Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Пяшчотная ледзі і загадкавая індыянка жывуць у школьным тэатры

1632 0 23:13 / 24.01.2008
У 1997 годзе настаўніца тэхналогіі Ларыса Дзмітрыеўна Нілава арганізавала у сярэдняй школе № 54 г. Гомеля на звычайных уроках працы тэатр сучаснага касцюма. Шмат дзяцей хацелі ўдзельнічаць у ім: шыць сабе моднае адзенне ці дэманстраваць яго на сцэне. Самай маленькай мадэлі было... чатыры гады. Неўзабаве ў Ларысы Дзмітрыеўны з’явілася новая арыгінальная ідэя — стварыць адзiны ў Гомелi тэатр гісторыі моды, каб паказаць, як развівалася гэтае мастацтва, як мы прыйшлі да таго, што носім зараз. Так з 2001 года пры школе існуе тэатр гісторыі моды “Касцюм і эпоха”. Тут можна пабачыць і курсістку XIX стагоддзя, і Клеапатру, і пушкінскую Таццяну, і персіянку з індыянкай, і шмат яшчэ каго.
— Што мяне захапляе і ўражвае тут? Тое, што літаральна ўсе касцюмы робяцца з вельмі простых рэчаў, амаль з паветра, а атрымоўваецца прыгожа. Сваё адзенне я шыла каля двух тыдняў, вядома, пад кіраўніцтвам Ларысы Дзмітрыеўны, — расказвае дзевяцікласніца Каця Камкова — “дзяўчынка 200-гадовай даўніны”. — Да таго ж наш кіраўнік дае шмат тэарэтычных ведаў, тлумачыць сэнс нашых вобразаў, што таксама вельмі цікава.
Л. Д. Нілава сама праштудзіравала падручнік “Гісторыя моды” і ілюстрыраваную энцыклапедыю моды. Пасля зрабіла шэраг аўтарскіх замалёвак будучых строяў і пашыла першыя пяць касцюмаў, якія і паклалі пачатак калекцыі. Сярод гэтых мадэляў былі нават два касцюмы каменнага стагоддзя. Але пашыць — палова справы. Трэба падабраць да адзення адмысловыя аксэсуары — сумачкі, біжутэрыю і іншае. Ларыса Дзмітрыеўна рабіць гэта ўмее, бо вядзе ў школе гурткі “Бісерная феерыя” і “Феерверк умельстваў”, дзе перадае свае навыкі школьнікам.
— З любога прадмета я магу змайстраваць маленькі шэдэўр, удыхнуць новае жыццё ў старыя рэчы, — тлумачыць Л. Д. Нілава. — Калі спатрэбіўся крыналін для сукенак, я зрабіла яго... са звычайнага тэлевізійнага кабеля.
Сёння ў тэатры 26 касцюмаў, і няма адбою ад жадаючых пашыць новыя і пакрасавацца ў іх на сцэне. Аднак настаўніца сама адбірае дзяўчат для ўдзелу ў шоу. Галоўныя крытэрыі — прыгажосць, лёгкасць хады, стройнасць паставы, павольнасць рухаў. А вось традыцыйны высокі мадэльны рост неабавязковы. Дзяўчынка павінна адпавядаць вобразу, а звычайна спецыфіка касцюма вымушае праяўляць жаноцкасць, пяшчотнасць і ніякай вуглаватасці і грубасці.
— Мае мадэлі адчуваюць сябе ў школе зоркамі, іх усе пазнаюць. Яны выглядаюць эфектна, я і сама на іх любуюся, — усміхаецца Ларыса Дзмітрыеўна.
У тэатра гісторыі моды “Касцюм і эпоха” два варыянты паказаў. Адзін разлічаны на школьную аўдыторыю і цягнецца 35 хвілін. Паралельна дэманструюцца макіяж, аксэсуары, манеры паводзінаў пэўнага стагоддзя. Другі варыянт — скарочаны, каля шасці хвілін, без каментарыяў. Гэтым паказам тэатр адкрываў у сёлетнім годзе паркавы сезон.
— Усе магчымасці гістарычнага касцюма яшчэ не вычэрпаны, а я ўжо задумваю калекцыю касцюмаў народаў свету. Шэраг з іх — японскі, турэцкі, персідскі — ужо зроблены. Іншыя ў праекце. Наперадзе — новыя паказы, — дзеліцца Л. Д. Нілава.
Адным словам, тэатр збіраецца і надалей радаваць нас прэм’ерамі. А словы П’ера Кардэна “Калі хочаш быць заўсёды моднай — перавярні сундук сваёй бабулі” — творчы дэвіз юных знатакоў гісторыі моды!
Наталля СТАРЧАНКА.
Фота аўтара
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg