Мастацтвазнаўца, член Беларускага саюза мастакоў Наталля Сяліцкая адзначае: “Творчасць Анатоля Отчыка добра вядома ў культурнай прасторы Беларусі і за мяжой. Ён – прадстаўнік пакалення аўтараў, чый прыход у прафесійнае мастацтва ў 1980-я гады адзначыўся з’яўленнем сапраўднай паліфаніі наватарскіх стылістык мастацкай мовы і разнастайнасцю смелых ідэй. Яшчэ ў пачатку творчага шляху Анатоль Отчык вельмі дакладна вызначыў для сябе меру ўзаемадзеяння рэалістычнага пісьма з шэрагам знакавых вобразаў і сімвалаў, што арганічна суадносіцца з тэндэнцыямі, якія адбываюцца ў беларускім мастацтве і на сучасным этапе. Менавіта імкненне да філасафічнасці кожнай работы характэрна для творчасці гэтага майстра.
Кажучы пра мастацтва Анатоля Отчыка, варта адзначыць яго каларыстычны дар, беспамылковае пачуццё кампазіцыі і малюнка. Ён удумліва падыходзіць да стварэння кожнага твора. У залежнасці ад канцэпту мастак выбірае адэкватныя ўласнай ідэі сродкі мастацкай выразнасці і з пэўнай доляй віртуознасці ўвасабляе задуманае.
Выстава “Вымярэнне” знаёміць гледачоў з карцінамі, выкананымі Анатолем Отчыкам пераважна за апошнія 20 гадоў. Перш за ўсё хочацца адзначыць жанравую і тэматычную разнастайнасць экспазіцыі, што гаворыць аб шырокім дыяпазоне творчых інтарэсаў аўтара. Прадстаўленыя творы ўмоўна можна дыферэнцыраваць на тры блокі: пейзажы, лірыка-інтэлектуальныя кампазіцыі, творы на мяжы прадметнасці і абстракцыі.”
Анатоль Отчык нарадзіўся ў вёсцы Шыічы Гомельскай вобласці. Скончыў Пензенскую мастацкую вучэльню, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў плакаце, жывапісе, афармленні архітэктурнага асяроддзя. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Цэнтры сучасных мастацтваў, Гомельскім краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.