Сталіцай свята з глыбокімі гістарычнымі каранямі ў гэтым годзе стане раённы цэнтр Гарадок. Непадалёку ад яго, у вёсцы Астраўляны, нарадзіўся Канстанцін Вераніцын – аўтар вядомай сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
Праграма культурнага форуму будзе разнастайнай і насычанай. Традыцыйна пройдзе рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», чакаецца шмат выстаў, тэматычных экспазіцый, прэзентацый, інтэрактыўных пляцовак, узнагарод. Цікавасць выклікаюць фестывалі кнігі і прэсы, народнай творчасці, паэзіі і фальклору. Прыхільнікі спорту могуць наведаць майстар-класы і выступленні, гісторыкі – рэканструкцыю гістарычных падзей, а тых, каго вабяць рамёствы, прыцягне непаўторнымі вырабамі горад майстроў.
У рамках кулінарнага фестывалю «Мара гурмана» жыхары і госці ўбачаць батлы кухараў-прафесіяналаў і аматараў па прыгатаванні страў на адкрытым агні, конкурсы тортаў і пірагоў, парад кухараў. Немагчыма расказаць пра ўсе мерапрыемствы, лепш прыехаць і ўбачыць сваімі вачыма.
Дзень беларускага пісьменства – значная падзея ў культурным жыцці краіны, бо далучае людзей да духоўных каранёў, яднае народ і выклікае гонар за тое, што мы – беларусы. Традыцыйна свята ладзяць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадрукавання. На Гомельшчыне яго прымалі Тураў (1995 і 2004 гады), Хойнікі (2010 год), Рагачоў (2016 год) і Добруш (2022 год).