Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Вандроўка сямнаццатая. Бывалькі

6543 0 04:33 / 14.07.2012

А вы бывалі ў Бывальках? Я дык неаднойчы праязджала гэтую вёску на Лоеўшчыне, накіроўваючыся ў Дзяражычы. На гэты ж раз канчатковай кропкай вандроўкі выбрала Бывалькі.

Загадчыца сельскага Дома культуры Зоя Давыдоўская паведаміла, што адна з найбольш верагодных версій назвы селішча такая: з даўніх часін тут жылі і жывуць бывалыя людзі, якія шмат зведалі ў гэтым жыцці. “У нас і сёння бытуе прымаўка: “Хто ў Бывальках не бываў, той гора не знаў”.

Як хадзілі пехатой у Смаленск, або адна пара ботаў

З сівой яшчэ даўніны ў раёне Бывалек хаваліся ад 25-гадовай службы ў арміі бежанцы. Яны мелі самыя цесныя стасункі з мясцовымі жыхарамі, якія іх называлі “маладцамі”. Афіцыйныя ўлады — “разбойнікамі”, бо беглыя рэкруты рабавалі людзей, якія праязджалі па дарозе, праўда, толькі багацеяў, купцоў. Да 1848 года Бывалькі ўваходзілі ў састаў маёнтка Лоеў, уладальнікам якога быў граф Осіп Юдзіцкі. Пасля яго смерці, як вядома, маёнтак трапіў пад апеку. У снежні 1846-га быў складзены інвентар маёнтка, па якому вызначаліся павіннасці сялян Бывалек. Адно цяглавае сямейства мела 13 дзесяцін прысядзібнай, палатнай і сенакоснай зямлі і павінна было ў тыдзень адбыць “два вупражных дні прыгону і два пешых”. А яшчэ сяляне здавалі ўладальніку з кожнага двара да шасці чвэрцяў ячменю, ад 50 да 100 грыбоў, ад пяці да дзесяці яек, ад 4,5 да 18 пудоў сена, ды яшчэ рыбу, гусей, качак, курэй і г. д., выплочвалі аброк ад 1 рубля 12 капеек да пяці з паловай рублёў серабром. У 1846 годзе ў Бывальках былі 83 гаспадаркі, 438 жыхароў. Мелі яны 43 свінні, 16 вулляў пчол, 115 авечак, 68 коз, 19 кароў, 122 валы. З “Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі за 1870 год” вынікае, што ў 1858 годзе бывалькаўскі бургамістр Іван Самойленка змог ахвяраваць на будаўніцтва дзяражыцкай царквы 1254 рублі. Безумоўна, грошы былі выціснуты з сялян за 8 гадоў знаходжання Івана Антонавіча на пасадзе. Граф Юдзіцкі 18 жніўня 1832 года выдаў княгіні Юліі Любамірскай закладны дакумент, па якому быў абавязаны выплаціць ёй 37500 рублёў серабром. А ў 1848 годзе княгіня набывала Бывалькі на публічных таргах у Мінскім губернскім праўленні. У той час у вёсцы было 211 мужчын і 251 жанчына. Зямлю апрацоўвалі прымітыўнымі прыладамі — драўлянымі сошкамі, баронамі і ручнымі цапамі. У 1870 годзе пачаліся хваляванні сялян. А на пачатку 1900 гадоў бывалькаўцы вымушаны былі хадзіць пехатой аж у Смаленск, наймацца ў сплаўшчыкі лесу. Уяўляеце, яны ганялі плыты аж да ўкраінскага Херсона. Адтуль 24 — 25 дзён дабіраліся дадому. Што і казаць, бывалыя людзі! Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй на ўсё мужчынскае насельніцтва вёскі была адна пара ботаў. Яе ўладар Сямён Андрыянец браў грошы за пракат. Менавіта ў гэтым абутку мясцовыя хлопцы вянчаліся. Бялізну тады шылі з канаплянага суровага палатна. Фарбавалі яго дубовай ці альховай карой і шылі ўжо каляровыя штаны, сарочкі і шапкі. У каго меліся козы ці авечкі, змешвалі пражу з партном і рабілі буркі. Каб можна было прасці канапляную нітку, пяньковае палатно (невялікія яго порцыі — “жмені”) мялі нагамі. Таму працэс называўся “мяць жмені”. А каб жменя мялася хутчэй і больш якасна, патрабавалася жорсткая падлога. Зімой яе мылі толькі раз — да Ражства Хрыстова… У Вялікую Айчынную вайну сем’і Пікас, Андрыянец, Паўлюшчанка і іншыя пайшлі ў партызанскае злучэнне “За Радзіму” змагацца з ворагам. Праз вёску Бывалькі ў пачатку лістапада 1942-га ішоў адзін з батальёнаў Каўпака. А ў канцы сакавіка 1943-га пасля фарсіравання Дняпра каля Шчытцаў партызанскае злучэнне Фёдарава ў Бывальках змяніла зімовыя сані на калёсы. У чэрвені насупраць вёскі фарсіраваў Дняпро атрад народных мсціўцаў Папудранкі. 18 кастрычніка 1943-га пачалася пераправа праз Днепр. На плацдарме Бывалькі — Шчытцы былі вельмі жорсткія баі, зямелька гэтая шчодра паліта крывёю салдат і камандзіраў розных нацыянальнасцей. Напрыклад, ураджэнец Арэнбургскай вобласці лейтэнант Фрол Ермакоў з 1281-га стралковага палка 60-й Сеўскай стралковай дывізіі на світанні 19 кастрычніка, замацаваўшыся на паўночнай частцы вёскі, пры адбіцці апошняй атакі праціўніка паў смерцю храбрых. Яго імем названа адна з вуліц Бывалек.

Хто не драмае, усё мае

А хто ж яны, сённяшнія жыхары вёскі? Знаёмства з імі пачалося на малочна-таварнай ферме № 1. Шчыруюць тут 20 чалавек на чале з загадчыцай Надзеяй Вераб’ёвай. Вядома ж, праца даярак не з лёгкіх, за кожнай замацавана ў сярэднім па 50 каровак. Тройчы іх трэба падаіць: у пяць гадзін ранку, у поўдзень і ў восем вечара. Так што ў летнія канікулы дзеці многіх дапамагаюць бацькам. Надзеіны, трое, у свой час таксама пашчыравалі з мамай. Дом перадавога механізатара Аляксандра Давыдоўскага вызначаецца сваёй дагледжанасцю, прыгожымі кветнікамі, што і засяродзіла маю ўвагу. Пашанцавала: сам гаспадар якраз пад’ехаў да сядзібы на сяльмашаўскім камбайне “Палессе”. Прычым не адзін, а з сынам, навучэнцам педагагічнага каледжа, і малодшай 3-гадовай дачушкай Анжалікай. Сямікласніца Алеся ўбірала парэчкі каля весніц. Вось так у Бывальках спасцігаюць працу! Аказалася, што гэта сям’я аднаго з траіх сыноў майго гіда па вёсцы Зоі Давыдоўскай. “Пра сваіх мо і няёмка гаварыць, але ж мне не сорамна за сваіх дзетак”, — сказала жанчына. Калі мы ступілі ў дом, у мяне ўраз знікла адчуванне, што ў вёсцы знаходжуся. Ды не ва ўсялякай гарадской кватэры так усё ўсталявана па-сучаснаму і настолькі ўтульна. Не заспелi толькі гаспадыню Іну, яна палола буракі. Вывад напрошваўся сам сабою: хто не драмае, усё мае! Саша Давыдоўскі-малодшы, дарэчы, ужо шэсць сезонаў дапамагае бацьку на нарыхтоўцы кармоў і на жніве. А яшчэ спраўляецца бабулі падсобіць у арганізацыі вечарын і дыскатэк у вёсцы, цудоўна спявае і на баяне іграе. Як расказалі мясцовыя жыхары, такіх маладых, гаспадарлівых і працавітых, як Давыдоўскі, зараз у Бывальках яшчэ тры механізатары: Міхаіл Фядотаў і два Ігары — Кавалёў і Пазняк. На іх сёння трымаецца гаспадарка. А быў жа час, калі ад здабыткаў бывалькаўскага калгаса паказчыкі ўсёй Лоеўшчыны залежалі. Моцная была гаспадарка. Пасля чарнобыльскай навалы ў Бывальках жылі і працавалі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей былога СССР. Прачытала аб’яву пра тое, што патрабуюцца кадры ў беларускую вёску башкірска-ўзбекская сям’я Назіравых са Сцярлітамака. Галава сям’і прыехаў паглядзець, якія тут умовы, і сустрэў свайго саслужыўца-беларуса па арміі. Аселі Любоў і Міхаіл Назіравы ў Бывальках. І не толькі яны. Цяпер на Лоеўшчыне жывуць і іх восем дзяцей — у вёсках Уборак і Астравы, а таксама райцэнтры Лоеў. Багатыя бабуля і дзядуля: 27 унукаў, 4 праўнукі, для якіх ужо родная беларуская зямля. Гасцінныя, дабразычлівыя Назіравы стараюцца, каб іх дом патанаў у зеляніне. І хоць мясціна нізкая, кусцяцца тут ружы — 26 сартоў разводзіць гаспадыня. Ёй падабаецца займацца ландшафтным дызайнам: у двары альтанка ў атачэнні розных туй, дэкаратыўных мнагалетнікаў. Любоў перапісваецца з вядомымі беларускімі фірмамі, атрымлівае каталогі і насенне.
А марыць гэта сапраўдная гаспадыня, каб як-небудзь пазбавіцца вільгаці ў хаце, бо ўжо чацвёрты раз даводзіцца перакладаць падлогу. “Добра, што сыны ўсе будаўнікі, дапамагаюць рабіць рамонты. Як атрымалі мы гэты калгасны дом, то ўсе яго агрэхі самі ліквідуем. То трубы прарывае, то сцены трашчаць. Столькі сродкаў ужо ўбухалі ў гэтыя рамонты, а куды дзенешся?” — падзяліліся Назіравы сваімі праблемамі.

Замест эпілогу

Адна з бывалькаўскіх адметнасцей — бальніца сястрынскага нагляду, дзе маюць шчыры прытулак два дзясяткі бабуль і дзядуль з вакольных вёсак. Большасці з іх за 80 гадоў, шмат розных хвароб і жыццёвых праблем выпрабавалі іх. Цяпер у гэтай бальнічцы яны ў цяпле і святле. Ганна Грынь, напрыклад, каля 40 гадоў адпрацавала даяркай і даглядчыцай на ферме ў суседняй вёсцы Дзяражычы. А на маё запытанне пра дзяцінства 75-гадовая нямоглая жанчына падзялілася самым незабыўным: “Вёска гарэла, а дзед абкутваў нас, дзяцей, радном саматканым… Салдацікі выйшлі і сказалі, што мы ранавата вярнуліся. Праз Дзяражычы войскі яшчэ ехалі, хто чым — коньмі, валамі. На дняпроўскай кручы — бінтоў крывавых, божа мой… А мы так есці хочам! Бабуля па сходцах паднялася да салдацкай кухні. Нам па скібцы хлеба адрэзалі, маргарынай намазалі. Смак таго хлеба ніколі не забуду!”
Фото аўтара
Выбор редакции


20240419_091146.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать