Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Казярогі. Вандроўка семдзесят восьмая

8517 0 08:54 / 27.11.2021
У пісьмовых крыніцах гэта вёска згадваецца ў XV стагоддзі. Тады яна была ў складзе Лоеўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. У 1876 годзе гэтымі землямі валодаў дваранін Кабылянскі, а праз тры гады вёска ўжо ў Лоеўскім царкоўным прыходзе. Школа, хлебазапасны магазін былі ў Казярогах у 1897 годзе.


Рыгор і Вольга Кулагі з вёскі Казярогі: 66 гадоў разам па жыцці!

Проект поддерживает Альфа Банк в Беларуси, официальный партнер 85-летия Гомельской области

Пачатковую школу адкрылі ў вёсцы ў 1929-м, а праз год арганізавалі калгас, у якім меліся аж чатыры ветраныя млыны. Пражывала 765 чалавек. У час Вялікай Айчыннай гітлераўскія захопнікі спалілі 166 двароў і забілі 27 казярожцаў. Непасрэдна ў баях за Казярогі загінулі 276 салдат 65-й арміі. Зараз, пасля перазахаванняў у розны час, у мемарыяле астанкі 701 воіна, сярод якіх і Героі Савецкага Саюза лейтэнант Уладзімір Гусеў, малодшы лейтэнант Іван Мардасаў, радавы Сямён Папоў, старшына Мікалай Раманаў, а таксама ўзбекскі паэт Султан Джураеў (Джура).

Відэа Івана Кузменкова

Насельніцтва вёскі старэе. Зараз тут 47 хатніх гаспадарак, а жывуць, разам з дачнікамі, 87 чалавек, паведаміла старшыня Каўпенскага сельсавета Людміла Прымак. Маладзейшыя працуюць на ферме і ў даільна-малочным блоку. Яшчэ не так даўно ў Казярогах былі ФАП, бібліятэка, магазін. Цяпер з выгод – прыезд аўталаўкі.

Вайна мінула дзяцінства

Менавіта ў такі момант, калі лю­дзі выходзяць да магазіна на колах, каб купіць неабходнае, мы і сустрэлі на вуліцы Савецкай яе старэйшын. 87-гадовая Ганна Пруднік, у мінулым палявод калгаса «Дружба», запрасіла ў хату, каб падзяліцца набалелым. Аўдавела 30 гадоў таму: памёр яе Мікалай Іванавіч, трактарыст.



– Таплю, пакуль дровы е, – падзялілася Ганна Максімаўна. – Сяголета не надта было грошай, каб яшчэ заказаць. Дочкі Ганна і Тома добрыя, клічуць на зімоўку ў Лоеў ці Мінск. Але ж як хату кінуць?

Думалі, што ў такіх гераічных мясцінах пачуем аповед пра перажытае Максімаўнай у ваенным дзяцінстве. Аднак ветэран падзялілася, што ў 1940-я гады іх сям’я Кушнер рушыла на заробкі аж у Карэла-Фінскую рэспубліку. Як пачалася Вялікая Айчынная, баць­ку прызвалі ў армію, а дзяцей з маці эвакуіравалі. Спачатку жылі на Валагодчыне, пазней, да вызвалення Гомельшчыны, у Яраслаўскай вобласці Расіі.

Бацька, Максім Ісакавіч, загінуў на фронце. «Сыночка я свайго, Віктара, 40-гадовага страціла, вось гэта бедачка падкасіла…» – выдыхнула матуля.

Боршч звару і каву падам

37 гадоў адпрацаваў былы армейскі авіямеханік Рыгор Рудэнка трактарыстам, прыцэпшчыкам і нават загадчыкам фермы ў мясцовым калгасе. Толькі пачаў гаманіць, у гаворцы пачулі ўкраінскае маўленне. Не памыліліся: ураджэнец Палтаўшчыны сказаў так пра сябе: «Я беларус даўно больш, чым хахол. Ні з кім з тых сваякоў даўно няма сувязей. Яно-то пасля таго, як аўдавеў, мо і добра было б наладзіць іх, ды даўно адрасы згубіліся. Ведаю, што многія і разрадніліся на фоне палітычных падзей: былі свае, сталі чужыя», – падзяліўся ветэран працы, ліквідатар наступстваў чарнобыльскай катастрофы.


Рыгор Рудэнка: з гаспадыняй весялей!

Жвавы на пад’ём, з уласцівым гумарам звярнуўся з просьбай у гэтай публікацыі даць больш звестак пра яго: раптам адгукнецца і патэлефануе годная жанчына. Гатовы 78-гадовы ветэран працы, у свой час адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў СССР за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 70-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі прыняць госцю ў сваім доме: мо знойдзецца паразуменне? «Жыву я небагата, але ёсць скважына для вады, дровы і прыстойная па памерах хата. Боршч смачны звару і каву падам. Тэлефон мой (ён маецца ў рэдакцыі – заўвага аўтара) давайце харошай кабеце. Сын і дачка ў гарадах, у іх сваё жыццё. Маю сем унукаў і двух праўнукаў, але вельмі ж адзінотна жыць…»

Нас вельмі ўразіў працоўны архіў чалавека. Чамусьці мне згадаўся пісьменнік Міхась Даніленка, былы супрацоўнік «Гомельскай праўды», які летаваў у вёсцы Пустая Града, што паблізу… Такі ж парадак у дакументах, граматах, – усім, што тычыцца армейскага і працоўнага лёсу – і ў Рыгора Рудэнкі. Захаваў пасведчанні ўдарніка камуністычнай працы, пераможцы сацспаборніцтва!

66-ы год разам па жыцці

На вуліцы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Султана Джураева, вызначаецца дагледжанасцю дом ветэранаў сельгасвытворчасці Кулагаў. Ён з вечнага дрэва – дуба! Менавіта на ім і ўладкавана таблічка пра ўзбекскага паэта-воіна, якога будзем памятаць і праз стагоддзі і мы, і яго землякі. Дагледжана па-людску і магіла гэтага прыгожага чалавека на казярожскім мемарыяле: як мы зазначылі, мужны воін загінуў 10 лістапада 1943 года ў ваколіцах Пустой Грады. Кранаюць да слёз яго паэтычныя радкі, адрасаваныя ў вершы «Пісьмо сыну»: «Сегодня враг грозит твоей судьбе, но не уйдет он от священной мести. Мой сын, с победой я вернусь к тебе, победе мы порадуемся вместе!»


Ганна Пруднік: праблем у нас, пенсіянераў, багата

Кулагі – мажны шыракаплечы Рыгор Іванавіч і невысокая, увішная ў працы Вольга Харытонаўна – кранулі нас сваёй шчырасцю. Колісь казярожскія хлопцы хадзілі на вечарыны ў Мохаў. Там і палажыў Рыгор вока на сціплую прыгожую дзяўчыну. Было вяселле, а потым шчодрыя на працу дзесяцігоддзі калгаснага жыцця. Паспытаў гаспадар хлеба трактарыста, прычэпшчыка, загадчыка фермы, брыгадзіра ў паляводстве. Жонка ж 30 гадоў кароў аддаіла на ферме! Ды рукамі, ці ж у такіх умовах, якія зараз створаны ў мясцовым даільна-малочным блоку. Дзеці – Тамара, Алена, Іван – у Мінску, Ларыса ў Магілёве. Часта свідруе сэрца сялян Кулагаў пытанне: а ці спатрэбіцца каму з нашчадкаў іх дыхтоўная прасторная хата, агароды? Ва ўсіх у гарадах добрыя кватэры, адна з унучак у замужжы аж у Дубаі…

Беларусь – другая радзіма

З зоны землятрусу ў Арменіі, з горада Кіравакана, пасля некалькіх пераездаў прыбыла на Лоеўшчыну сям’я Аганесян. Спачатку жылі ў Мохаве, а потым рушылі ў Казярогі. На вуліцы Героя Савецкага Саюза Султана Джураева іх дом таксама вызначаецца яркімі фарбамі, кустамі руж у кветніку. Заснавальніца роду Нэлік Татосаўна з уласцівай эмацыянальнасцю згадвала трагічны час, калі хваля землятрусу прайшла па іх кіраваканскім доме, а яны цудам паспелі выскачыць і вывесці дзетак. Прычым адна з пяці дачушак знаходзілася тады ў школе і была ўратавана настаўнікам фізкультуры…


Таццяна Анікеенка: дома і салома ядома!

– Я ўдзячна Беларусі, лічу яе другой радзімай. Удзячна нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, што ён утрымаў краіну. Нам вельмі зайздросцяць, што мірная дзяржава, усяляк імкнуцца ўшчыкнуць, – зазначыла Нэлік Татосаўна, бабуля 16 унукаў і праўнучкі. Дзесяцігоддзе адпрацавала яна ў гаспадарцы, даіла кароў. Муж шчыраваў трактарыстам, а пасля яго смерці адзіны сын працягвае бацькоўскую справу. З ім і жыве ў сваёй палове дома гэта гасцінная жанчына. Вельмі любіць кветкі. Чацвёра яе дачок з сем’ямі – у Лоеве, адна ў Буда-Кашалёве.

Не шукала лягчэйшай долі

З дзяцінства працуе ў сельскай гаспадарцы ўраджэнка вёскі Казярогі Таццяна Анікеенка. Яшчэ школьніцай бегала веяць зерне на мясцовым складзе, дапамагала маці і іншым жанчынам даіць кароў, даглядаць цялятак. Гэта і сёння справа яе жыцця. Цяляткі, якіх Таццяна Мікалаеўна даглядае ад нараджэння да ўзросту 21 дзень, здалёк пазнаюць яе па голасе, выходзяць са сваіх домікаў і цягнуцца да яе рук. Шчырая працаўніца, на такіх сёння трымаецца вёска, дабіваецца сярэднясутачных амаль кілаграмовых прываг. Цяляткі здаровыя, бадзёрыя і радуюць вока. Што значыць вопыт даглядчыцы! Здароўя вам, Мікалаеўна, доўгага жыцця і ўсім казярожцам!













Фото Алексея Герасименко
Актуально
Горин_сайт.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg