Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Жгуна-Буда. Добрушскі раён. Вандроўка восемдзясят першая

6894 0 17:42 / 13.03.2022
У гэтай вёсцы ў 10 кіламетрах ад Добруша бытуе погаласка: «Нашы буднецкія паў-Масквы адбудавалі». І нездарма: здавён славіцца паселішча сваімі будаўнікамі, мулярамі. Дыхтоўныя цагляныя дамы і зараз упрыгожваюць гэтую вялікую па цяперашнім часе вёску. Значная частка насельніцтва паходзіць са старавераў. Колісь продкі цяперашніх старажылаў ездзілі ў Маскву на будоўлі, узводзілі, кажуць, і першую станцыю сталічнага метрапалітэна. Актыўна ўключана ў будаўнічую тэму і сучасная моладзь Жгуна-Буды. 


Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области.

З гісторыі вёскі

Па пісьмовых крыніцах Жгуна-Буда вядома з XVIII стагоддзя як слабада ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства ВКЛ. З 1772 года ў складзе Расійскай імперыі: з 1775-га валодаў гэтымі землямі аж 59 гадоў фельдмаршал Пятро Румянцаў-Задунайскі. Потым змяніў яго фельдмаршал граф Іван Паскевіч, і ў гэты час вёску насялілі стараверы, тут была капліца. Хлебазапасны магазін з’явіўся ў 1886-м. А праз гадоў 11 адкрыліся дзве лаўкі, карчма, вёска ўжо ў складзе Насовіцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерніі. Было 320 двароў, 1534 жыхары.

Цэнтрам Жгунскабудскага сельсавета Добрушскага раёна вёска была з 8 снежня 1926-га па 2 верасня 1975-га. 20 лютага 1938 года – у складзе Гомельскай вобласці. Ветраны млын, конная крупадрабілка, кузня з’явіліся тут у 1929-м, калі арганізавалі калгас «Чырвоная зорка».

Восенню 1943-га, літаральна перад адступленнем, гітлераўскія акупанты спалілі частку вёскі, а 10 кастрычніка Жгуна-Буда вызвалена. 55 воінаў розных нацыянальнасцей адзінай тады краіны загінулі ў баях за гэта паселішча. Стэлы з іх імёнамі, а таксама загінуўшых воінаў-землякоў устаноўлены на вуліцы Школьнай. На мемарыяле і помнік салдату-вызваліцелю.


У 1959 годзе тут жылі 1438 чалавек, землі былі ў складзе племзавода «Жгунскі» з цэнтрам у Жгуні (цяпер аграгарадок). Раней у Жгуна-Будзе была базавая школа. Зараз дзяцей возяць вучыцца на аўтобусе ў Жгунь. Працуюць ФАП, бібліятэка, магазін «Родны кут». У вёсцы 429 жыхароў.

Родная хата, і ў будні, і ў свята

Жгуна-Буда – радзіма вядомага беларускага мастака Уладзіміра Пракапцова. Уладзімір Іванавіч з 1998 года генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў, у яго шмат іншых заслужаных рэгалій і званняў. А найперш ён лірычна-рамантычны творца, сэрцам звязаны з малой радзімай. Сюжэты яго рэалістычных карцін «Бацькоўскі дом», «Вуліца майго дзяцінства», «Маё Палессе» і многіх іншых – з роднай Гомельшчыны. Неяк і аўтару гэтых радкоў давялося ўбачыць славутага дабрушаніна ў аграгарадку Карма: святкавалі 95-ю гадавіну з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

Ведаючы, што матуля мастака, 95-гадовая Марыя Андрэеўна, ветэран педагагічнай працы з 40-гадовым стажам, прыхварэла, гутарылі мы па тэлефоне. «Валодзя – цудоўны сын. З маленства быў дысцыплінаваным чалавекам ва ўсім. Яго паважалі і настаўнікі, і вучні… Шкада, мы страцілі Веру, жонку Валодзі. Цяжкая страта. Гаманю з сынам па тэлефоне, падтрымліваю. Чакаю дачку Тамару, павінна пры­ехаць», – падзялілася матуля. 

У Жгуна-Будзе першым стрэўся мне ветэран працы Ілья Касьянчык. Яго, ураджэнца вёскі Зашчоб’е Рэчыцкага раёна, пасля заканчэння Рудакоўскага вучылішча механізацыі на Хойнікшчыне паматляла па свеце. «Працаваў я машыністам дызель-экскаватараў у пошукавай партыі № 4 у Сібіры ад маскоўскага інстытута «Гіпратрубаправод», пазней ужо ад Мазырскага нафтапераапрацоўчага завода дабраўся аж да расійскага Арла. Далей вёў профільную трасу Усць-Балык у Омскай вобласці», – падзяліўся пенсіянер. 53 гады Ілья Андрэе­віч звязаны лёсам са Жгуна-Будай: 40 гадоў адпрацаваў трактарыстам на пагрузчыках, абкапаў, як кажа, усю Жгунь для падвя­дзення вады, газу, а ўзімку падвозіў корм жывёле. Жонка Наталля Аляксандраўна каля трох дзесяцігоддзяў адшчыравала даяркай. Сын Сяргей зараз ездзіць на будоўлі Масквы, дачка Жана замужам за харошым механізатарам Уладзімірам у Новай Гуце, працуе тэхнічкай у клубе, а малодшы сын Мікола – даглядчык жывёлы ў Клімаўцы Гомельскага раёна.

Вельмі цёпла гаварыў Ілья Касьянчык пра колішняга кіраўніка гаспадаркі, а зараз памочніка старшыні Жгунскага сельсавета Леаніда Радкевіча. 

– Менавіта Леанід Іванавіч пасля чарнобыльскай катастрофы займаўся перасяленнем вяскоўцаў з пацярпелых раёнаў у цяперашні аграгарадок Жгунь, шмат зрабіў для людзей, – зазначыў пенсіянер.

Наталля Цяленчанка нара­дзілася 2 верасня 1945-га ў зямлянцы на вясковай вуліцы, побач з цяперашнім яе домам на Ляс­ной. Жгуна-Буда патроху вярталася да мірнага жыцця. Роды ў маці прымалі бабулі-павітухі, штосьці пайшло не так. Не адразу дарослыя ўсвядомілі, што ў дзіцяці пашкоджана нага. Пазней вазілі 7-гадовую Наталлю да ленінградскага прафесара ў Гомель. Той параіў не рызыкаваць аперацыяй. Так Цімафееўна і пражыла, кульгаючы. 20 гадоў адпрацавала швачкай у філіяле фабрыкі «Камінтэрн», заслужыла шмат грамат і падзячных лістоў за сваю стараннасць. А потым даглядала бацькоў. Спроба ўладкаваць асабісты лёс не задалася: прыйшла да высновы, што лепш адной. З уборкай спраўляецца сама. Вады, прадукты дапамагае даставіць у хату сацыяльны работнік. 

Наталля Цяленчанка, ветэран фабрыкі «Камінтэрн»

Шанаваць памяць продкаў

Бывае ж так! Стрэнеш выпадкова людзей у вёсцы, куды толькі прыехаў, а высветліцца, што ведаеш іх сваякоў. Так я пазнаёмілася на вуліцы Савецкай з сёстрамі-пенсіянеркамі Людмілай Краўцовай і Валянцінай Лапуновай. Абедз­ве Фамінічны, аказваецца, родныя людзі для Сяргея Чайдака, цяперашняга рэдактара раённай газеты «Добрушскі край». І яго ў пачатковых класах, як многіх іншых дзяцей сваіх землякоў, вучыла Людміла Краўцова, родная цёця. Хораша навучыла! 38 гадоў адпрацавала жанчына настаўніцай у мясцовай базавай школе, а яе сястра Валянціна, мама Сяргея, – поварам. Пенсіянеркі падзяліліся, што шануюць памяць сваіх продкаў, падтрымліваюць іх традыцыі.

Прастольным святам у Жгуна-Будзе лічыцца Пакроў. Таму 14 кастрычніка заўсёды набажэнства ў царкве, якую аднавілі, па згадках старажылаў – сям’і Шапаравых, дзякуючы протаіерэю Мікалаю з Ільінскай царквы ў Гомелі і цяперашняму архіепіскапу Гомельскаму і Жлобінскаму Стэфану. Пандэмія паўплывала і на перыядычнасць службаў. Многія вернікі хварэлі. Вось і Лявон Філіпавіч з Ганнай Арцёмаўнай узносяць малітвы ў памяць прод­каў, за мір і спакой на роднай зямлі. Штодзень просіць Арцёмаўна спагаднага лёсу для сваіх траіх дачок, унукаў і праўнукаў пад даўняй Фёдараўскай іконай, якая перайшла ад продкаў. У сям’і Шапаравых і багатая калекцыя малітоўнікаў. «Дзякаваць Усявышняму, усё ў парадку. Мы дачакалі шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў. Было б здароўе і далей радавацца іх пос­пехам!» – падзяліліся ветэраны працы.

Тое, што Ганна і Лявон Шапаравы ў свой час годна працягнулі бацькоўскую будаўнічую справу, пацвярджаюць іх працоўныя кніжкі. Ганна з 15-гадовага ўзросту дапамагала сваім бацькам як падсобная рабочая на будоўлі: 12 гадоў шчыравалі на Украіне. Потым у гомельскім БМУ-2, іншых арганізацыях. З мужам Лявонам 26 гадоў на дваіх аддалі заводу РТА: гаспадар быў мулярам, абліцоўшчыкам, яна ж завіхалася з бетонам, растворамі. Вось такі традыцыйны сямейны падрад. Аднак дочкі Шапаравых працуюць у іншых галінах у Гомелі: Люба – майстар на фабрыцы «8 Сакавіка», Зіна – медсястра, Марыя – настаўніца-філолаг.

Вольга Жаўнова

Завяршыла я сваю вандроўку па Жгуна-Будзе ў мясцовай біб­ліятэцы на вуліцы Савецкай. Загадчыца яе Вольга Жаўнова, ураджэнка добрушскай вёскі Бярозкі, якая адселена пасля чарнобыльскай катастрофы ў Жгунь, парадавала цудоўнымі кніжнымі выставамі, прымеркаванымі да Года гістарычнай памяці. Прыемна было ўбачыць і навукова-папулярнае выданне «Ніколі не забудзем», выпушчанае ў свет рэдакцыяй «Гомельскай праўды» да 70-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Памяць пра мінулае, падтрыманне традыцый продкаў і ёсць той фундамент, які дапаможа выстаяць у самыя складаныя часіны.








Фото автора
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg