Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


З новым пашпартам – у год 2020-ы. Ветэран Рыгор Серакоў сустрэў сваё 100-годдзе ў Гомелі

7195 0 21:45 / 11.01.2020
Ураджэнец вёскі Драгунск Рагачоўскага раёна перажыў горыч ваеннага адступлення, варожы палон і дачакаўся ўласнага 100-годдзя.

IMG_3375.JPG
Рыгор Якаўлевіч Серакоў

Рос на роднай глебе

Рыгору Серакову 7 студзеня споўнілася 100 гадоў. На жыхарства ў Гомель перавёз бацьку з малой радзімы сын Уладзімір. У дыхтоўным двухпавярховым доме на вуліцы Электроннай, што падалася мне гомельскай Руб­лёўкай, каля навагодняй ёлачкі, пад маналогі Рыгора Якаўлевіча, нібы крочыла за ім яго векам.

Сям’я Сераковых была шматдзетнай: Рыгор – старэйшы з сямі дзяцей. Усе працавалі на зямлі, дапамагалі бацькам. У пяты клас хлопчыку давялося пайсці за 6 кіламетраў, у вёску Зямніца тады Прапойскага раёна, таму бацька наняў кватэру для сына. Калі здарылася бяда і пасля траўмы Якаву Серакову адрэзалі нагу, галоўным сейбітам стаў Рыгорка. У 1937 годзе калгас накіраваў яго вучыцца на бухгалтарскія курсы ў Рагачоў. Ішло ўзбуйненне гаспадарак, злучэнне невялікіх пасёлкаў, хутароў.

– У 1939-м бухгалтарам у нашым калгасе працаваў былы прапаршчык царскай арміі Кузьма, прозвішча, на жаль, не памятаю, – падзяліўся ветэран. – Чалавек ён быў высокай культуры, адукацыі, і я шмат чаму ў яго навучыўся. Прапаноўваў мне, 18-гадоваму, за­няць яго пасаду. Не згадзіўся: быў памочнікам, касірам. А потым пайшоў нарыхтоўшчыкам малака на Доўскі малочны пункт.

Гэта работа юнаку вельмі падабалася. Давялося бываць у розных вёсках раёна, сустракацца з людзьмі, набываць так неабходны жыццёвы вопыт. Ды і плацілі добра, 400 рублёў.

Армейскія будні

У кастрычніку 1940-га прыйшоў час яго армейскага прызыву. Трапіў у горад Дзвінск (латвійскі Даўгаўпілс – заўвага аўтара) у стралковы полк. Па прызнанні ветэрана, на той час вельмі адчувальнай была адсутнасць вышэйшага каманднага саставу. Ваенная навука была такая: радавы састаў пяхоты ўдзельнічаў у 35-кіламетравых маршах, загартоўваўся фізічна. Хутка Рыгора Серакова прызначылі батальённым радыстам, і, па прызнанні ветэрана, для яго гэта была «лёгкая работа».

За шэсць дзён да пачатку Вялікай Айчыннай паступіла задача рухацца ў бок літоўскага Каўнаса, ішлі па 45 кіламетраў у суткі. Іх стралковая дывізія павінна была абараняць гэты горад. Ён з першага дня вайны быў падвергнуты бамбардзіроўцы і моцнаму абстрэлу гітлераўскай авіяцыі. Да таго ж у самім Каўнасе праціўнікі савецкай улады вялі ўпартае супраціўленне, абстрэльвалі нашых воінаў з дахаў, вокнаў, барыкад. 

– Чатыры дні той вайны ніколі не забуду, – дзеліцца Рыгор Якаўлевіч. – Быў цяжка паранены. Цудам узвод сувязі падабраў мяне, паспелі вывезці з Літвы, далей – у Вялікія Лукі. Адтуль трапіў у шпіталь. Аднак немец наступаў, і шпіталі рухаліся далей ад перадавой. Лячылі мяне ў Асташкаве, Тарж­ку, Верх­нім Валачку, Калініне, потым у Маскве. Адрас, здаецца, памятаю: вуліца Басманная, 20. Начальнік шпіталя, палкоўнік, беражліва адносіўся да нас.

Давялося Серакову ўдзельнічаць у народным апалчэнні на будаўніцтве абарончых збудаванняў каля расійскай сталіцы. Там прадстаўлялі і кароткатэрміновыя водпускі, ды ён прасіўся на перадавую. Трапіў на зборны пункт у Тулу, на фарміраванне новага палка. Потым – пад Ленінград.

Пашанцавала... не загінуць

Колькі было перажыта пад Старой Русаю, калі іх полк трапіў у акружэнне, а потым яго кінулі на прарыў, зразумела і без слоў. Дзядуля Рыгор доўга моўчкі глядзіць праз акно кудысьці ў аднаму яму вядомую далечыню і нібы чэрпае адтуль дэталі сваёй асабістай вайны. Згадвае, як яго пакінулі выдаваць прадукты байцам, што выйдуць з акружэння:
– Апошнімі былі старшы лейтэнант і лейтэнант. Я ім нагрэў чаю, аддаў астатняе. Паведаміў: не ведаю, што рабіць, бо загада больш ніякага не атрымліваў. Яны ж мне толькі і сказалі: «Дзякуй, салдат». Гэтае «дзякуй» запамятаў на ўсё жыццё...

Рыгор сам ішоў да перадавой. У жніўні 1941-га каля Валдая кадравы вайскоўца, старшы лейтэнант, прызначыў беларуса адказным за выдачу боепрыпасаў. Пазней Серакову даручылі дастаўляць данясенні ў штаб дывізіі. Зноў шанцы выжыць, здавалася б, у безвыходных сітуацыях, калі, напрыклад, ступіў на замініраванае гітлераўцамі поле. Ці пазней, калі тупаў з чарговым данясеннем у штаб дывізіі, а маёр-пагранічнік спыніў загадам вяртацца назад: маўляў, заўтра чакаецца наступленне праціўніка. 

Калі з’явіўся сайт «Мемарыял», сын Валодзя прачытаў звесткі пра бацьку. І сапраўды, мароз па скуры, калі на запыт па прозвішчы атрымліваеш у адказ: «Сераков Григорий Яковлевич. 904 стрелковый полк, рядовой, убит 27.10.1941 г. Ленинградская обл. Демянский район, д. Исаков»...

Ды вось жа ён перада мною, Рыгор Якаўлевіч Серакоў, напярэдадні свайго ўласнага 100-годдзя! У шчырым сямейным коле, сярод малодшага сына, унука і ўнучкі. Шчаслівы, што ступіў у год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа над фашызмам. Ён, радавы Серакоў, спаўна ведае, што такое нацызм.

У варожым палоне

З чарговага акружэння не здолеў выйсці. Палон. Па чыгунцы даставілі туды, адкуль пачыналася яго армейская служба, у Латвію. Трымалі палонных у канюшні. Потым чарговы этап: Польшча, затым Германія.

– Нас, 30 чалавек, выбралі для работы ў баўара. Выкарчоўвалі пні дубовага гаю, раўнялі пляцоўку зямлі. Жылі ў цаг­ляным хляве. Аднак найцяжэй было вытрымаць пазнейшае знаходжанне ў лагеры за калючым дротам, – выгукае дзядуля. – Кармілі зусім дрэнна, буханка хлеба на суткі на пяцёх. Я там так дайшоў, што не мог без дапамогі падняцца на свой трэці ярус нар. Нічога няма страшней галоднай смерці! За ўзятую морквіну мяне так збілі розгамі, што ледзь выжыў...

Затым ён трапіў у Гамбург, на прадпрыемства, дзе немец вучыў рабоце на габлявальным станку. Яму ж, селяніну, больш звыклай была праца на зямлі. Калі ў чарговы раз спыталі, хто па спецыяльнасці, Серакоў адказаў: «Селянін».

– Трапіў, памятаю, з яшчэ пяццю палоннымі да гаспадара па прозвішчы Гутвар. Ён выкарыстоўваў нас як рабсілу для таго, каб падняць свой зямельны ўчастак ад затаплення вадой. Для гэтага мы на Эльбе цягалі тачкамі рачны пясок на баржу, потым выгружалі на пляцоўку. Амаль год так працавалі, пакуль таго гаспадара не прызвалі ў армію. А на маю шыю новы хамут, нейкі Дрэкман, у якога яшчэ 9 такіх, як я: падсобнымі рабочымі працавалі да 1944-га дзесь у кіламетрах дзесяці ад Гамбурга, пакуль не прыйшлі саюзнікі.

Якаўлевіч распавядае, як у час работы на ачыстцы каналаў стрэў маладзейшага земляка, Васіля. Той, ураджэнец Прапойскага раёна Магілёўшчыны, у свой час трапіў у палон па абвінавачванні ў забойстве немца ў вёсцы Рагі, хаця на самой справе да гэтага не меў дачынення. Што казаць, вайна пракруціла людзей праз такія жорны самых розных выпрабаванняў, што і ацалець быў шанц мо толькі божым абраннікам?

IMG_3382.JPG
Рыгор Якаўлевіч з унукамі Алінай і Дзянісам

Горыч хай застанецца ў мінулым

Саюзнікі перадалі палонных нашым. У горадзе Штэрнберг прайшлі праверку і працавалі на пагрузцы станкоў. Праз два месяцы ўжо ў Картуз-Бярозе быў сфарміраваны батальён з былых палонных. Павезлі на Данбас, у Макееўку. Там Серакоў будаваў новую шахту Заходняя Ханжонаўка, рабіў да 15 снежня 1946 года. Разлічыўся. Вярнуўся дадому, да звыклых сялянскіх клопатаў. Ажаніўся на прыгожай зямлячцы Паліне, якая вывучылася на настаўніцу малодшых класаў. Сцяпанаўна шчыравала ў школе, Якаўлевіч у калгасе. Быў бухгалтарам, брыгадзірам паляводчай брыгады, 12 гадоў адпрацаваў ужо на пенсіі.

– Бацька век звязаны з зям­лёю, і калі я раіўся з ім, буда­ваць кватэру ці дом, наважыў, каб быў дом на зямлі. Бы адчуваў, што прыедзе сюды, – падзяліўся 54-гадовы Уладзімір, працаўнік адной з гомельскіх фірм па рамонту станкоў. – І хаця ў нас тут зямлі небагата, любіць дапамагчы ў пераборцы бульбы, іншай гародніны. Ды ўжо і да гарадскога жыцця прывык, усіх выгод. Штогод падлечваецца ў шпіталі. Слых дзядулю нашага падводзіць. А ціск што трэба: 120 на 80.

У Гомелі, дарэчы, жыве і дачка Марыя, ветэран педагагічнай працы. Старэйшая, Таццяна, таксама пайшла па мацярынскай лініі, адшчыравала настаўніцай у Расіі. Сын Мікалай, зваршчык па прафесіі, асеў у Магілёве.

У Рыгора Якаўлевіча ўжо 8 унукаў, 9 праўнукаў! Фотакалейдаскоп сямейных святаў, сустрэч з роднымі займае, лічы, сцяну. І як не парадавацца за чалавека, які ўступіў у свой новы век, пакінуўшы ў старым столькі пакут? Ці не таму ў адказ на маё віншаванне і пажаданне здароўя Рыгор Якаўлевіч сказаў: «Усім мірнага жыцця. Цаніце яго. Зямлю сваю любіце».

Фото автора
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg