Сёння землякі, пісьменнікі рэгіёна спагадна-шчыра згадваюць гэтага чалавека, які сваімі аповесцямі «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы з Санькам артылерысты» і «Мы — хлопцы жывучыя» прынёс шырокую вядомасць сваёй малой радзіме. Гэта знакамітая і любімая рознымі пакаленнямі трылогія перакладзена на рускую, украінскую, літоўскую малдаўскую, латышскую, армянскую, балгарскую і іншыя мовы народаў свету.
У далёкім 1947 годзе пасля сканчэння сямігодкі Іван Сяркоў паступіў у Мінскае падрыхтоўчае артылерыйскае вучылішча, служыў у арміі. Потым Іван Кірэевіч працаваў у раёнцы «Маяк». З 1960-га года Сяркоў на Гомельскай абласной студыі тэлебачання, літаральна праз год ён галоўны рэдактар, завочна скончыў журфак Белдзяржуніверсітэта. Лёс каля 30 гадоў звязаў гэтага цудоўнага чалавека з тэлебачаннем. З 1977 года Іван Кірэевіч узначальваў сакратарыят абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У гэты ж год пісьменнік стварыў кінасцэнарый тэлевізійнага мастацкага фільма «Мы— хлопцы жывучыя», які быў пастаўлены Белтэлефільмам.
Да 80-годдзя пісьменніка ў 2009 годзе на доме № 1 па вуліцы Першамайскай у Пакалюбічах, дзе Іван Кірэевіч жыў са сваёю музай Любоўю Андрэеўнай, была адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць пра славутага земляка. У Гомельскім краязнаўчым музеі ў Пакалюбічах створана экспазіцыя і да 87-годдзя пісьменніка адкрыта фотадакументальная выстава «Шляхам жыцця».
>