Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Гуртам i ў полi сеяць добра

1608 0 23:12 / 24.01.2008
Рана ў гэтыя вясеннія дні выязджаюць у поле механізатары камунальнага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства “Саўгас “Дубавіцкі” Буда-Кашалёўскага раёна. Работы яны пачынаюць у сем гадзін і вядуць іх у комплексе да позняга вечара. Апрача збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, тут вялікая ўвага ўдзяляецца і вырошчванню гародніны, у першую чаргу — цыбулі.
Летась цыбуля займала 50 гектараў. З кожнага было атрымана па 305 цэнтнераў. Гэта культура дала добры прыбытак. Таму сёлета пасяўная плошча расшырана да 70 гектараў. Ураджайнасць з кожнага плануюць павялічыць да 350 цэнтнераў. Глеба была своечасова і высокаякасна падрыхтавана, добра запраўлена арганікай і тукамі. Упершыню сяўбу вядуць не толькі сеялкай СТВ-12 айчыннай вытворчасці, а і новай італьянскай “Гаспарда”. Пры дапамозе яе лепшы механізатар гаспадаркі Аляксандр Шаршнёў забяспечвае высокую якасць і патрэбную тэхналогію сяўбы, якая вядзецца ўжо на апошніх гектарах.
У “Дубавіцкім” першымі ў раёне закончылі сяўбу ранніх збожжавых культур і прыступілі да пасадкі бульбы. Поле пад гэту прапашную культуру ў параўнанні з мінулым годам расшырана са 100 да 150 гектараў. З кожнага плануецца накапаць па 250 цэнтнераў клубняў, або на 50 цэнтнераў больш, чым летась. На кожны гектар пад бульбу ўнесена па 60 — 70 тон высокаякасных арганічных удабрэнняў. Няма праблем і з насенным матэрыялам.
— Дапамагаюць нам гараджане, накіраваныя Гомельскім гарадскім рэгіянальным цэнтрам занятасці, — расказвае дырэктар гаспадаркі В. В. Кабаеў. — Яны выдатна працуюць на перабіранні насеннай бульбы. Штодзённа да 30 чалавек заняты на гэтай рабоце. Наўрад ці ўправіліся б без іх. Дарэчы, гамяльчане кожны год вясной і восенню аказваюць нам дзейсную дапамогу. Вялікi дзякуй ім за гэта.
— І не толькі ў “Дубавіцкім”, а і ў іншых гаспадарках раёна ў гэтыя веснавыя дні побач з хлебаробамі працуюць жыхары Гомеля і Буда-Кашалёва, — гаворыць старшыня райсельгасхарчу А. Ф. Шруб. — Прытым на самых розных работах.
Некалькім гаспадаркам дапамаглі прадстаўнікі Буда-Кашалёўскага цэнтра занятасці. А зараз яны плённа працуюць на перабіранні пасяўной бульбы ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Крыўск”.
— Мы аказваем дапамогу вяскоўцам у рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і забеспячэнні яе запаснымі часткамі, — паведамляе кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства “Буда-Кашалёўскі райаграснаб” Ф. А. Свердлікаў. — Апрача гэтага пастаянна на палявых работах у саўгасе “Марозавічы” працуе наш трактар.
У гаспадарках раёна таксама задзейнічаны прадстаўнікі Уваравіцкага льнозавода, льнонасенстанцыі, лясгаса і іншых прамысловых прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Буда-Кашалёва.
Дзякуючы агульным намаганням веснавыя палявыя работы ў раёне вядуцца арганізавана. На пачатак тыдня тут былі пасеяны ўжо раннія збожжавыя культуры. Засталіся толькі невялічкія ўчасткі ў асобных гаспадарках, дзе позна падсыхае глеба. Паўсюдна пачынаецца пасадка бульбы. Дарэчы, летась па ўраджайнасці і валаваму збору клубняў раён заняў першае месца ў вобласці. Пры ўраджайнасці 194 цэнтнеры з гектара ўсяго было накапана 13705 тон клубняў, сёлета плануецца павялічыць ураджайнасць да 220 цэнтнераў з гектара, а валавы збор давесці да 16 тысяч тон. Узяты кірунак на павелічэнне вытворчасці кукурузы, буракоў, гародніны, іншых сельскагаспадарчых культур. У гэтыя дні ў раёне з дапамогай гараджан паўсюдна закладваецца трывалы падмурак будучаму ўраджаю.
НА ЗДЫМКУ: (справа налева) ў час сяўбы цыбулі дырэктар КСУП “Саўгас “Дубавіцкі” В. В. Кабаеў, механізатар А. Ф. Шаршнёў і брыгадзір брыгады агароднiкаў В. Н. Дорахава.
Фота Мiкалая Бяльковiча
Общество


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать