Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Тамара Крюченко :

Вандроўка саракавая: Бушацін. Лоеўскі раён

Добавлено 28.12.2016 18076 0
Вёска Бушацін — самая маланаселеная ў Страдубскім сельсавеце. Адметная хаця б тым, што ў назве прысутнічае прозвішча аднаго з амерыканскіх прэзідэнтаў. Некаторыя мясцовыя жыхары расшыфроўваюць яе так «Буша тын».
IMG_4241.JPG
Аднак не думаю, што ўтварылася назва ад гэтых двух слоў. Таму і звярнулася за тлумачэннем да кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай мовы філфака ГДУ імя Ф. Скарыны Наталлі Багамольнікавай. Яна адзначыла, што такія назвы з канчаткам «-ін» сведчаць аб індывідуальнай прыналежнасці. Слова ўтворана ад мянушкі ці прозвішча. Калі, скажам, сын аддзяляўся ад бацькоўскай гаспадаркі на асобны хутар, за ім замацоўвалася канкрэтная адзнака роду.
Жыхарамі вёскі з’яўляюцца наезджыя людзі. Толькі адну карэнную бушацінку давялося тут стрэць. Ды ведаеце, якое яна носіць прозвішча? Вялікая, імя — Надзея.
Вёска складаецца з адной толькі вуліцы Лясной, ды і хат жывых з паўдзясятка. Хаця і ад цэнтральнай трасы кіламетры два, адчуваеш адлегласць ад цывілізацыі. Аднак ярка-блакітныя калодзежы ўздоўж вуліцы кранулі сэрца згадкай пра родны дом, і запульсавала ў сэрцы песня «Колодец, колодец, дай воды напиться...». Гэта ж добра, што немаладым жанчынам-сялянкам, якія тут жывуць, блізка тупаць з вёдрамі.
IMG_4289.JPG
Святлана Дзегцярэнка 21 год узначальвае Страдубскі сельсавет, часта бывае ў Бушаціне
З гісторыі вёскі
Вядомая з XIX стагоддзя ў складзе Холмецкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. У 1850 годзе Бушацінам валодаў памешчык Міхайлаў. Літаральна праз год вёска ўжо была ўласнасцю двараніна Вішнеўскага: меў ён 842 дзесяціны зямлі. У 1897 годзе тут быў хлебазапасны магазін. Першы калгас арганізавалі ў Бушаціне ў 1930 годзе, ён насіў імя Клімента Варашылава. Працавалі ў той час дзве кузні, млын-вятрак. У час фашысцкай акупацыі гітлераўцы спалілі 44 двары. У 1959 годзе гэта былі землі калгаса «Усход», цэнтрам гаспадаркі была вёска Страдубка.
Даярка Раіса Мякіш
Заспела ветэрана працы за звыклымі клопатамі. Разам з сынам Аляксандрам, што прыехаў з Гомеля, бульбу набірала ў склепе. Сын намерваўся зрабіць гэта сам, ды ці ж бабуля для ўнука прадукцыю сама не нагатуе? У крыві ў нашых матуль гэтая ўлюбёнасць у малодшых рода свайго, нашчадкаў. Таму сыну дала толькі даручэнне падымаць мяшкі са склепа наверх.
— Я з Ліпнякоў родам, — падзялілася былая даярка. — Рэвянок маё бацькоўскае прозвішча. Ужо 55 гадоў тут, і 15, як мужа свайго, Сяргея Давыдавіча, пахавала. Вадзіцелем адпрацаваў у тагачаснай гаспадарцы, заслужыў два ордэны Працоўнай Славы. Забылі, на жаль, пакласці яму ўзнагароды з сабой, туды...
IMG_4245.JPG
Раіса Мякіш
Жанчына зірнула ў нябёсы, быццам указваючы, які боскі быў яе чалавек. З ім траіх дзяцей паднялі, шчыруючы і дома, і ў калгасе. Дзеці ў старэйшых класах у Холмечы па тыдні жылі ў школьным інтэрнаце, дадому прыходзілі ў выхадныя. Бацькі-сяляне марылі пра іх адукацыю, лягчэйшае жыццё. Дзеля таго капейчыну да капейчыны складалі. Раіса Рыгораўна даяркай па 28 кароў аддойвала. У чатыры гадзіны раніцы штодня шыбавала на ферму ў Бушаціне. Тры дойкі, і позна ўвечары яшчэ і хатнія справы паспець зрабіць.
— Мы ж і дома тады трымалі па дзве свінаматкі, па дзве каровы, быка, гусей, індзюкоў, качак, — дзеліцца сялянка. — Ды ўсе тыя працоўныя грошы «згарэлі». Але ж, дзякаваць Богу, дзеці выраслі годнымі людзьмі, гараджане, кватэры маюць у Гомелі. Саша ў будаўніцтве працуе, Валя настаўніцай рускай мовы і літаратуры, Алена — выхавацелькай у дзіцячым садку. Цудоўныя дзеці. Не забываюць, пастаянна адведваюць. Цяпер у мяне тут гаспадарка зусім малая: куркі, сабачка ды два коцікі. Вось здароўя б купіць! А так — усяго хапае, і паесці, і знасіць. Сын ужо і вокны дыхтоўныя паставіў, і агароджу аднавіў каля хаты. Толькі жыві, маці!
