Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


"У тым жудасным жыцці мы чакалі смерці"

1501 0 23:13 / 24.01.2008
Напярэдадні свята Перамогі я вырашыла завітаць
у госці да аднаго з вязняў нямецка-фашысцкага канцлагера “Азарычы” Георгія Раманавіча Муравіцкага. Дзверы ў кватэру мне адчыніў мужчына сярэдняга росту, з сівымі валасамі і барознамі зморшчын на смуглявым твары, з глыбокімі
добрымі вачыма блакітнага колеру. За кубкам гарбаты мы пачалі нашу размову.

— Георгій Раманавіч, раскажыце, калі ласка, якім чынам вы трапілі ў канцлагер «Азарычы»?
Было гэта ў канцы лютага 1944 года. Звычайная вясковая раніца, маці запаліла ў печы. І вось нечакана заходзяць да нас партызаны. Бацька пытае: “Навошта прыйшлі? Бо калі фашысты даведаюцца, да каго заходзілі партызаны, не пакінуць у сям’і нікога жывымі... Адзін з партызанаў кажа, што пад вёскай ужо нашы салдаты. “А мы ж нічога не чулі”, — адказвае бацька. А ўжо хвілін праз сорак пачаўся бой, і першага немца забілі на нашым двары. У выніку гэтага бою наша вёска была захоплена фашыстамі. Усіх жыхароў, якія не змаглі схавацца ці ўцячы, пагналі на Азарычы, дзе на той час было ажно тры канцлагеры. Мне тады было сем год.
— Што адбывалася там? І як доўга вы знаходзіліся ў канцлагеры?
— Я там быў з канца лютага да сярэдзіны сакавіка. Людзі пакутавалі, хварэлі на тыф. Немцы наўмысна распаўсюджвалі хваробу, каб знішчыць болей людзей. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам, а па перыметры — замініраваная. Людзі паміралі кожны дзень... Не давалі ні піць, ні есці. Уяўляеце?! Вільгаць высмоктвалі з зямлі ці пілі з балота, куды выносілі трупы. Раз на тыдзень кідалі хлеб праз калючы дрот, але так, каб згаладалы да цемрашальства чалавек мог падарвацца, трапіць у мінную пастку. Людзі ў адчаі кідаліся на дрот.
Страх і жудасць скоўвалі свядомасць... Ніхто ні на што не спадзяваўся, усе чакалі смерці. Калі нас вызвалілі савецкія войскі, усіх, хто выжыў, выводзілі па вузкай размініраванай сцежцы. Былі і такія, хто не мог самастойна ісці. За імі прыязджалі і вывозілі на працягу двух дзён.
— Як выжывалі вы ў тых нялюдскіх умовах?
— Мароз быў пад дваццаць градусаў... Ад холаду ратаваліся тым, што збіваліся, як жывёла, у гурты, чакалі сваёй чаргі... Вогнішча раскладаць забаранялася. Толькі памятаю, калі прыехаў нейкі нямецкі начальнік, нам дазволілі раскласці цяпельца. А праз некаторы час на тэрыторыі раздаўся жудасны лямант. Гэта крычалі і стагналі людзі, што грэліся каля агню: яны пачалі “адтаваць”, адаграваць свае здранцвелыя на марозе косці... Фашысты тады загадалі раскідаць вогнішчы.
— Пасля вызвалення вы былі шпіталізаваныя?
— Не, усіх накіраваць на лячэнне, пакласці ў шпіталь не маглі. Туды клалі хворых на тыф. Былі размеркавальныя пункты, дзе мы праходзілі медагляд. Там нас кармілі. Шмат хто памёр ад тыфу пасля вызвалення. Яшчэ добра памятаю вось што. Немцы засылалі ў лагер сваіх разведчыкаў, якія былі прывітыя ад тыфу. Гэтыя засланцы падлічвалі хворых і памерлых непасрэдна ад тыфу, каб потым можна было рабіць справаздачы аб паспяховым прымяненні своеасаблівай бактэрыялагічнай зброі.
— Як склаўся лёс вашай сям’і пасля вызвалення?
— Былі з намі яшчэ дзве сям’і. Разам трымаліся. Вярнуліся, канешне, у родную вёску. Я прыгадаў, што мы закапалі перад выгнаннем некаторыя харчы. Пайшлі шукаць, але ж ямкі былі пустыя... Усё ж нам выдзялялі пайкі: адна бляшанка кансерваў на чалавека ў тыдзень.
Пасля гэтай гутаркі я ўсвядоміла, што горш за вайну можа быць толькі вайна. Уражаная, я пажадала Георгію Раманавічу доўгіх год жыцця, моцнага здароўя. Яшчэ хочацца дадаць, што сучаснай моладзі неабходны такія сустрэчы, каб кожны мог задумацца і асэнсаваць трагедыю таго часу, зразумець, што будучыня залежыць ад нас, ад нашай грамадзянскай пазіцыі.
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg