Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Гомельскія гандлёвыя адрасы сто гадоў назад

5525 0 04:14 / 02.03.2016
Праблема наладжвання гандлю і паслуг актуальная і сёння. Як яна вырашалася стагоддзе таму, можна зразумець на прыкладзе Гомеля. Горад мае багаты і, на наш погляд, цікавы і карысны вопыт задаволення попыту сваіх жыхароў.
Самай старажытнай і маштабнай формай гандлю, якая задавольвала інтарэсы як вытворцаў, так і камерсантаў, як гараджан, так і вяскоўцаў, былі кірмашы. На пачатку ХХ стагоддзя ў Магілёў­скай губерні іх налічвалася аж 152, але самыя вялікія абароты давалі якраз тры традыцыйныя гомельскія — Навагодні ці Васільеўскі (з 1 па 8 студзеня), Троіцкі (з 20 ліпеня) і Уздзвіжанскі (з 1 кастрычніка). Нават у ваенным 1915 годзе Навагодні і Уздвіжанскі прадставілі тавары коштам больш чым 1 млн руб. кожны, а Троіцкі — на 5 000 тысяч. Акрамя таго, кожны панядзелак, сераду і пятніцу ладзіліся базары на Базарнай і Сянной плошчах горада. Яшчэ адзін узнік і захоўваўся аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў раёне вуліцы Рагачоўскай.
Навакольныя мястэчкі і нават вёскі бралі калі не памерамі абароту, то колькасцю: па два кірмашы праводзіліся ў Ветцы і Хальчы, тры ў Чачэрску, але рэкардсменам сельскага кірмашовага гандлю ва ўсёй губерні было мястэчка Насовічы, дзе право­дзілася аж 7 кірмашоў, праўда, з адносна невялікім абаротам у 30 — 35 тысяч рублёў. На кірмашы непасрэдна «з возу» можна было набыць самыя розныя рэчы ад мясцовых і далёкіх вырабнікоў і па больш нізкіх цэнах.
Аднак на пачатку ХХ стагоддзя ў Гомелі склалася і паспяхова канкурыравала з кірмашамі разгалінаваная структура стацыянарнага гандлю. На 1913 год жыхары (крыху болей за 100 тысяч чалавек) і госці горада мелі магчымасць набыць тавары ў дзвюх з паловай сотнях магазінаў прыкладна пяцідзесяці спецыялізацый. Тут было 16 бакалейных, 24 галантарэйных, 10 булачных, 9 каўбасных, 16 мануфактурных, 8 абутковых, 19 аптэчных крамаў, 6 магазінаў віна і столькі ж кнігарань (адна з іх належала М. І. Плісецкаму — бацьку сусветна вядомай балерыны). Асартымент тавараў спецыялізаваных магазінаў быў на любы густ: ад галёшаў і сінькі да раяля і твораў жывапісу. Жадаючыя маглі набыць футра, шпалеры, лінолеум, нават порах, нажныя пратэзы, сейфы і яшчэ многае іншае.
Мануфактурны гандаль ажыццяўляўся як у розніцу, так і оптам. Па чатыры спецыялізаваныя склады гандлявалі сельскагаспадарчымі машынамі і прыладамі, газай і мазутам.
Большасць гандлёвых кропак размяшчалася ў цэнтры Гомеля. Традыцыйным старажытным гандлёвым месцам была галоўная плошча, якая мела адпаведную назву — Базарная, і толькі ў першай палове XIX стагоддзя з’явілася другое яе найменне — Саборная. Тут пачынаўся Гасцінны двор, які цягнуўся праз вуліцу Базарную і зноў замыкаўся на плошчы. Гэты чатырохкутнік быў своеасаблівым супермаркетам, які змяшчаў спецыялізаваныя гандлёвыя рады: мясныя (у тым ліку кашэрныя), рыбныя, агароднінныя, «абжорныя». Кожны рад складаўся з крамак, шапікаў, рундукоў («перасовачная» гандлёвая кропка накшталт куфра), чайных, закусачных і г. д. Пасярод Гасціннага двара ўзвышалася пажарная вежа, вакол якой збіралася «талкушка» — месца стыхійнага гандлю для ўсіх жадаючых.
На жаль, вельмі цяжка ўявіць інтэр’ер і культуру абслугоўвання ў тыповай дробнай гарадской краме. Можна, аднак, дапусціць, што гомельскі ўзровень мала адрозніваўся ад магілёўскага аналага, апісанага сучаснікам у 1915 годзе: «Месцам пакупак быў галантэрэйны магазін Меркі Бернштэйн. Калі б гэта Мерка жыла не ў Магілёве, а на Алімпе, то без сумніву яна насіла б гучнае імя „багіні хаосу“. Такі страшэнны сумбур панаваў у гэтай лавачцы — так усё было звалена і накідана на прылаўках. Як разбіраліся ў гэтым хаосе прыказчыцы — невядома, але яны ўмудраліся з неверагоднай хуткасцю ў купе стужак, карункаў і гузікаў знаходзіць неабходныя рэчы і не затрымліваць пакупнікоў. Цэны запрошваліся феерычныя. Прыказчыцы ведалі псіхалогію пакупнікоў і ламілі ўтрыдорага. Яны ведалі, што якую б цану ні назначыць, усё роўна прыдзецца гандлявацца да чацвёртага поту і саступіць 50 працэнтаў з прызначанай цаны».
Працягам Гасціннага двара была вуліца Румянцаўская. Тут знаходзіліся самыя прыгожыя архітэктурныя забудовы, сярод якіх прыватныя дамы — Маянца, Захарына, Шановічаў, Добкіна, Дамброўскага і іншых. Першыя паверхі будынкаў былі аддадзены пад «раскошныя магазіны», якія прапаноўвалі тавары ў тым ліку сталічных і замежных фірмаў: футра (4 магазіна), золата і ювелірныя вырабы (4), кнігі (2), абутак (6), гатовае адзенне (5) і г. д. На забеспячэнне гандлёвай сеткі таварамі працавалі 15 «агентурна-камісійных» кантор.
У Гомелі склалася таксама шырокая сістэма паслуг для жыхароў: 2 асенізатары, хімчыстка, 7 цырульняў, 4 бюро пахавальных працэсій, 6 гадзіннікавых, 7 абутковых і аж 58 майстэрань па пашыву мужчынскага і жаночага адзення (пры тым что працавалі 9 магазінаў гатовай вопраткі). Прафесіяналізм шаўцоў быў на ўзроўні — іх паслугамі не грэбавалі карыстацца ў тым ліку і нямецкія акупанты ў 1918 годзе. Некаторыя з іх паплаціліся за свой «калабарацыянізм»: у студзені 1919 года мясцовы куцюр’е — «портной Юдашкин» прасіў гомельскі Саўдэп кампенсаваць яму страты за пашыты і неаплочаны па прычыне эвакуацыі гарнітур для афіцэра вермахта.

У спецыяльным бюро можна было наняць хатнюю прыслугу. Прыкметамі новага часу былі 8 фотаатэлье і 4 крамы фатаграфічных прыналежнасцей. Фота­студыі спрабавалі рэкламаваць свой мастацкі ўзровень праз назвы, як напрыклад «Рембрандт» і «Рафаэль».
Пры гасцініцах «Москва» і «Южная», Лібава-Роменскім вакзале працавалі рэстараны. Яшчэ 6, з якіх два былі яўрэйскімі, працавалі асобна. Папулярнымі ў гараджан сярэдняга дастатку былі кавярні на Румянцаўскай — «Гранд-Кафе» і Нікіфарава, якія нават у ваенныя і рэвалюцыйныя часы былі перапоўненыя.
Пераўтварэнне Гомеля ў важны прамыслова-гандлёвы і транспарт­ны цэнтр сфарміравала патрэбу ў гасцініцах. У 1915 годзе ў гора­дзе іх было аж 26 — на любы густ і магчымасці гасцей. Па колькасці гатэляў Гомель амаль не саступаў губернскаму Магілёву, дзе іх было 27. Размяшчэнне гасцініц шчыльна ўвязвалася з гандлёва-дзелавой структурай горада. «Прыстойныя і з недарагімі цэнамі» нумары можна было зняць ў «Европе» і «Киевских номерах» на Базарнай, «Эрмитаже» і «Купеческой» на Мясніцкай, больш танныя — у гэтым жа квартале ў «Бель-вю» ці «Лондонской».
Галоўным «гатэльным кварталам» былі вуліцы Румянцаўская і Замкавая. На кожнай з іх размяшчалася па дзясятку гасцініц: на Румянцаўскай — «Северная» і «Южная», «Пассаж», «Москва», «Варшаўская», «Гомельская», «Коммерческая», «Бристоль»; на Замкавай — «Золотой Якорь», «Венеция», «Брюссель», «Марсель», «Пальмира».
Цяжка сказаць, наколькі сэр­віс гэтых устаноў адпавядаў іх гучным назвам, бо толькі дзве гасцініцы — «Северная» і «Гранд-отель» на Магілёўскай (сучасная вуліца Кірава) — лічыліся першакласнымі. Кошт нумара тут вагаўся ад 1 да 5 рублёў, а ў дні кірмашоў ён значна вырастаў.
У студзені 1912 года з’явіўся лідар гарадскога гасцінічнага бізнесу — на рагу Румянцаўскай і Мясніцкай расчыніў дзверы самы фешэнебельны гатэль — «Савойя» («Савой») братоў Шановічаў. Пра яе масквіч, наведвальнік Гомеля, пісаў: «Будынак такой архітэктурнай вартасці мог упрыгожыць любы еўрапейскі горад», што было безумоўнай заслугай знакамітага гомельскага дойліда Станіслава Шабунеўскага. Як ужо згадвала «Гомельская праўда» у нумары за 18 жніўня 2015 года, «Савой» быў задуманы як сапраўдны «шматфункцыянальны комплекс». Сапраўды, акрамя гатэлю, тут размяшчаліся сінематограф, тэатр мастацтваў, рэстаран, більярд, канцэртная зала, бібліятэка, цырульня, першы і адзіны ў горадзе пракат аўтамабіляў. Фірмовай паслугай была замова для кліентаў аўто на вакзал.
Па некаторых звестках, менавіта ў тэатральнай зале «Савоя» ў 1918 годзе пад гучныя апладысменты публікі выконваў свае куплеты і байкі Леанід Уцёсаў, які набываў першую папулярнасць выканаўцы і расказчыка.
Гандлёвы капітал вывеў у жыццё новую грамадскую групу купцоў і камерсантаў-прадпрымальнікаў, якая ўсё больш уплывала на эканамічнае, палітычнае і культурнае развіццё. На рубяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў у Беларусі было каля 12 тысяч купцоў. Лідарамі па іх колькасці з’яўляліся Віцебск і Мінск, а вось трэцім быў Гомель (739 чалавек), які зноў жа абганяў сваю губернскую сталіцу Магілёў (730 чалавек). Група гомельскіх купцоў у 1902 годзе хадайнічала аб адкрыцці ў горадзе аддзялення Дзяржаўнага банка. Купец Кіпрыян Грошыкаў засядаў у гарадской думе, а яго калегі Іпаліт Дамброўскі і Аляксандр Цэхановіч займалі адпаведна пасады гарадскога галавы і мяшчанскага старасты. Купецка-прадпрымальніцкая эліта стварыла прэстыжную карпаратыўную арганізацыю — Гомельскі Камерцыйны клуб. Яго сябрамі былі 200 чалавек, а бюджэт складаў даволі значную суму ў 8 000 рублёў. Клуб абслугоўваў біржу, пад час кірмашоў бясплатна прадастаўляў сваё памяшканне для заключэння гандлёвых здзелак. Узначальваў клуб купец Віктар Быхоўскі, а сярод яго намеснікаў быў у тым ліку ўладальнік знакамітага піўнога завода Адам Лекерт.
Гісторыя эканамічнага жыцця нашага горада вывучана пакуль недастаткова, але, як бачым, яна абяцае нам надзвычай цікавыя старонкі, сюжэты і біяграфіі.
Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны выданні «Весь Гомель: Календарь и адресно-справочная книга на 1913 г.», «Памятная книжка Могилевской губернии на 1915 г.», архіўныя і мемуарныя крыніцы. Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў працы кандыдатам навук Т. Літвінавай (Гомель) і А. Кіштымаву (Мінск).

Специально для «ГП»
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg