Радуе хлеб ураджаем
2172 0 23:12 / 24.01.2008
Узначальвае гэту гаспадарку ўжо 35 год адзін са старэйшых у раёне і вобласці старшыня Р. К. Шпакаў. Па даўняй хлебаробскай традыцыі Рыгор Купрыянавіч у перыяд жніва з раніцы і да вечара на працягу дня па некалькі разоў бывае ў полі. І справа не толькі ў тым, каб ведаць, як вядуцца работы і пры неабходнасці дапамагчы механізатарам вырашыць узнікаючыя праблемы. Збожжавыя не ўсюды аднолькава паспяваюць. У полі прыходзіцца разам са спецыялістамі вырашаць, дзе і якую культуру ў першую чаргу трэба ўбіраць.
Вось і на гэты раз са старшынёй калгаса мы сустрэліся на адным з участкаў азімага жыта. Віды на ўра-джай тут вельмі добрыя.
— Гэта насенны ўчастак, пакуль убіраць яго рана, — тлумачыць Рыгор Купрыянавіч. — І яравая пшаніца яшчэ не гатова да ўборкі, хаця вясной і пасеялі яе рана. А вось на суседнім участку, дзе пасеяны ячмень, уборку пачнём ужо сёння пасля абеду. Дарэчы, і зараз убіраем ячмень. Толькі на іншым полі.
Р. К. Шпакаў расказвае, што за некалькі дзён абмалацілі ўжо амаль 400 гектараў збажыны, а ўсяго трэба ўбраць яе з 1250 гектараў. Прыкладна 500 з іх займае яна на землях далучанага летась суседняга калгаса, які быў эканамічна адсталым. Тут на гектары не намалочвалі і па 20 цэнтнераў збожжа. А сёлета вырасцілі выдатную збажыну. Як і ў сярэднім па калгасу, на круг плануецца намалаціць не менш 40 цэнтнераў збожжа. А ўсяго хлебаробы маюць намер валавы збор хлеба павялічыць у параўнанні з мінулым годам прыкладна на 1500 тон і давесці яго да 4500 тон.
— Уяўляеце, такая колькасць збожжа не ўмясцілася б і ў чыгуначны састаў, — заўважае старшыня калгаса. — Хлебаробы далучанай гаспадаркі пераканаліся, што і на іх землях можна вырошчваць высокія ўраджаі.
У гэтыя дні ўсе разам і працуюць на жніве. Адразу ў рабоце задзей-нічана дзевяць камбайнаў, з якіх два КЗР-10 і адзін КЗС-7 вытворчасці “Гомсельмаша”. Камбайнеры падабраны вопытныя, старанныя. У іх ліку Генадзь Кот, Віктар Мароз, Аляксандр Сало, Георгій Забіран. Характэрна, што памочнікамі ў іх працуюць у асноўным навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Дзмітрый Талкачоў, Дзмітрый Мароз, Пётр Кот, Алег Забіран.
Да групы камбайнераў разам са старшынёй калгаса Р. К. Шпакавым і старшынёй абкама прафсаюза работнікаў АПК М. П. Літвінюком мы пад’ехалі, калі работа на ячменным полі заканчвалася. Перад пераездам на іншы ўчастак адбылася кароткая сустрэча з механізатарамі. Настрой у іх быў добры, бадзёры.
— Увогуле люблю жніво, — гаворыць камбайнер Аляксандр Сало, — ды і зарабіць можна добра. Да ўсяго і каляровы тэлевізар пастараюся атрымаць.
— Матэрыяльная і маральная зацікаўленасць камбайнераў у гэтай гаспадарцы намнога эфектыўней, чым у некаторых іншых у вобласці, — тлумачыць М. П. Літвінюк, — яе вопыт мы рэкамендуем распаўсю-джваць на іншых сельгаспрадпрыемствах.
За тону намалочанай збажыны, улічваючы розныя надбаўкі, камбайнер зарабляе 1800 рублёў. У канцы года, улічваючы і работу на жніве, будзе выдавацца збожжа. Больш таго, сёлета ў калгасе вырашылі камбайнераў, якія намалоцяць па тысячы і больш тон збожжа, узнагародзіць каляровымі тэлевізарамі, а іх памочнікаў — пральнымі машынамі. І ўмовы для высокаэфектыўнай работы ўдзельнікам жніва створаны добрыя. Прама ў полі для іх двойчы ў суткі арганізавана бясплатнае гарачае харчаванне.
Мікалай Талкачоў, Сяргей Нямкевіч, Міхаіл Каваленка, іншыя ва-дзіцелі стараюцца забяспечыць бесперабойную адвозку збожжа ад камбайнаў на зерняток, дзе яно хутка і якасна падсушваецца і падпрацоўваецца. Адборны хлеб адразу ж ад-праўляецца ў дзяржаўныя засекі. Прададзена ўжо больш 600 тон, прыкладна палавіна дзяржзаказу. Паказчык значна лепшы, чым у сярэднім па раёну.
— Паспяхова арганізаваны жніво і рэалізацыя хлеба дзяржаве большасцю нашых гаспадарак, — гаворыць начальнік Рэчыцкага райсельгасхарчу С. Ф. Краўчанка, — але непакоіць той факт, што няма ў запасе паліва для камбайнаў. Працуем, як кажуць, з колаў. Трэба, каб вышэйстаячыя арганізацыі звярнулі больш увагі на вырашэнне гэтай праблемы.
На здымку: (злева направа) старшыня калгаса Р. К. Шпакаў, памочнік камбайнера Пётр Кот, старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК М. П. Літвінюк і камбайнер Аляксандр Сало.
Фота аўтара
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать