Субкультура: найкруцейшая тусоўка апошняй пяцігодкі
1993 0 23:13 / 24.01.2008
Народ заводзілі сваім майстэрствам лепшыя беларускія ды-джэі, а таксама госці DJ Шумаў (Украіна), DJ Пламскі (Стакгольм), DJ Компас-Врубель (Масква), DJ Marius (Вільнюс), DJ Mindaugelius (Клайпеда) і іншыя. Усе яны разам даказалі, што ды-джэй — не той чалавек, які проста ставіць кружэлкі, а той, хто стварае музыку прама тут і прама зараз, шляхам сінтэзу розных трэкаў, якія, накладваючыся адзін на другі, уяўляюць сабой штосьці новае, гэткі сплаў майстэрства і мастацтва.
Атмасфера была выдатная, так што нават я, хоць і не вельмі люблю тусавацца, захацела застацца і адрывацца разам з усімі! І, вядома, пагутарыць пра тое-сёе з героямі “Субкультуры”.
DJ Палёны (Мінск):
— Вельмі хочацца данесці да людзей музычную культуру, ды-джэінг як від мастацтва. Сам я натхняюся тут, у Гомелі. Зараз хачу даць жыццё новаму праекту “Lady DJ”. Як вынікае з назвы — гэта будзе школа ды-джэінга для дзяўчат. Сёння шмат іх прагне займацца клубнай музыкай, але прафесіяналізму ім бракуе. “Lady DJ” якраз і ствараецца, каб дапамагчы такім людзям. І яшчэ адным з грандыёзных планаў магу падзяліцца — хачу стварыць свой тэатр на аснове ды-джэінгу. Усё наша жыццё — гэта імправізацыя дзеянняў, эмоцый, прыкладна тое ж самае адбываецца і ў ды-джэінгу. Тэатр — гэта таксама імправізацыя, так што, я думаю, гэта будзе ўдалы праект! Чытачам вашай газеты хачу сказаць наступнае: глядзіце ўважліва адзін на аднаго і не шкадуйце дарыць свае эмоцыі! Любіце адзін аднаго, і я таксама вас усіх люблю!
DJ El-dar (Гомель):
— Я б назваў “Субкультуру” самай вялікай клубнай падзеяй пяцігодкі ў горадзе! Гамяльчане, як мне здаецца, аматары “цяжкай” музыкі, і тым не менш мне спадабалася тут выступаць. DJ — гэта “гандляр шчасця”, а таму ўсё робіцца на карысць публікі. Галоўнае, каб народу было весела, а астатняе — пабочнае. Замінала толькі адзінае: на двух танцполах у адзін і той жа час выступалі такія людзі, як DJ Палёны і DJ Компас-Врубель. Прыйшлося разрывацца паміж імі.
DJ Черепoff (Гомель):
— Сёння ў Гомелі мае месца быць адно з найбольш масавых і якасных музычных мерапрыемстваў года! Мне прыемна быць саўдзельнікам гэтага свята! Кожны ды-джэй, які тут сёлета выступае, — зорка. І публіка адмысловая, сабраліся людзі вельмі прасунутыя ў плане клубнасці, якія добра разумеюць, што такое ды-джэінг!
Сяргей Ціханоўскі, арганізатар “Субкультуры”:
— У мяне з’явілася ідэя наладзіць такі фэст, як “Субкультура”, пасля таго, як я паездзіў па вечарынках Масквы, Кіева і зразумеў, што ў Гомелі такой маштабнасці няма. А гэта няправільна: нашы людзі таксама маюць права пакаўбасіцца! Вось мы і сабралі шэраг ды-джэяў, майстроў сваёй справы. А тое, што столькі народу прыйшло сюды за два дні, яскрава сведчыць: клубная культура папулярная ў горадзе і такія буйныя вечарыны запатрабаваныя. Я зраблю ўсё, каб фестываль стаў традыцыйным і штогадовым! На тусоўцы галоўнае — добры настрой і станоўчая энергетыка. На нашых мерапрыемствах яны заўсёды прысутнічаюць!
DJ Marius, DJ Mindaugelius:
— Раз у год мы абавязкова прыязджаем у Гомель, нам тут падабаецца. І публіка нас любіць і пазнае, што вельмі прыемна. Хоць, вядома, мы часцей у Лондане і Амстэрдаме. Параўнаць іх з Гомелем немагчыма, бо тут проста няма такіх магчымасцей для рэалізацыі. Аднак арганізатары стараюцца, а мы ім дапамагаем узнімаць узровень клубнай культуры. Ды і народ так жа весяліцца! У вас ёсць таленавітыя ды-джэі, але аднаго таленту недастаткова. Трэба фінансы, каб ды-джэй мог сёння сесці ў самалёт і набыць новыя кружэлкі, скажам, у Лондане. Пакуль што тут гэта немагчыма. А ў нас нават графік выступленняў размеркаваны далёка наперад. Аднак вы любіце музыку, і таму ў вас з часам таксама будзе сусветны яе ўзровень!
Наталля Старчанка
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать