Упэўненыя крокі ў новае стагоддзе
1354 0 23:13 / 24.01.2008
Вольга МОХАРАВА,
начальнік райсельгасхарчу Гомельскага райвыканкама:
— У мінулым годзе мы працавалі над фінансавым забеспячэннем праграмы і стварэннем яе фундаменту. Летась занялі першае месца ў вобласці і ўвайшлі ў шасцёрку лепшых раёнаў рэспублікі па выхаду збожжа на балагектар. Сярэднюю ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур давялі да 31 цэнтнера з гектара, а валавы збор хлеба — да 52 тысяч тон. Сёлета маем намер гэтыя паказчыкі адпаведна павялічыць да 35 цэнтнераў і 60 тысяч тон. Ужо зараз закладваецца добрая аснова будучаму ўра-джаю. Зроблены ўсе магчымыя захады, каб веснавую сяўбу правесці на высокім агратэхнічным узроўні і, зыходзячы са спазненнем вясны, у самыя кароткія тэрміны.
Мы таксама знаходзімся ў ліку перадавых раёнаў рэспублікі па вытворчых паказчыках у жывёлагадоўлі, якія пастаянна павялічваем. Трэба падкрэсліць і той факт, што прагнозныя паказчыкі першага квартала па валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі значна перавыканалі. А гэта, на маю думку, таксама пэўны ўклад у ажыццяўленне праграмы адраджэння вёскі.
Сяргей ШАЎЧУК,
дырэктар КСУП “Саўгас “Камінтэрн” Буда-Кашалёўскага раёна:
— Добра ведаю псіхалогію і намеры вяскоўцаў. Яны хочуць і імкнуцца жыць камфортна, максімальна набліжана да гараджан. А для гэтага ў першую чаргу трэба мець дабротнае жыллё, добрыя ўмовы быту і адпачынку. Аб паляпшэнні ўсебаковых умоў жыцця вяскоўцаў падкрэсліваецца і ў праграме адраджэння вёскі. Нямала ўвагі ўдзяляецца жыллёваму будаўніцтву. Мы, як і многія іншыя сельгаспрадпрыемствы, не пазбеглі фінансавых цяжкасцей. І тым не менш, пастаянна будуем дабротнае жыллё для сваіх вяскоўцаў. Летась, напрыклад, работнікі саўгаса, у пераважнай большасці сем’і маладых спецыялістаў, справілі наваселлі ў прасторных дамах прысядзібнага тыпу. У бліжэйшы час будзем уручаць ключы ад такіх жа домікаў, якія пабудаваны ўжо сёлета.
Многае робім па вырашэнню іншых сацыяльных праблем вяскоўцаў. У нас добрая заработная плата, а ў час неадкладных палявых работ асобныя механізатары зарабляюць у месяц па паўтара мільёна рублёў. Упэўнены, што такія заробкі будуць і ў красавіку, бо пачынаем шырокім фронтам весці палявыя работы.
Пётр ДАВІДЗЮК,
начальнік участка ВСК “50 гадоў Кастрычніка” Рэчыцкага раёна:
— На ўласным вопыце пераканаўся, што адной з эфектыўных форм рэфарміравання аграрнай галіны з’яўляецца далучэнне эканамічна слабых гаспадарак да моцных. Менавіта такім чынам былы вытворчы сельскагаспадарчы кааператыў “24 з’езд КПСС”, які ў раёне адставаў па ўсіх пазіцыях, увялі ў састаў перадавога ВСК “50 год Кастрычніка”. Прама скажу, вяскоўцы зажылі значна лепш. Узраслі вытворчыя паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, а разам з імі і заработная плата. Работнікам выдаецца дадаткова ў выглядзе натуральнай аплаты збожжа. Жывёла прыватнага сектара забяспечваецца сенам. Забудоўваецца вёска. А галоўнае, што самі людзі прыйшлі да высновы: калі плённа працуеш, то і ў вёсцы можна жыць па-людску.
Падрыхтаваў
Сцяпан БАЛОТКІН
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать