Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Два крыжы

1435 0 23:14 / 24.01.2008
Гэтая гісторыя ўсхвалявала жыхароў Навасёлак, ды і многіх іншых навакольных вёсак. Да іх даходзілі чуткі з рознымі “прыбаўкамі” ды “прыдумкамі”.
У сапраўднасці ж адбылося вось што.
У адзін з восеньскіх вечароў, калі вячэрняя зара патухала за дальнімі лясамі, да сельскіх могілак спяшаўся чалавек. На галаве ў яго была шарсцяная вязаная шапачка, на нагах чаравікі, у іх замест шнуркоў зацягнуты абрыўкі правадоў. На плячах — старая куртка. Вызначыць узрост чалавека было амаль немагчыма: яму можна было даць і сорак, і ўсе семдзесят. На ўпалых шчоках — чорная шчаціна. На шызым вялікім носе выступілі кропелькі поту: чалавек спяшаўся. У руцэ трымаў невялікую рыдлёўку і заржавелы ломік.
Чаравікі шоргалі па апалай лістоце. Чалавек цяжка дыхаў, часта спыняўся і прыслухоўваўся. Усюды панаваў спакой. Нават вароны, што аблюбавалі начлег на калматых соснах, якія раслі на навасёлкаўскіх могілках, не падавалі аб сабе знаць.
Вось і металічная брама. Чалавек прывычна павярнуў клёц-рычаг у агарожы і прыадчыніў вароты. Яны зарыпелі, і мужчына ўцягнуў галаву ў плечы. Не, усё было спакойна, і ён хутка пасігаў паміж магіламі ў дальні канец кладаў. На многіх могілках ляжалі пажухлыя кветкі, засталіся стаяць дзе-нідзе нават засыпаныя пяском шклянкі. У іх, калі спраўлялі Радаўніцу, налівалі для нябожчыкаў кроплі віна, пакідалі нават пячэнне ці цукеркі. То — для “крылатых душ” — птушак. Але, відаць, да гэтага часу ніхто іх не кранаў...
Чалавека звалі Іван. Гэта быў валацуга Іван Церабень з суседняй вёскі. На гэтых могілках ляжалі і Іванавы бацькі. І нават дзед з бабуляй. Але пахавалі іх тут без Івана: ён у той час быў на пасяленні пад Астраханню. І да гэтага часу Церабень, калі добра падап’е, заўсёды хваліцца:
— То ж было не жыццё, а рай. Там кавуны такія, што адной рукой не ўтрымаеш.
— Дык чаго ты там не застаўся? — пыталіся ў яго.
— Можна было, — уздыхаў Церабень, і агонь у ягоных вачах адразу патухаў, — ды так атрымалася.
Атрымалася так, што Івану далі яшчэ пяць гадоў за крадзеж. Цяпер ён адбываў тэрмін ля Мурманска. І ўжо пра дыні і кавуны, вядома, не ўспамінаў.
Церабень прашыбаваў у дальні канец могілак, лёгка вырваў з двух магіл алюмініевыя крыжы (нават не спатрэбіўся ломік), лёгка ўскінуў іх на плячо і паспяшаўся на выхад. Цяпер брама зачынілася без скрыпу, і Іван борзда падаўся да сваёй вёскі, дзе дамовіўся здаць крыжы (пакарэжаныя, вядома), як каляровы металалом.
Так і зрабіў. А літаральна дзён праз два, калі выходзіў з двара, дзе жыў другі год бамжом, яго аглушылі ломікам, што забыўся на могілках.
— Сабаку — сабачая смерць! — пачуў над сабой Церабень.
Яго, відаць, і прыкончыў бы стары салдат Шэцька, у якога ў тых магілах ляжалі жонка і старэйшая дачка, але з рук Шэцькі сілай вырвалі ломік.
— Не звязвайся, Пятро Мацвеевіч! — крычалі людзі яму. — За поскудзь давядзецца адказваць.
Шэцька бездапаможна прытуліўся спіной да шула, і няўцямна глядзеў, як курчыцца на зямлі Іван Церабень. Мусіць, аслабелі рукі ў былога разведчыка, які за Сталінград атрымаў салдацкую Славу...
Міхась ДАНІЛЕНКА
Общество


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать