Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Тамара Крюченко :

Жалуддзе. Веткаўскі раён. Вандроўка семдзясят чацвёртая

Добавлено 28.06.2021 8131 0
Вёска Жалуддзе на Веткаў­шчыне… Зараз зусім маленькая планета, на якой засталіся лічаныя хаты. У свой час яна была заснавана як пасёлак перасяленцамі з суседніх паселішчаў. У 1926 го­дзе знаходзілася ў складзе Будзішча-Стаўбунскага сельсавета Свяцілавіцкага раёна Гомельскай акругі. У гэты час тут было 15 двароў, жылі 90 чалавек.


Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области

З гісторыі Жалуддзя

У 1931 годзе жыхары ўступілі ў калгас. У перадваенным 1940-м вёска вырасла на 10 двароў і 4 чалавекі. 12 вяс­коўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, прычым, вельмі вызначыўся Міхаіл Паўлавіч Казлоў, капітан, ён адзначаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. Прапалі без вестак у 1944-м Васіль і Прохар Шахавы. Сямён Шчарбакоў загінуў 1.08.1944 года і пахаваны ў вёсцы Байкіна Себежскага раёна Пскоўскай вобласці…

У 1959 годзе мясцовыя землі ў саўгасе «Янова» з аднайменнай цэнтральнай сядзібай гаспадаркі. У гэты час вёска самая шматлюдная: згодна перапісу насельніцтва тут аж 138 жыхароў. На 1.01.1997 года тут жылі толькі пенсіянеры: пасля чарнобыльскай катастрофы маладыя сем’і адселены. У 2004 годзе – 6 двароў, 8 жыхароў. Зараз Жалуддзе ў складзе Яноўскага сельсавета.

Як вы напэўна здагадаліся, сваю назву вёска атрымала таму, што ў яе ваколіцах рас­ло багата дубоў. А дзе гэтыя волаты-дрэвы – там і жалуды. Зараз іх адзінкі, аднак ваколіцы вельмі ўпрыгожваюць бярозавыя гаі: адчуваецца, што блізка Расія.

Бацькоўская зямля

На ўездзе кінулася памылка ў самой назве па-беларуску на ўказальніку: не хапае яшчэ адной літары «Д». Прыпынілі нас і гукі працуючай тэхнікі: вяліся планавыя работы па зносу лядашчага жытла. Таму мы вельмі абрадаваліся, калі пабачылі мужчыну, што працаваў на агародзе каля жывога дома. На градках актыўна цягнуліся ўверх стрэлкі зялёнай цыбулькі, імкнуліся не адстаць часнок, морква, капуста, буракі і іншая гародніна. Усё так спраўна праполата. «Няйначай, жонка ўвішная ў чалавека», – ледзь не ва ўнісон прамовілі мы. Аднак…

Міхаілу Арцёменку, гамяльчаніну, у спадчыну засталася бацькоўская хата. Пяць гадоў даглядаў маці, быў аформлены як даглядчык, ды так і прапісаўся пасля скасавання шлюбу з жонкай. Жыве тут ужо 24 гады, і як бачна, адчувае сябе гаспадаром.
– Мая маці, Лізавета Сяргееўна, расказвала, што яе саму ў гадавалым узросце перавезлі сюды ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя са Слабодкі. Тады многія перасяляліся сюды, населены пункт лічыўся пасёлкам, – расказаў Міхаіл Кірэевіч. – Бацька мой, Кірэй Піліпавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў спачатку ў Пінскай флатыліі, а потым трапіў на фронт як мінамётчык. У пасля­ваенны час працаваў тут у сельскай гаспадарцы механізатарам, адзначаны за працоўныя заслугі.

Міхаіл Арцёменка дэманструе вышываную спадчыну сваёй матулі 

Сам жа Міхаіл да пенсіі па прафесіі вадзіцель, зваршчык: шчыраваў і на флагмане сельска­гаспадарчага машынабудавання краіны «Гомсельмашы», у вёсцы ж стаў селянінам. 

Тут няма віруса!

Поварам у сталоўцы завода вымяральных прыбораў у Гомелі рыхтавала стравы Ніна Новікава. Прыбірала і ў краме ў Савецкім раёне, а на пенсію ішла, аддаўшы 13 гадоў мэблевай фабрыцы «Прагрэс». Ніна Васільеўна шчыра падзялілася: «Мне вельмі падабаецца, 12 гадоў я тут. Няма ніякага віруса! Ды і па бярозавы сок да нас нават з Янова прыязджаюць і Веткі: знаць, чыста.

Ніна Новікава каля бацькоўскай хаты 

Я са шматдзетнай сям’і. І хаця нас чацвёра, бацькоў даглядала я. На брата Пятра на­дзеі не было, аднак і адна з сясцёр здзівіла: на пахаванне абодвух бацькоў з Гомеля не прыехала...»

Вось гэта страшэнны гарадскі вірус: бессардэчнасць. І як яго нажылі тыя, чые карані з вёскі? – думалася міжволі. Хацелася і Васільеўну вырваць з гэтых згадак, таму спытала пра традыцыі Жалуддзя. Пенсіянерка зазначыла: тут святкавалі Ражство, колісь быў і «Перанос свячы». Па абліччы гаспадыні можна здагадацца: і калі было ёй самой адпачываць, увесь век яна ў працы. Выгадавала двух сыноў і дачку, падтрымлівае ўнукаў. Гадуе індыкоў, гусей, курэй, засявае соткі. Рада сваім госцікам дарагім.

Квадракоптар над вёскай

«Гасподзь, мілы», – ледзь не пачала хрысціцца Марыя Бычкова, гаспадыня яшчэ адной хаты тут, на адзінай вуліцы Савецкай, калі фотакарэспандэнт Аляксей Герасіменка ўзняў гэтую «птушку» ўверх. Такі знак цывілізацыі ў ціхай глыбінцы, вядома ж, выклікае здзіўленне. Разам са сваім гаспадаром Міхаілам Гаўрылавічам углядалася ў неба цётка Марыя, і адчувалася іх насцярожанасць: ці з добрым памкненнем людзі прыехалі? Шмат жа розных брындае па вёсках: то метал шукаюць, то іншае, што дрэнна ляжыць.


Гаўрылавіч нарадзіўся за год да вайны. Так што ні бацьку свайго, ні брата Сямёна аніяк не запомніў. Толькі, калі ўзнаў­ляе нам згадкі сваёй маці пра мужа і старэйшага сына, робяцца вочы вільготнымі. «Сямён бытта наступіў на міну, і яму пяту адарвала. Перавязаць не было каму: сыйшоў з крыві. Бацька на год пазней, у 1943-м, лёг пад Шарсціном: немец з гары біў, а нашы салдацікі як на далоні…» – выдыхае Міхаіл Бычкоў. 

З 2-га тома кнігі «Па­мяць» па Веткаўскаму раёну:
«Бычкоў Сямён Гаўрылавіч, 1923 г. н., радавы, загінуў 23.12.1943 г. Пахаваны ў вёсцы Казловічы Рагачоўскага раёна»

Дзядзька Міхаіл – гаспадар адмысловы. Гэта бачна і па хаце, якую збудаваў у свой час. 17 гадоў адпрацаваў на будоўлях, у тым ліку і ў Янове. Цэлае дзесяцігоддзе быў вартаўніком.

Ды і гаспадыня Марыя Пятроўна вельмі старанная, і, калі б не вайна, з якой не вярнуўся яе бацька Пятро Максімавіч, пасля якой у іх вёсцы Калініна і шматочка паперы не было, каб вучыцца пісаць, мо, і адукацыю атрымала, і вышынь дасягнула ў гарадскіх прафесіях? Вунь як расцвілі падаконнікі ад яе кветак самых розных колераў, а ў гародчыку перад хатай хутка засвецяцца кусты лілій. 

У Бычковых чацвёра дачок (лёс быў бацькам перажыць заўчасную гібель на вадзе адзі­нага сына). 

– Нашы дзеці жывуць са сваімі сем’ямі на роднай зямлі: Таіса ў Янове, Лена ў Гомелі, Валя ў Магілёве, Святлана ў Светлагорску, – падзялілася маці-гераіня. – Маем сем унукаў, пяць праўнукаў. Радуемся, што ў іх усё ў парадку. Да нас прыязджаюць, адведваюць. Заўжды чакаем іх!

Жалуддзе… Маленькая планета зямлі Веткаўскай. Але ж жывуць тут людзі, моцныя духам.



Фото Алексея Герасименко
0 Обсуждение Комментировать