Яго ўдзельнікамі былі не толькі прадстаўнікі 11 рэгіёнаў Беларусі (восем раёнаў Гомельскай і тры Брэсцкай абласцей), якія знаходзяцца ў басейне Прыпяці. Шмат творчых калектываў — Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча, дзяржаўны ансамбль “Песняры”, гурт “Палац”, Нацыянальны заслужаны акадэмічны ўкраінскі народны хор імя Вяроўкі і многія іншыя прафесійныя калектывы — вытанчаным майстэрствам радавалі не толькі сваіх аматараў, а і ўсіх удзельнікаў фэсту. Не меншую асалоду давялося адчуць і ад выступленняў аматарскіх калектываў. Аўтэнтычная палеская музыка і спевы гучалі са сцэны і ў конкурсе падвор’яў. Тут ужо кожны раён прадстаўляў усё, чым ганарыцца і што найбольш шануе ў сваёй гісторыі і этнаграфіі: старадаўнія абрады і рамёствы, дзіўныя для сучаснага гараджаніна прысмакі. Жадаючыя маглі паспрабаваць свае сілы ў вырабе чаўноў, ганчарнай справе, пляценні кошыкаў і ткацтве. А таксама праехаць на старадаўняй брычцы, паспрабаваць шчасця ў рыбнай лоўлі і тут жа прыгатаваць смачную юшку.
На адкрыцці свята прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі адзначыў, што фестываль павінен стаць своеасаблівым магнітам, які прыцягне ўвагу людзей не толькі з Беларусі, але і з усяго свету: “Я ўпэўнены: той, хто хоць раз пабываў у гэтых мясцінах, захоча сюды вярнуцца. Форум абавязкова стане стымулам для развіцця турыстычнай інфраструктуры і актывізуе рэалізацыю сацыяльна-культурных праектаў Дзяржаўнай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся”.
Арганізацыю фестывалю ўзялі на сябе Гомельскі аблвыканкам, Петрыкаўскі райвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Генеральным спонсарам фэсту стаў Мазырскі НПЗ. Сярод запрошаных на свята былі старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, намеснік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка, іншыя афіцыйныя асобы.
Па словах генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сцяпана Бамбізы, гасцямі фэсту сталі таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій і турыстычных фірм, патэнцыяльныя інвестары з бліжняга і дальняга замежжа.
Два дні фестывалю былі распісаны па гадзінах. Пераможцы конкурсаў атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі, граматы. Гран-пры за самае арыгінальнае падвор’е прысуджаны Жыткавіцкаму раёну.
Сёння можна ўпэўнена сказаць: ідэя правядзення фестывалю знайшла водгук у сэрцах тысяч гасцей і ўдзельнікаў свята. Хочацца верыць, што Ляскавіцкі фэст стане сапраўдным брэндам Гомельшчыны, накшталт Аўцюкоўскага фестывалю гумару ці “Берагіні” ў Акцябрскім раёне. Бо менавіта на гэтай зямлі некранутай захавалася шматгранная культура палешукоў.
Застаецца спадзявацца, што ў наступны раз кіёскі з сімволікай фестывалю рашуча выціснуць кітайскія вырабы, а для дзетак арганізуюць сапраўдныя народныя забавы і гульні. І ўвогуле, этнакультурны фестываль стане своеасаблівым штуршком для далейшага развіцця сучаснага аматарскага мастацтва і захавання гісторыка-культурнай спадыны аднаго з самабытнейшых рэгіёнаў Беларусі.
Аксана СЯМЁНАВА
Фота Алега Белавусава і Сяргея ХАЛАДЗіЛіНА
Фота Алега Белавусава і Сяргея ХАЛАДЗіЛіНА