжыць. Стварылі своеасаблівы хутарок. З кожным годам самасёлаў становіцца ўсё менш. Зараз у Барталамееўцы засталося два чалавекі. Карэнны жыхар вёскі Мікалай Гардуноў і Пётр Белякоў. Дарэчы, яны таксама афармляюць пропускі — адразу на год.
З Мікалаем, на жаль, не пагутарыла, дом быў зачынены: напэўна, паехаў у Ветку. А Пятра Леанідавіча засталі за копкай бульбы. Агарод у мужчыны невялікі, вырошчвае «ўсяго патроху» — аднаму хапае. Як жывуць? За прадуктамі і пенсіяй ездзяць у райцэнтр. Дапамагаюць адзін аднаму. Гаспадарку вядуць, грыбы-ягады збіраюць. Няма газу? «Дык з дровамі ж праблем няма, усё пазарастала, рубі, колькі хочаш», — адказвае Пётр. Дзікіх звяроў не баіцца: ваўкі не заходзяць, а кабаноў з-за чумы пастралялі. Белякоў родам з суседняй Вараб’ёўкі. Пасля адсялення жыў у Ветцы, але згарэў дом. І ў 1995 годзе пасяліўся ў Барталамееўцы, разам з Любоўю Галушка з Петухоўкі. На жаль, жанчына ўжо памерла.
На Камсамольскай засталося пяць дамоў. Самай «жывой» выглядае хата Алены Музычэнкі. Але там ужо ніхто не жыве. Іван Барысавіч памёр некалькі гадоў таму, а Алену Мікітаўну ўзяла да сябе дачка. Раней хата Музычэнкаў была своеасаблівай візітоўкай адселенай вёскі, да іх часта прыязджалі журналісты, іншаземцы, прывозілі гуманітарку. Рабінзоны трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову, гусей, садзілі гарод. У доме — чысціня і прыгажосць. Зараз, па словах Белякова, госці наведваюцца ў вёску радзей.
Голас зніклай вёскі
Усё часцей у нашых размовах з бацькам усплывае слова «могілкі». Ён любіць расказваць, у якім цудоўным месцы яны знаходзяцца ў любай Барталамееўцы. Неяк прызнаўся, што апошні прытулак хоча знайсці ў роднай вёсцы. Раней я такія размовы спыняла, а потым зразумела: гэта не столькі гутаркі пра смерць, колькі ўспаміны пра жыццё. Пра жыццё роднай вёсцы, сваякоў і знаёмых. Бацька ўсё часцей звяртаецца ў сваіх успамінах да Барталамееўкі, дзе ўсё блізкае і да макаўкі роднае.
На барталамееўскіх могілках пануе парадак, зроблена добрая агароджа. Як ні дзіўна, амаль усе магілы дагледжаныя. На Радуніцу «да родных ніў» прыязджаюць перасяленцы з розных куточкаў Беларусі — прыводзяць да парадку магілы не толькі сваякоў, а і былых суседзяў, знаёмых.
Могілкі ў зніклых вёсках — напэўна, самае «жывое» месца. З кожным годам прырастае магіламі Барталамееўка. Калі яе жыхары вымушана пакідалі вёску, верылі: пройдзе некалькі гадоў, і яны абавязкова вернуцца. І яны вяртаюцца. Пасля смерці. Пройдзе яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, усё канчаткова пазарастае, і толькі могілкі будуць доказам таго, што некалі тут жылі людзі.
Барталамееўкі няма. Чаму ж я чую яе голас?