У гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва и беларускіх традыцый имя Ф. Шклярава праходзіць выстава «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны».
Дадзеная выстава — своеасаблівы творчы эксперымент гісторыка-краязнаўцы Марыі Булавінскай, архітэктара Сяргея Ляпіна, мастачкі Ірыны Панковай пры падтрымцы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і Хойніцкага краязнаўчага музея.
У выставачнай зале пераплятаюцца ў адзіны «тэкст» дакладныя гістарычныя факты, узнёслы акварэльны жывапіс, пышнасць фрагментаў архітэктурнага дэкору і вытанчанасць сталовага фарфору ды маёлікі.
Краязнаўчая мапа «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны» — гэта вынік калектыўнай працы зацікаўленых архітэктараў і гісторыкаў, а таксама аматараў беларускай даўніны. На мапе можна пабачыць месцы ўсіх вядомых сядзіб, што ў мінулым знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны, разам з іх графічнымі выявамі. Выявы сядзібаў рэканструяваліся па розных крыніцах: малюнках, старых фотаздымках, успамінах былых жыхароў, апісаннях даследчыкаў і г. д.
Мастачка Ірына Панкова апошнія два месяцы актыўна вандравала па Гомельскай вобласці і замалёўвала старыя шляхецкія сядзібы. На яе малюнках можна пабачыць сучасны выгляд будынкаў, а таксама выгляд сядзібаў у мінулым разам з іх гаспадарамі.
З даўніх часоў адным з сімвалаў шляхты была сядзіба, якая захоўвала памяць, дух продкаў. Палацавыя і сядзібныя комплексы прывілеяванага саслоўя ўвасаблялі гонар, багацце, паходжанне і моц улады іх гаспадароў. Родавыя маёнткі шляхты з’яўляліся яскравым увасабленнем шляхецкай культуры, якая мела шчыльную сувязь з мясцовымі звычаямі і традыцыямі. У шляхецкім доме назапашваліся велізарныя калекцыі гістарычных і мастацкіх твораў, зборы дакументаў, партрэтаў, мэблі, сямейныя каштоўнасці. Сярод гаспадароў сядзіб — энергічных і гаспадарлівых людзей — было шмат таленавітых палітыкаў і вядомых дзеячоў культуры.
Сёння шляхецкіх сядзібаў і палацаў на Гомельшчыне становіцца ўсё менш і менш. Пазбаўленыя сапраўдных гаспадароў, яны былі значна спустошаныя ў часы ліхалеццяў. Парэшткі шляхецкай культуры знішчаюцца і ў нашыя дні. Спадзяемся, што наведвальнікі падчас «вандроўкі» па выставе, змогуць адчуць своеасаблівую атмасферу шляхецтва і зразумець, што «і мы не лыкам шытыя».