Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Гістарычны рамантызм Iрыны Рагавой

2027 0 23:14 / 24.01.2008
Ужо тое, што экспануецца выстава ў Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава адначасова з творамі легендарнага мастака Аляксандра Ісачова, яскрава сведчыць аб прызнанні значнасці творчых набыткаў Ірыны Рагавой.
Дзіўнае адчуванне: чым больш углядаешся ў творы гэтай мастачкі, тым усё цяжэй адмовіцца ад разумення, што яна не проста піша, узнаўляе тыя ці іншыя гістарычныя падзеі, а... ілюструе іх. Гэтак жа, як славуты раман Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Зрэшты, і тут яна, што называецца, ідзе па слядах гістарычных легенд і паданняў, толькі запісаных класікам беларускага прыгожага пісьменства. Трыпціх паводле караткевіцкага рамана кампазіцыйна акцэнтуецца на галоўных падзеях: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Здрада», «Прывіды мінулага». Мастачка вельмі тонка адчувае адрозненне яўнага ад уяўнага. Так і хочацца сказаць, што прывіднае яна піша прывідна. Затуманенасць, расплывістасць і ў гэтым трыпціху кантрастуе з адкрытай дэталізацыяй, маляўнічай яркасцю. Героі, увасобленыя ёю, вельмі натуральна нагадваюць тых, з кім пазнаёміў нас, каго зрабіў нашымі сябрамі славуты празаік.
Пераканаўча, па-мастацку дакладна здолела Ірына Рагавая ўвасобіць Рагнеду. Мы бачым Рагнеду на дашчаным памосце побач з малалетнім сынам, якога яна туліць да сябе, аберагаючы ад таго, што павінна здарыцца. Побач з памостам лодка. Са здзіўленым захапленнем пазіраюць на княгіню весляры, якім загадана адвезці нескароную ў Заслаўе.
Па-свойму здолела перадаць мастачка засяроджаную веліч беларускай асветніцы і святой Ефрасінні Полацкай. Здавалася б, традыцыйны сюжэт. Мы бачым яе ў келлі Полацкага Сафійскага сабора за перапісваннем і перакладаннем старажытных кніг. Бачым і славуты ефрасіннеўскі крыж... Але галоўнае нават не ў гэтай дэталізацыі, а ў тым, што мастачка стварае менавіта такі каларыт карціны, ад якога ўзнікае адчуванне сапраўднай старажытнасці часу.
Гэта ж уласціва і многім іншым творам Ірыны Рагавой на тэмы беларускай гісторыі. А іх у экспазіцыі нямала. Хто з нас не памятае з «Слова пра паход Ігаравы» Усяслава Чарадзея! А вось радкі з «Аповесці мінулых гадоў»: «Дружына спіць, ды Волх не спіць. Ён абернецца шэрым воўкам, бегае, скача па цёмных лясах і кустах...» І мы бачым гэтага Волха на карціне Ірыны Рагавой, які хітравата пазірае на нас.
У карціне “Цені Гальшанскіх муроў” мастачка звяртаецца да Гальшан — старажытнага паселішча, вядомага яшчэ з 1280 года. Назва ад яго першых уладальнікаў — князёў Гальшанскіх. Гэта быў вельмі ўплывовы магнацкі род Беларусі. Прыгадаем, што Юлія Гальшанская была жонкай вялікага князя Вітаўта, а Сафія — польскага караля Ягайлы. Захаваліся старое замчышча і руіны палаца з часоў Паўла Сапегі. Менавіта ён, паводле падання, вырашыў пабудаваць манастыр для францысканцаў. Будаўнікі маглі ўзвесці толькі тры сцяны, а чацвёртая заўжды развальвалася. Гэта выклікала гнеў князя. І тады муляры пакляліся, што першую жанчыну, якая прынясе ежу на будоўлю, яны замуруюць у чацвёртую сцяну. Так і зрабілі...
Пераканаўча звяртаецца Ірына Рагавая да легенд Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Трывожнай рамантыкай, вернасцю гістарычным рэаліям вызначаецца твор, прысвечаны Грунвальдскай бітве.
Так, каб разумець сутнасць гістарычных карцін Ірыны Рагавой, трэба ведаць беларускую гісторыю. А можна і проста замілавана разглядваць тое, што надзіва прыгожа здолела перадаць мастачка. Тым больш, што яскравым сведчаннем яе сталеючага майстэрства з’яўляюцца пейзажы, нацюрморты: «Залатая восень», «Дзьмухаўцы», «Абнаўленне», «Восень на Бярэзіне». Наогул, першая персанальная выстава Ірыны Рагавой пацвердзіла, што ў Светлагорску ёсць цікавая, таленавітая, вельмі перспектыўная мастачка.
Ізяслаў КАТЛЯРОЎ,
дырэктар Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Германа Пранішнікава
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg