Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


“Каб любіць Беларусь нашу мілую...”

2231 0 23:12 / 24.01.2008
Напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці наша гутарка са старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А. С. ЯКАБСОНАМ.

— Аляксандр Серафімавіч! Гомельшчына, старажытны Тураў сустракаюць гасцей і ўдзельнікаў урачыстасцей Дня беларускай пісьменнасці, які ўжо адзначаецца ў адзінаццаты раз. У кожнага беларуса свае згадкі пра Тураў, гэты непаўторны куток Палесся. Што для Вас асабіста было вызначальным, каб пачынаць адраджэнне гэтых славутых мясцін?
— Не зачаравацца імі нельга! Якая слынная гісторыя! На Замкавай гары літаральна адчуваеш подых стагоддзяў. Тураў згадваецца прыкладна ў 980 годзе. З самага пачатку гэтыя землі развіваліся як самастойная дзяржава. Глядзіш у мясцовым музеі макеты збудаванняў і ўмацаванняў горада і не можаш не захапіцца: умелі дрыгавічы і будаваць, і гандаль ладзіць, і абараняць сваё радавое гняздо. Міжволі згадваецца, што ў 1158 годзе горад вытрымаў 10-дзённую асаду войскаў кіеўскіх князёў. А ў 1160-м валынскія князі са сваімі воінамі тры тыдні тоўпіліся пад сценамі нязломнай сталіцы княства.
А яшчэ Тураў быў адным са старэйшых цэнтраў пісьменства і летапісання, развіцця хрысціянства. Якія прыгожыя цэрквы былі (і, на вялікі жаль, не ўсе засталіся да нашых дзён). Археолагі знайшлі на гарадзішчы рэшткі храма XII стагоддзя. А сама Тураўская епархія адзначыць у 2005-м сваё 1000-годдзе. І як жа нам, нашчадкам, не ганарыцца, што менавіта тут пры епіскапскім і саборным храме Кірылам Тураўскім і яго пераемнікам Лаўрэнціем вяліся летапісныя запісы, якія ўвайшлі ў кіеўскі і галіцка-валынскі летапіс. У бібліятэцы Акадэміі навук Літвы захоўваецца адзін з найбольш ранніх помнікаў усходне-славянскага пісьменства — Тураўскае евангелле.
Спадчыну Кірыла Тураўскі пакінуў неўміручую — каля 70 пропаведзяў, павучэнняў, малітваў, прытчаў, канонаў. Наша гомельскае Таварыства Кірылы Тураўскага выдавала брашуры выбраных твораў асветніка, філосафа, паэта. Чытаеш і думаеш: які гэта быў для свайго часу адукаваны, культурны чалавек, як пранікнёна пазіраў у будучыню. Многія занатаваныя ім вывады, у прыватнасці аб неабходнасці аб’яднання славянскіх народаў, актуальна гучаць і сёння. Ёсць версіі, згодна з якімі Кірыла Тураўскі з’яўляецца аўтарам “Слова о полку Игореве”. Безумоўна, гэта Асоба свайго часу, і нездарма ў 1984 годзе епіскап тураўскі ўключаны ў Сабор беларускіх святых.
— Ужо другі раз у гісторыі Дзён беларускай пісьменнасці Тураў бярэ эстафету ад яшчэ аднаго падмурка нашай дзяржаўнасці, выдавецкай справы — Полацка... Здаўна між імі вядзецца негалоснае суперніцтва...
— Толькі так сталася, што пэўны час Тураў быў незаслужана абыдзены ўвагай дзяржавы, са сталіцы княства заняпаў да невялікага мястэчка. Зараз мы стараемся ўзняць яго на новыя прыступкі развіцця. У гэтай справе адраджэння сваё важкае слова сказаў Прэзідэнт краіны. У красавіку гэтага года, падчас рабочай паездкі па Гомельшчыне, кіраўнік дзяржавы наведаў Жыткавіцкі раён, пабываў у Тураве. Гэта было ў красавіку, у асабліва прыгожы час вясновага разводдзя Прыпяці. З вышыні палёту прыгожа паўстае бязмежная прастора блакітнай вады, якая здавалася адбіткам нябёсаў. І між гэтага акіяна ўзвышалася зялёным востравам Замкавая гара, кожная пядзя якой захоўвае яшчэ столькі гістарычных таямніц!
Аляксандр Рыгоравіч тады зазначыў, што археолагам неабходна прадоўжыць свае пошукі, адкрыць для сучаснікаў рэшткі сцен Тураўскай царквы, зрабіць даступным для паломнікаў крыж, які быццам вырастае з зямлі на Барысаглебскіх могілках. Кажуць, што пад ім нібыта і знайшоў спачын Кірыла Тураўскі.
Сур’ёзная размова пра развіццё Турава была праведзена з прадстаўнікамі ўрада краіны непасрэдна ў пасёлку. А літаральна днямі, 27 жніўня, адбылася сесія абласнога Савета дэпутатаў, на якой прынята рашэнне аб аднясенні гарадскога пасёлка Тураў да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.
Па даручэнню Прэзідэнта краіны распрацоўваецца доўгатэрміновая праграма развіцця Турава з улікам яго унікальнага гістарычнага і ландшафтна-рэкрэацыйнага значэння. На Замкавай гары будзе створаны музей пад адкрытым небам. Безумоўна, змяняецца на вачах і сам горад. Парадуе ён і гасцей свята сваімі вуліцамі, прыгожымі агароджамі, выфарбаванымі ў яркія колеры фасадамі будынкаў. Ужо выкананы даволі значны аб’ём работ па рамонту і добраўпарадкаванню аб’ектаў сацыяльнай сферы, гандлю і грамадскага харчавання, культурна-бытавога прызначэння. Знесены шэраг старых будынкаў і пакінутых дамоў. Мадэрнізавана мясцовая тэлефонная сетка — пабудавана валаконна-аптычная лінія сувязі, вядзецца тэлефанізацыя дамоў інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. 5 верасня ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны ў Тураў будзе пададзены прыродны газ. Усяго на падрыхтоўку Дня беларускай пісьменнасці ў Тураве ўжо асвоена 2,5 мільярда рублёў бюджэтных сродкаў і дабрачынных ахвяраванняў.
У перспектыве ў цэнтры будзе цудоўная гасцініца: неўзабаве горад з такой векавой гісторыяй стане адным з цэнтраў турызму. Прыемна, што кіраўнік дзяржавы падтрымаў нашу ідэю “залатога кальца Гомельшчыны”.
Сёлетнія ўрачыстасці Дня беларускай пісьменнасці мы таксама пашырылі. Праграма іх пачнецца ў Гомелі сёння адкрыццём помніка Кірылу Тураўскаму. І візітоўка абласнога цэнтра — палацава-паркавы ансамбль — парадуе адкрыццём другой чаргі, цэнтральнай часткі рэстаўрыраванага Палаца Румянцавых і Паскевічаў. Прыемна, што калектывы буйнейшых прадпрыемстваў горада, радавыя жыхары Гомельшчыны адгукнуліся і падтрымалі фінансава справу адраджэння не толькі гэтага помніка дойлідства, але і свяшчэннага для нас усіх Турава.
— У нашай вобласці шмат увагі надаецца развіццю культуры. І, безумоўна, тут вельмі важнай з’яўляецца Ваша асабістая пазіцыя. Нярэдка Вас можна сустрэць на мастацкай выставе, на прэм’еры ў тэатры, на прэзентацыі новай кнігі, на фестывалі. Аблвыканкам падтрымлівае выданне кніг: у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла “Тураўшчына літаратурная”, нядаўна з’явіўся і зборнік “Натхненне”, у якім сабраны творы паэзіі, прозы, публіцыстыкі ўраджэнцаў Тураўшчыны, Жыткавіцкага раёна. Цудоўныя падарункі да Дня беларускай пісьменнасці. Што для Вас асабіста друкаванае, газетнае слова?
— Слова — магутная зброя. Сапраўды, яно і лечыць, і калечыць. І трэба вельмі беражліва карыстацца ім. Радуе, што на нашай Гомельшчыне шмат таленавітых людзей — не перасохлі срэбразвонныя палескія крыніцы, падпітваюць сваёй жыццядайнай энергіяй. Упэўнены, што чалавек выхоўваецца на прыгажосці, а таму мы акцэнтуем намаганні на падтрымцы творчых асоб, развіцці культуры ў вобласці. Садзейнічаюць таму пазітыўныя зрухі ў нашай эканоміцы. Вось і па выніках першага паўгоддзя вобласць выканала асноўныя мэтавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. А гэта азначае, што мы можам знайсці пэўныя сродкі, каб вярнуць людзям забытыя імёны і страчаныя помнікі гісторыі.
Заўтра ў Тураве адбудзецца і сапраўдная рэспубліканская журналісцкая лятучка — будзе прадстаўлена панарама самых розных выданняў. Гэтакі масток ад летапісных запісаў Кірылы Тураўскага да суперсучасных сродкаў масавай інфармацыі, якія выкарыстоўваюць найноўшыя інфармацыйныя і паліграфічныя тэхналогіі. Упэўнены, што і наша “Гомельская праўда” — адна са старэйшых газет рэспублікі — піша дастойныя старонкі летапісу нашых дзён, сваім друкаваным словам садзейнічае таму, каб Тураў узняў шырока свае “крылы”.
Гутарку вяла Тамара КРУЧЭНКА
Спорт


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать