У Ігаўскім дзіцячым садку — базавай школе адбылася прэзентацыя даследчай работы на лепшы інфармацыйны матэрыял, прысвечаны 70-годдзю Перамогі “Табе, Вялікая Перамога. Людзі, апаленыя вайной”.
10 год настаўніца пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі Рыма Варэнікава збірала звесткі аб жыхарах Ігаўкі ў час ваеннага ліхалецця. Гэта архіўныя дакументы, спісы жыхароў вёскі, фотакарткі розных гадоў, відэасведчанні тых страшных момантаў. Асабліва цікавымі і ў той жа час адказнымі былі сустрэчы з аднавяскоўцамі-ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама іх роднымі.
Другі раздзел работы настаўніца прысвяціла гісторыі сваёй сям’і, у тым ліку і ў ваенныя часы. Не магла кіраўнік праекта абыйсці ўвагай і аднаго з самых знакамітых ветэранаў Добрушчыны — Пятра Горава (на здымку).
Нягледзячы на ўзрост — Пятру Мікалаевічу нядаўна споўнілася 90 гадоў, ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Ветэран педагагічнай працы, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў вайны і працы, Пётр Гораў часта сустракаецца з моладдзю. На сустрэчы з вучнямі Ігаўскага дзіцячага садка — базавай школы дзеці засыпалі яго пытаннямі. Улічваючы цікавасць да тэмы вайны, настаўніца вырашыла ўвесці ў свой праект раздзел “Вялікая Айчынная вайна ў жыцці новага пакалення”.
— Болей за 200 аркушаў спісанай “да дзірак” праўды ваенных гадоў і вялікая колькасць фотаздымкаў застануцца маладому пакаленню ігаўчан як сведчанне гераізму і адданасці іх прадзедаў роднай старонцы, — адзначыла Рыма Мікалаеўна на прэзентацыі даследчай работы.
А завяршае ваенны летапіс шэраг падзяк, таму што менавіта ў тандэме з вучнямі, настаўнікамі, адміністрацыяй школы, а таксама сельвыканкамам, ветэранамі і ўсімі неабыякавымі людзьмі Рыма Мікалаеўна змагла правесці такое даследаванне.