Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх


Чытачы «ГП» прапануюць увекавечыць у Гомелі імя славутага мастака

2591 0 04:42 / 01.03.2012
Сумесны ліст даслалі ў рэдакцыю мінскі мастацтвазнаўца, член Беларускага саюза мастакоў Валерый Буйвал і жыхар Навабеліцкага раёна Віктар Віхроў. На іх думку, у мастацтве чалавечае жыццё набывае вечнасць і менавіта такога лёсу аб’ектыўна заслугоўвае выдатны мастак-пейзажыст Георгій Ніскі (Нисский), ураджэнец Навабеліцы. Прыводзім фрагменты з іх пісьма. Шэраг беларускіх гарадоў і мястэчак уславіліся на ўвесь свет сваімі ўраджэнцамі. Дастаткова прыгадаць Францыска Скарыну і Полацк, Адама Міцкевіча і Навагрудак, Марка Шагала і Віцебск. У далёкіх краях сыны Беларусі не забываліся аб Радзіме, прысвячалі ёй свае творы. Сваім талентам яны служылі ўсяму чалавецтву, але самым дарагім у іх душы заставалася месца на зямлі, дзе яны нарадзіліся, зрабілі першыя крокі і далучыліся да творчай справы, якой служылі потым усё жыццё. Ва ўсіх сур’ёзных энцыклапедыях па гісторыі мастацтва XX стагоддзя ёсць звесткі пра Георгія Ніскага (1903 — 1987). Месца яго нараджэння — Навабеліца, Гомель. Вучыўся Ніскі ў Гомельскай мастацкай студыі губернскай палітасветы імя М. Урубеля. Затым быў накіраваны ў Маскву. Да 1930 года вучыўся на аддзяленні жывапісу Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў, якія былі сапраўднай кузняй талентаў мастацтва савецкага перыяду. Сярод настаўнікаў Ніскага быў адзін з вялікіх рускіх мастакоў мінулага стагоддзя Роберт Фальк. Ужо ў студэнцкія гады ў творах Ніскага пачалі фарміравацца стылістычныя рысы, якія вызначаць яго як арыгінальнага жывапісца. Пазней мастацтвазнаўцы назавуць яго майстрам індустрыяльнага краявіду. Яго творы заўсёды пазнаеш па выразных колеравых кантрастах, напружаных лініях, чысціні фарбавых гармоній. Лаканізм мастацкіх формаў, дынаміка кампазіцыі набліжаюць яго карціны да такіх накірункаў у еўрапейскім мастацтве, як кубізм і футурызм. Жыццё Георгія Ніскага прайшло ў Маскве. У наступным годзе спаўняецца чвэрць стагоддзя з дня смерці мастака. 25 гадоў пасля смерці мастака лічыцца дастатковым тэрмінам для вызначэння яго сапраўднага месца ў гісторыі мастацтва, дзе ўжо няма нічога кан’юнктурнага і выпадковага. Практыка засведчыла, што творы выдатнага ўраджэнца Навабеліцы вытрымалі выпрабаванне часам. Георгій Ніскі прызнаны класікам рускага жывапісу. Сустрэча з яго карцінамі заўсёды дорыць радасць. Яны знаходзяцца ў экспазіцыях Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу, а таксама ў многіх іншых мастацкіх музеях Еўропы.
Мяркуем, што настаў час аддаць даніну павагі нашаму выдатнаму земляку. Мы прапануем, каб адна з вуліц Навабеліцкага раёна горада Гомеля была названа імем Георгія Ніскага. Імя таленавітага мастака можа быць нададзена таксама адной з мастацкіх школ нашага горада. Вельмі добра было б арганізаваць выстаўку твораў Георгія Ніскага ў Гомелі. Цудоўная выставачная пляцоўка ёсць у палацавым комплексе Румянцавых і Паскевічаў. Аналы гісторыі нашага роднага горада дапоўніліся б яшчэ адной яркай і жывой старонкай. Спадзяемся на салідарную падтрымку рэдакцыі і чытачоў.
Культура
Горин_сайт.jpg

изображение_2024-10-01_152202589.png
Мозырь.jpg

гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт.jpg