Старшая па вёсцы
Можна сказаць, што такая пасада ў Ганны Такарэнкі. Яна памочнік і дарадца старшыні Страдубскага сельсавета Святланы Дзегцярэнкі. Дзіця вайны, 1942 года нараджэння, Ганна Іванаўна з вёскі Рэкорд. Жанчына карыстаецца асаблівым даверам у бушацінцаў. Яна дачка франтавіка Івана Конанава, які дайшоў амаль да варожага логава і загінуў за паўтара месяца да Перамогі. 
Яшчэ з дзяцінства ў Рэкордзе Ганна дапамагала раздойваць першацёлак. Цяжка было прызвычаіцца малечы, пальцы аж да крыві сціраліся, пакуль навучылася кулачком даіць. У Бушацін пайшла замуж, перабраліся з мужам у 1965-м. І тут у брыгадзе паляводчай, у цяпліцы працавала, потым 15 гадоў даяркай. Гаспадар якімі толькі прафесіямі не валодаў! Рабіў кладаўшчыком, брыгадзірам на ферме, трактарыстам. Дзесяць гадоў як не стала мужа, і Іванаўна аформіла інваліднасць. «Здароўя няма, адна абалонка ад мяне засталася», — кажа жанчына.
Ганна Іванаўна згадала часы, калі ў Бушаціне былі школа, клуб, магазін. Як весела спраўлялі тут прастольнае свята вёскі 4 лістапада — Казанскай Божай Маці. «Да нас прыходзілі сваякі з Чапліна. Радасна было ў сумесным застоллі, — свецяцца цёплымі згадкамі вочы жанчыны. — Ведама ж, маладзейшыя былі ўсе». 
IMG_4254.JPG
Ганна Такарэнка
Іванаўна з гонарам расказала пра ўнучку Вольгу: «Яна ўжо чатыры гады працуе ў абласным архіве і адшукала ўсе звесткі пра свайго прадзеда». Па тэлефоне мы звязаліся з Вольгай, і яна расказала пра свайго продка-героя. Слухаючы Вольгу Шуроўскую, я парадавалася за бабулю Ганну. Гэта здорава, што цягнуцца ўверх, да свету, набіраюцца моцы жыцця такія парасткі роду. Ёсць дастойны працяг!
30-гадовы Іван Мікітавіч Конанаў прызываўся Лоеўскім РВК у пачатку вайны. Пехацінец заслужыў падзякі камандавання часці за баі пад Бабруйскам, Ваўкавыскам, Беластокам. І не толькі. Камандзір першага ўзвода 556-га стралковага палка 169-й стралковай Рагачоўскай дывізіі, Конанаў за ўмелае кіраванне і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях за вёску Антонаўка Бабруйскага раёна быў узнагароджаны ў ліпені 1944-га ордэнам Чырвонай Зоркі. Тады яго ўзвод знішчыў разлік варожага станкавага кулямёта і снайпера, якія перашка­джалі руху нашай пяхоты, а таксама захапіў у палон 28 нямецкіх салдат, прычым Іван Мікітавіч асабіста забіў трох фрыцаў. Жыццё нашага земляка абарвалася 21 сакавіка 1945 года на тэрыторыі Усходняй Прусіі, там ён і пахаваны.. 
Дзеці ў нас рабацяшчыя...
Святлана Ліхач падзялілася перажываннем: мужа забрала хуткая. А менавіта ён як ніхто ведае шмат пра родны Бушацін, яго людзей.
— Я ж прыезджая, з вёскі Стужкі Светлагорскага раёна, з-пад Парычаў, — расказала жанчына. — Мы з Мішам маім стрэліся ў Гомелі на будоўлі. Ды і тут добра папрацавалі, у яго роднай вёсцы. Трымалі гаспадарку. Міша мой і пчаляр удалы. Чацвёра дзяцей з ім выхавалі. Яны рабацяшчыя, не п’юшчыя, не курашчыя! Гена на дрэваапрацоўчым камбінаце працуе ў Гомелі, Марына — парыкмахерам, Лена — у гандлі, Наташа — вахцёрам інтэрната. У нас ужо чатыры ўнукі і праўнучка!
IMG_4280.JPG
Святлана Ліхач
Вось так за гутаркай з сялянкамі незаўважна і збег час. Добра, што ў вёску завіталі старшыня Страдубскага сельсавета Святлана Дзегцярэнка з кіраўніком спраў Інай Шапаравай. Абедзве гэтыя абаяльныя клапатлівыя жанчыны нядаўна атрымалі вадзіцельскія пасведчанні. Так што на машыне прыехалі адведаць бушацінскіх сялянак, пачуць пра іх патрэбы і клопаты.
— Ад іх, гэтых жанчын, падпітваешся жыццёвай мудрасцю, — зазначыла старшыня сельсавета. — Яны для нас — узор працавітасці, дабрыні, адданасці роднай зямлі.
Фото Фота аўтара
0 Обсуждение Комментировать