Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Церабаў. Петрыкаўскі раён. Вандроўка восемдзесят другая

4130 0 16:28 / 03.04.2022
Па дарозе ў гэтую палескую вёску мы разважалі: чаму ж яе так назвалі? Мо, тут лён церабілі? А ад мясцовых жыхароў пачулі дзве версіі: багата каля рэчкі Трэмля і іншых вадаёмаў лазы, яе і церабілі, прарэджвалі; а яшчэ ў народзе кажуць, што быў у далёкія часы ўладальнікам гэтай зямлі чалавек з падобным на назву вёскі прозвішчам. Аднак дакладна вядома, што на поўдзень ад цяперашняй вёскі было паселішча Малы Церабаў.

Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области.


З гісторыі вёскі

Вядома яна з XVIII стагоддзя ў складзе Мазырскага павета Мінскага ваяводства ВКЛ. З 1793 года – у Расійскай імперыі. У 1795 годзе тут было 45 двароў, адкрылі царкву, якую перабудавалі ў 1871-м. Па сведчанні вяскоўцаў, царква знаходзілася там, дзе цяперашнія могілкі: у час вайны яе ўзарвалі, каб акупантам не дасталася мука, якую там захоўвалі. Храмавае свята вёскі – Пакроў.

Было ў Церабаве ў 1906 го­дзе і выступленне сялян супраць паліцыі, якая абараняла інтарэсы памешчыка Ісакава: людзям не дазвалялі пасвіць кароў на адпаведных участках лугоў. Праз два гады вёска ўвайшла ў склад Капаткевіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерніі. У 1912 годзе ў сялянскай хаце адкрылі земскую школу.

Салісткі «Купалінкі» Святлана Бараніч, Наталля Фаміна і Ніна Дашкевіч

Калгас на гэтых землях арганізавалі ў 1930-м. У час Вялікай Айчыннай вайны 17 жніўня 1941 года з байцоў знішчальнага батальёна створаны Капаткевіцкі партызанскі атрад. У баях каля Церабава загінулі 144 воіны Чырвонай арміі. Яны пахаваны ў брацкай магіле. У маі 1944-га, калі ішла падрыхтоўка да аперацыі «Баграціён», вяскоўцаў перасялілі ў Сырод Калінкавіцкага раёна. 124 церабаўцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай.

У 1959 годзе ў вёсцы жылі 895 чалавек, землі ў складзе саўгаса «Мышанка». Былі аддзяленне сувязі, клуб, базавая школа, бібліятэка, ФАП. Зараз у Церабаве 75 домаўладанняў, 131 жыхар, працуюць жывёлагадоўчы комплекс – аддзяленне «Мышанка» СУП «Палессеаграінвест», клуб, магазін.

Людзі тут працавітыя і песенныя

У гэтым упэўнілася, калі па­знаёмілася з загадчыцай сельскага клуба Наталляй Фаміной і іншымі ўдзельніцамі народнага фальклорнага ансамбля «Купалінка». Наталля Мікалаеўна зазначыла, што дзявочае прозвішча яе – Дашкевіч, і ў большасці церабаўцаў такое ж. Таму людзі тут пераплеценыя роднаснымі сувязямі, падтрымліва­юць адзін аднаго. А яшчэ тут шмат Грамовічаў і Цыркевічаў.

Мама Наталлі – з вёскі Бе­сяды, працавала тынкоўшчыкам у Мышанцы. Тут і пазнаёмілася Антаніна са сваім Дашкевічам. Мікалай Аляксеевіч выдатны цясляр, нездарма ж, калі складалі зрубы хат, яму давяралі самае адказнае: вугал. Удваіх з жонкай яны столькім хатам далі жыццё! І пяцёра дзяцей людзьмі выхавалі!

– З гадамі філасофія жыцця нашых вяскоўцаў не мяняецца: мы такія ж дурныя да работы. Вось і я, здавалася б, магу пражыць лягчэй, дзеці раз’ехаліся. Аднак як толькі вясна надыходзіць, ужо ў клопаце: як гэта я не пасею? – дзеліцца Наталля. Згадвае свайго бацьку, які напрыканцы Вялікай Айчыннай трапіў у армію, у Брэст, сем гадоў служыў, быў запявалаю ў крэпасці над Бугам. Песні ваеннага часу ўвайшлі ў сэрца Наталлі як бацькава спеўная спадчына. Пасля ён пэўны час працаваў электрыкам у вайсковай часці ў Мышанцы. Спяваў! А потым стаў брыгадзірам у саўгасе, дзяліўся: «Зямля пацягнула!» І тут ніводная сезонная работа не абыходзілася без яго песні: ці калі дажынкі спраўлялі, ці дакопіны. Ад маці сваёй, Клаўдзеі, меў багаты інтанацыямі голас, і песня суправаджала ўвесь яго век.

Калі я паслухала спеў самой Наталлі, калі загучала адна са жніўных песень, пераканалася: голас, зачэрпнуты і з крыніц роднага Палескага краю:

Ой, жыто-жыто ж, мае жыто,
Цябе вецер калышэ…
Ох, не пабачу ж каханаго –
Мой дух не дышэ…

Пра Фаміну вяскоўцы ка­жуць: «Жытка ў жанчыны харошая: увесь час спявае!» Чвэрць стагоддзя яна кіравала ансамблем «Купалінка», якому ў 1994 годзе было прысвоена званне народнага. Зараз Святлана Бараніч узначальвае спеўны калектыў.

Вясельную песню далучылася выводзіць і яшчэ адна «купалінка» – Ніна Дашкевіч. Жанчыны патлумачылі: гэты рэлікт у Церабаве спявалі, калі шлі ў сваты:

Ой, полем, полем, як дымом,
А дарогаю, як шнуром-у-у-у,
Там ехалі баяры, сем палкоў
Папярэдзіць Куколечка…
Ён свайго коніка паганяе,
Над дарогай кустачкай махае:
«Ой, баяры вы мае, баяры,
Шугніце ж вы мяне высако-у-у-у,
Штоб я пабачыў далеко.
Там мая Волечка гуляе,
Садовае яблучко качае.
Садовае яблучко кругленькое,
Мы ж з табой, Волечка,
родненькія…»

Пасля такой песні міжволі гаворка зайшла пра жаночую долю. Святлана Бараніч, ураджэнка Церабава, паспела паспытаць гарадскога жыцця: працавала аграншчыцай алмазаў у Гомелі на прадпрыемстве «Крышталь», а свой сапраўдны брыльянт – мужа-земляка Сяргея Віктаравіча ў роднай вёсцы на вяселлі згледзела. «Ён як запяе ды й затанцуе! Во, гэта дык жаніх! – падумала я тады, – дзеліцца Святлана. – Бы ў воду глядзела».

Працавіты, гаспадарлівы чалавек, сапраўдны паляшук. І зараз яго прыродны талент на бяседах у вёсцы раскрываецца: натуральны, народны. Загадчыца СДК Наталля Фаміна зазначыла: «Чакаем, як выйдзе на пенсію і папоўніць нашу «Купалінку»!»

З 1982 года лёс Ніны Мішчук з Міхедавічаў звязаны з гэтай вёскай, дзе яна стала Дашкевіч. Пачынала працаваць прадаўцом, зведала і шмат іншых прафесій – кладаўшчыка, падлікоўца, ветсанітара, зараз – тэхнічка. Руплівіца, сціплая па характары, яна любіць дэкламаваць вершы пра родны Палескі край, і ёй гэта ўдаецца. Разам з мужам Уладзі­мірам выхавалі дзвюх дачушак: Віка ў Калінкавічах, Наталля – у Асіповічах, абедзве працуюць у дзіцячых садках. «Я самая багатая бабуля – у нас з мужам пяцёра ўнукаў! – зазначыла Ніна Уладзі­міраўна. – Не было дзянёчка, каб яны нам не патэлефанавалі».

Аповед былога паштальёна Валянціны Дашкевіч:

Мікалай Караткоў, мужны воін: фота з сямейнага альбома

– Мой бацька, Мікалай Караткоў, быў ураджэнцам расійскай вёскі каля Пензы. У Мышанцы служыў перад Вялікай Айчыннай. Тут і пазнаёміўся з мамай, яна ў пральні ваеннай часці працавала. Пажаніліся. У 1941-м павёз малады паказваць сваю палескую прыгажуню пензенскай радні. А тут вайна. Яго як ваеннага адазвалі ў часць. Прыбыў, а нікога ўжо няма. Рушыў далей, да Брэста. Ведама ж, вяртацца назад прыйшлося, уступіў у партызаны. У 1942 годзе сынок нарадзіўся, пазней – яшчэ адзін хлопчык, і бацька забраў маму з дзецьмі ў лес. Там, у балотах, меншы хлопчык памёр. Са старэйшым мама вярнулася дадому. А тут людзі падказваюць: ходзяць па вёсцы па­ліцаі, мама накіравалася ратавацца з дзіцём у Баянаў да сваякоў. Але і там у хаце, дзе яна схавалася за грубу, прыціснуўшы да сябе майго браціка, угледзеў іх малады з паліцыі Дзмітрый Дземідзенка (бацькі яго ўцягнулі ў гэта). Мама расказвала, колькі яна страху перанесла, як сыйшліся іх позіркі, ды той прамовіў: «Не бойса, Паліна, я цябе не выдам». Слова стрымаў. Мо, у другім месцы дзе нашкодзіў? У пасляваенны час яго асудзілі, далі багата, гадоў мо 16. Вярнуўся, працаваў трактарыстам. Мама ж мая рабіла ў паляводстве. Казала: каб табе калі загаварыць з ім на гэтую цяжкую тэму…

Валянціна Мікалаеўна, 1946 года нараджэння, шчыра падзя­лілася са мною перажытым. Бацька, Мікалай Іванавіч, пасля злучэння партызан з Чырвонай арміяй завяршыў вайну ў логаве ворага ў Берліне, вярнуўся дамоў са шматлікімі медалямі і ордэнам, працаваў брыгадзірам. Складаны быў час, мо і помста якая ад тых, хто працягваў ненавідзець уладу: згарэў чалавек у пуні з сенам у час вяселля ў вёсцы. Ішоў 1950 год…

Шмат перажыўшы, Мікалаеўна клапатліва займаецца афармленнем сямейных фата­графій, робіць мастацкія рамачкі пад іх, стараецца ўпрыгожыць сваім рукадзеллем дом, надаць яму ўтульнасць. Яна актывістка сельскага жыцця, дорыць свае творчыя работы клубу, прыходзіць на канцэрты, дзеліцца ўражаннямі. З гордасцю ветэран працы падзялілася, што колісь і яна вярнулася са Светлагорска да роднай зямлі, сваіх каранёў: пасля вучобы адпрацавала толькі два гады на прадпрыемстве «Хімвалакно».

А ў матулі тры сыны

Валянціна Дашкевіч: «Люблю ўсё прыгожае» 

З Аленай Дашкевіч, ветэранам працы, даяркай, што адпрацавала 30 гадоў на мясцовай ферме, сустрэліся каля яе хаты на вуліцы Камсамольскай. Аляксандраўна ўсцешана гаварыла пра сыноў і нявестак, шасцёра ўнукаў і двух праўнукаў: меншанькай, Кацюшы, толькі другі тыдзень пайшоў! У Год гістарычнай памяці 76-гадовая жанчына марыла аб адным: каб мірным быў век яе нашчадкаў. Працаваць жа сыны і навесткі ўмеюць як сапраўдныя палешукі, таму і малодшых навучаць. Няма ў тым сумневу! 

У Церабаўскім сельскім клубе ёсць сапраўдны музей даўніны. Адзін з рэліктаў – цымбалы Рыгора Дашкевіча






Фото аўтара
Общество


20240419_091146.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать