Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Ратныя і мірныя зоркі Івана Ісаенкі

6008 0 14:42 / 03.04.2020
На Рагачоўскім МКК захоўваюць памяць пра свайго героя.

І.В.Ісаенка. На памяць аб гадах франтавых..jpg
Іван Ісаенка. Памятаем!

Сялянскі сын

Чытаючы яго аўтабіяграфію, у чарговы раз здзіўляўся прыроднай сціпласці і прыстойнасці такіх людзей. Людзей таго, ваеннага, пакалення. Бо высветлілася, што за сухімі радкамі тыпу «нарадзіўся, вучыўся, працаваў...» жыццё чалавека, без перабольшання, гераічнага.

Іван Ісаенка быў дванаццатым дзіцём у сялянскай бядняцкай сям’і ў вёсцы Прудок цяперашняга Слаўгарадскага раёна Магілёўшчыны. Рана страціўшы бацьку, стаў адным з галоўных памочнікаў для маці. Не забываў і аб вучобе, паспяхова скончыў мясцовую сямігодку. У сярэдняй школе, за 12 кіламетраў ад дома, павучыцца Івану не давялося, пайшоў працаваць у калгас, каб вялікай сям’і неяк зводзіць канцы з канцамі. У 1940 годзе паехаў на Украіну, у Сумскую вобласць, дзе працаваў на заводзе. Зімой 1941-га быў накіраваны ў школу механізацыі сельскай гаспадаркі ў Бабруйск, якую скончыў перад самай вайной.

І.В. Ісаенка.jpg
Іван Ісаенка: загартаваны вайной Герой Сацыялістычнай Працы

На вайне як на вайне

У Чырвоную армію Івана Ісаенку прызвалі ў ліпені 1941 года, пасля накіравалі ў 384-ы артылерыйскі полк 193-й стралковай дывізіі. За гады вайны спаўна давялося сербануць франтавога ліха. Служыў на перадавой воін-беларус у якасці сувязіста, быў камандзірам аддзялення, намеснікам камандзіра ўзвода, забяспечваючы няспынную і якасную сувязь паміж артылерыйскімі і пяхотнымі падраздзяленнямі. Кулям паклоны не біў, тройчы ў баях быў паранены, прычым два разы цяжка. У складзе славутай 193-й дывізіі, якая атрымала пасля ганаровую назву Дняпроўскай і была ўзнагароджана чатырма ордэнамі, Іван Васільевіч прайшоў усю вайну. Змагаўся з фашыстамі на Бранскім, Сталінградскім, Цэнтральным, 1-м Беларускім франтах, удзельнічаў у Сталінградскай і Курскай бітвах, у аперацыі «Баграціён». Вызваляў беларускія Рэчыцу, Васілевічы, Калінкавічы, Баранавічы. Фарсіраваў Днепр, Сож, Дзясну, Заходні Буг, Віслу і Одэр, скончыўшы баявы шлях на Эльбе.

Дарэчы, свой першы ордэн Чырвонай Зоркі сяржант Ісаенка атрымаў у лістападзе 1943 года за бесперабойнае ўмелае забеспячэнне сувязі паміж артдывізіёнам і пяхотным батальёнам у перыяд прарыву ўмацаванай паласы праціўніка на правым беразе Дняпра. Пры вызваленні адной з вёсак Рэчыцкага раёна бясстрашны сувязіст пад варожым агнём ліквідаваў больш за 50 парываў лініі сувязі, забяспечыў бесперапыннае кіраванне боем. Днём раней Іван Ісаенка ліквідаваў 76 парываў лініі, кожны з якіх мог стаць для салдата апошнім, бо гітлераўцы ні на хвіліну не спынялі артылерыйскі агонь па нашых пазіцыях.

Другой «зорачкі» адважны воін быў удастоены ў кастрычніку 1944-га ў баях на Нараўскім плацдарме: дзякуючы Івану, аператыўна былі ліквідаваныя 30 парываў лініі і забяспечана вядзен­не агню артдывізіёна па націскаючых фашысцкіх танках і пяхоце.

Іван Ісаенка быў таксама ўзнагароджаны медалямі «За адвагу», «За абарону Сталінграда», «За перамогу над Германіяй». 

Герой працы

Пасля вяртання на радзіму Ісаенка паступіў на курсы майстроў малочнай прамысловасці пры Рагачоўскім малочнакансервавым камбінаце. Працаваў майстрам на Свенскім малочным заводзе, затым у Слаўгарадскай раённай нарыхтоўчай канторы. У 1952 годзе лёс закінуў Івана на малаказавод у Стаўрапольскім краі. Там у той час жыла яго хворая маці: клапатлівы сын не мог пакінуць яе без нагляду.

У канцы 1956-га, набраўшыся вопыту, майстар-маслароб вярнуўся на Рагачоўскі МКК. Камбінат тады толькі-толькі пачынаў набіраць, што называецца, сілу і паступова аднаўляўся пасля ваенных разбурэнняў. Вось тады і выявіліся ў поўнай меры сапраўдныя прафесіяналізм і працавітасць Івана Васільевіча. Укараненне новых тэхналогій і метадаў працы, асвойванне і наладка найноўшага абсталявання, адбор і кантроль сыравіны, нязменнае выкананне, а часцяком і перавыкананне адказных заданняў па вытворчасці прадукцыі вышэйшай якасці, навучанне майстэрству маладых масларобаў – гэта толькі кароткі пералік таго, чым паспяхова займаўся больш за чвэрць стагоддзя на камбінаце майстар Ісаенка. Ніколі не лічыўся з часам. Рэгулярнае прызнанне лепшым па прафесіі, шматлікія прэміі, ганаровыя знакі і граматы самых розных узроўняў былі заслужанай узнагародай спецыялісту. 

У чэрвені 1966-га Іван Ісаенка быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». Самае высокае ў Савецкім Саюзе званне ён заслужыў за асаблівыя заслугі ў выкананні заданняў сямігадовага плана і дасягненне высокіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў па вытворчасці мясных і малочных прадуктаў.

Справа ўсяго жыцця

Пасля ўсесаюзнага прызнання жыццё Івана Васільевіча стала яшчэ больш насычаным і разнастайным, бо слава героя падразумявала шматлікія абавязацельствы. Ён абіраўся членам партбюро камбіната і райкама, уваходзіў у склад абкама прафсаюзаў, быў камандзірам народнай дружыны, народным засядацелем райсуда, двойчы выбіраўся дэлегатам на ВДНГ СССР. У 1978 годзе ўзначаліў масларобны цэх камбіната. Дарэчы, трое з пяцярых яго дзяцей таксама прыйшлі на МКК. 

Калі заслужаны майстар-маслароб быў пераведзены на пасаду інжынера-тэхнолага сыравіннага аддзела прадпрыемства, клопатаў у яго менш не стала. Але і на новым для сябе месцы высакакласны спецыяліст праявіў сябе як сапраўдны профі.

У той фатальны снежаньскі дзень 1982 года Іван Васільевіч мог не ехаць у адну з гаспадарак раёна за чарговай партыяй высакаякаснага малака, неабходнага для вытворчасці масла. Але, як часта бывала, вырашыў не перакладаць важную вытворчую задачу на больш маладых супрацоўнікаў. Недарэчнае дарожна-транспарт­нае здарэнне спыніла жыццё таленавітага спецыяліста, удзель­ніка вайны, героя працы. Ён загінуў пры выкананні службовага задання, бы салдат на баявым пасту...
Фото з сямейнага архіва Ісаенкаў
Общество


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать