Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Жыццёвыя плыні Шамякіна

5311 0 03:01 / 11.03.2016
У краязнаўчым аддзеле абласной універсальнай бібліятэкі адкрылася музейная экспазіцыя “Жыццёвыя плыні Шамякіна”, дзе прадстаўлены кнігі, рукапісы, асабістыя рэчы народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. 
IMG_3068.JPG

Згадваючы жыццёвы і творчы шлях земляка, пісьменнікі, навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэкі падкрэслівалі гуманізм, чалавечнасць, дабрыню кніг Івана Пятровіча, пазітыўны погляд пісьменніка на рэальнасць, у якой жыў і працаваў. “Нашы землякі, пісьменнікі-класікі, далі ўсім нам урок, як любіць усё роднае, шанаваць традыцыі, захоўваць бацькоўскую мову”, — падкрэсліў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.
Пляменнік Івана Шамякіна гамяльчанін Міхаіл Калінін шчыра распавядаў пра свае вандроўкі ў Мінск, да славутага сваяка, з якіх заўсёды прывозіў кнігі з аўтографамі. У дарунак бібліятэцы госць перадаў адну з іх — “Зеніт” дырэктару “Ленінкі” Марыне Рафеевай, шчыра падзякаваў калектыву за створаную экспазіцыю. Відэафільм на экране ўзнавіў маналогі Івана Шамякіна пра творчыя задумы, пра іх ажыццяўленне. Здорава, што ў галоўнай бібліятэцы вобласці ёсць аснова і рэальнага, і віртуальнага літаратурнага музея — годна прадстаўлены тры народныя пісьменнікі, тры славутыя Іваны Гомельскай зямлі: Мележ, Шамякін, Навуменка. Наперадзе, як расказалі супрацоўнікі краязнаўчага аддзела, фарміраванне экспазіцый драматурга Андрэя Макаёнка, празаіка Барыса Сачанкі.
У адкрыцці экспазіцыі бралі ўдзел бібліятэкары і кіраўнікі бібліятэк, удзельнікі абласнога семінара, студэнты.

— Іван Пятровіч — стрыечны брат майго бацькі. Згадваю яго з вялікай цеплынёю і шчырасцю. У свой час Іван Пятровіч хораша паўплываў на мой лёс. Па сваёй асноўнай ваеннай спецыяльнасці адукацыя ў мяне радыётэхнічная. Менавіта Шамякін параіў паступіць на філалагічны. Так што пасля заканчэння мы з ім гутарылі на ўзроўні: 
IMG_2692.JPG
пісьменнік — выкладчык. І працуючы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, я, безумоўна, мог паднесці студэнтам асаблівыя дэталі з творчай лабараторыі пісьменніка.
Калі ў мяне не атрымалася з філалагічнай дысертацыяй, менавіта Іван Пятровіч нацэ­ліў: “Малюй! У цябе гэта з дзяцінства выдатна атрымоўваецца”. Так што вось і зараз, ужо пенсіянер са стажам, працягваю маляваць маслам пейзажы роднага Добрушскага краю. Рады, што мае 14 карцін былі размешчаны на выставе ў фае раённага Дома культуры ў час юбілейных урачыстасцяў у гонар Івана Шамякіна. Ён застаецца для мяне ўзорам творцы-працаўніка, патрыёта сваёй зямлі.
Міхаіл КАЛІНІН, пляменнік
Фото аўтара
Новости


20240419_091146.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать