Вечны сюжэт “Мёртвых душ”
У 1872 годзе ў сталічным Санкт-Пецярбургу адбылася літаратурная падзея: часопіс “Русская старина” надрукаваў унікальную знаходку — новую рэдакцыю захаваных частак другога тома паэмы Мікалая Гогаля “Мёртвыя душы”.
У сапраўднасці матэрыялу не было сумненняў — за два гады існавання з 1870 года “Русская старина” набыла рэпутацыю аднаго з самых аўтарытэтных і цікавых у папулярызацыі рускай гісторыі і культуры выданняў. Сапраўды, рэдактар Міхаіл Сямеўскі, сам гісторык, сабраў у рэдакцыі такіх вядомых гісторыкаў і літаратараў, як І. Забелін, М. Кастамараў, Д. Ілавайскі.
“Русская старина”, вокладка
“Русская старина”, вокладка
У прадмове да публікацыі рэдакцыя нагадала чытачу, што аўтарам быў спалены не ўвесь том: выратаваліся чарнавікі і накіды пяці глаў, якія былі апрацаваны і выдадзены ў 1855 годзе пляменнікам М. Гогаля Трушкоўскім, а затым, у 1857-м, П. Кулішам у шматтомным выданні твораў класіка.
І вось — шчаслівая новая знаходка амаль праз 20 гадоў: ужо вядомы і друкаваны рукапіс з новымі гогалеўскімі праўкамі. Каштоўнасць знойдзенага варыянта вызначана рэдактарамі аж па 10 пунктах: 8 раней наогул невядомых эпізодаў і два — у новай рэдакцыі.
Выдаўцы адзначылі, што ўсе новыя ўрыўкі, хоць і невялікія, але “в них искрится неподражаемый, умерший с Гоголем, юмор, поразительная меткость выражения и художественное воспроизведение лиц, местностей, и всего, до чего только прикасалась рука гениального мастера”. Рэдакцыя выказала шчырую падзяку асобе, якая прынесла знаходку і тым самым дала магчымасць азнаёміць “усю адукаваную Расію з творчым працэсам бессмяротнага мастака”, — дырэктару Санкт-Пецярбургскага камерцыйнага вучылішча Міхаілу Богаяўленскаму.
Прадмова раскрывае і паходжанне рукапісу. Высвятляецца, што паперы доўгі час захоўваліся ў таварыша Гогаля па нежынскаму ліцэю Мікалая Якаўлевіча Пракаповіча (памёр у 1857 годзе). Той перадаў рарытэт свайму саслужыўцу па Першаму кадэцкаму корпусу ў Пецярбургу “палкоўніку М. Ф. Я-му”. Апошні пераехаў на працу ў горад Магілёў, дзе таварышаваў з дырэктарам губернскіх вучылішчаў і выкладчыкам мясцовай гімназіі гісторыкам па адукацыі М. Богаяўленскім, дазволіў зняць копію з рукапісу, хаця даволі доўга не даваў права яе друкавання.
Сапраўды, надрукаваныя ў нумары І — ІІІ часткі другога тома бліскуча, з гогалеўскім гумарам, вобразнасцю і літаратурнымі тропамі перадавалі эпізоды з жыцця новага героя — дробнага чыноўніка і памешчыка Андрэя Іванавіча Цянцетнікава і старога — Паўла Іванавіча Чычыкава.
Але пры больш уважлівым прачытанні можна было заўважыць, што новая рэдакцыя “Мёртвых душ” адчула на сабе павевы ўжо новай эпохі. Цянцетнікава аўтар намаляваў падобным на класічнага Манілава: “раней такіх называлі лежабокамі і лайдакамі, а сёння — мысліцелямі і філосафамі”. Усе вялікія задумы героя не падмацаваныя ніводным крокам да здзяйснення. Але яго канфлікт з піцерскім работадаўцам і дзядзькам мае ўжо новую прыроду: дробны службовец не хоча губляць свой чалавечы гонар і прыніжацца перад начальнікам-самадурам, пра што заяўляе адкрыта. Амаль як “народнікаў-шасцідзясятнікаў” цягне Цянцетнікава ў вёску: ён раптам усведамляе адказнасць за свой занядбаны маёнтак, а галоўнае, за мізэрнае жыццё 300 прыгонных сялян “перед Богом, отечеством и совестью”.
Свае намеры памешчыка-рэфарматара землеўладальнік пачынае з доўгай прамовы перад сялянамі пра чалавечую годнасць, свабоду асобы і чалавекалюбства. Усё, што разумеюць сяляне: пан разважае “красно”. Тым справа і скончылася: далей герой з-за сваёй ляноты і адсутнасці волі вельмі хутка расчароўваецца ва ўсіх пачынаннях і пераўтвараецца ў таго, як называў яго сам Гогаль — “коптитель неба”.
Крытычнае вока магло б звярнуць таксама ўвагу і на тое, што густыя праўкі закранулі толькі тры главы, а далей тэкст заставаўся цалкам некранутым. Але радасць ад знаходкі, напэўна, перамагла крытычныя падыходы.
Здавалася, что новы рарытэт Гогаля замацаваны ўжо ў літаратуразнаўстве, калі б у рэдакцыю раптам не звярнуўся той самы “палкоўнік М. Ф. Я-скі”. У сваім лісце ён, па-першае, абураўся, што рукапіс, перададзены Богаяўленскім, надрукаваны без яго дазволу, а па-другое, паведамляў, што “новыя варыянты” “Мёртвых душ” — яго фальсіфікацыя.
Успыхнуў скандал. Ястрэмбскаму прыйшлося неаднаразова даваць тлумачэнні спецыялістам і распавядаць у інтэрв’ю пра сваё пераўвасабленне ў Гогаля. Ён пацвердзіў, што рукапіс глаў другога тома сапраўды атрымаў ад Пракаповіча, але менавіта той варыянт, што быў ужо надрукаваны Трушкоўскім. А ўсе навацыі, прынятыя за новую версію, — яго ўласныя. Распавёў ён таксама, што перадаў Богаяўленскаму свае дапіскі на спрэчку: ці здолее апошні, такі ж зацяты аматар Гогаля, адрозніць аўтэнтычны тэкст ад падробкі.
Спатрэбілася некалькі “экспертных даследаванняў і заключэнняў”, каб прызнаць надрукаванае падробкай: у № 8 “Русской старины” за 1873 год з’явілася публікацыя “Подделка под Гоголя: Литературный курьез”, дзе рэдакцыя прызнавала сваю частку віны. Але і гэта задаволіла не ўсіх. Вядомы пісьменнік і папулярызатар гісторыі Г. Данілеўскі (аўтар “Княжны Таракановой” і “Сожженной Москвы”) адзначаў: “Каб напісаць гэтыя ўрыўкі, трэба... мець нешта большае, чым жаданне пажартаваць над сваім даверлівым і ўпартым сябрам, трэба ведаць і любіць Расію так, як ведаў і любіў яе Гогаль... трэба мець вялізарную практыку пісьменніка, што дало б магчымасць так па-майстэрску апрацаваць кожную фразу гэтых урыўкаў, і, нарэшце,... драбніца!... трэба мець хаця б частачку талента Гогаля”.
Інжынер, механік і містыфікатар
Кім жа быў гэты “сааўтар Мікалая Гогаля”?
Праблема выкрыцця фальсіфікацыі была яшчэ і ў тым, што яе аўтар не меў дачынення не толькі да літаратуры, але і да гуманітарнай асветы наогул.
Ім аказаўся цёзка Мікалая Гогаля — Мікалай Ксенафонт Ян Ястрэмбскі (Ястржэмбскі) (1808 — 1874). Інжынер, гісторык навукі і тэхнікі нарадзіўся ў маёнтку Барысаўшчына тагачаснага Рэчыцкага павета (сёння Хойніцкі раён) у сям’і межавога суддзі, а быў ахрышчаны ў Сялецкім базылянскім (уніяцкім) кляштары, хоць сям’я належала да Астраглядаўскай рымска-каталіцкай парафіі*.
Атрымаў бліскучую адукацыю: у 1830 годзе скончыў матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе набыў кандыдацкую ступень. Вырашыўшы прысвяціць сваё жыццё інжынернай дзейнасці, паступіў у Пецярбургскі інстытут корпуса інжынераў шляхоў зносін. Пасля заканчэння ў 1832-м быў пакінуты ў ім у якасці памочніка прафесара, а з 1844-га стаў прафесарам кафедры будаўніцтва і практычнай механікі. Адначасова выкладаў механіку ў Тэхналагічным інстытуце і тым самым 2-м кадэцкім корпусе, дзе і сустрэўся з нежынцам Пракаповічам.
Сядзіба Барысаўшчына пры Ястрэмбскіх
Сядзіба Барысаўшчына пры Ястрэмбскіх
Асноўным кірункам інжынерна-даследчыцкай дзейнасці Мікалая Ястрэмбскага стала мостабудаванне. Прычым яго зацікавілі не каменныя, а металічныя падвесныя масты. Найбольш аптымальным металам бачыў не сталь, а жалеза. Па выніках яго даследаванняў у Інстытуце корпуса шляхоў зносін была створана спецыяльная лабараторыя. Затым Ястрэмбскі распрацаваў праекты двух мастоў: праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску і праз Дняпро ў Магілёве.
Але галоўным вынікам яго даследчыцкай дзейнасці стала публікацыя двухтомнага “Курса практычнай механікі” (1837 — 1838) — першага такога падручніка ў Расіі, які стаў класікай. Два тамы адзначаны Пецярбургскай акадэміяй навук Дзямідаўскай прэміяй (аўтару быў 31 год), а трэці выйшаў пазней. Ён быў прысвечаны супраціўленню матэрыялаў і зрабіў Ястрэмбскага заснавальнікам сапрамата ў расійскай навуцы. Здабыў ён таксама рэпутацыю першага ў Расіі гісторыка механікі пасля апублікаваных яе нарысаў — “Краткое обозрение постепенного развития механики в древние и новейшие времена”. На гэта выданне дзве тысячы рублёў выдаткаваў сам імператар Мікалай І.
Кар’ера Мікалая Ястрэмбскага ў Пецярбургу развівалася бліскуча. Але яе перарвалі драматычныя абставіны, якія кранулі яго блізкіх.
Разам з Мікалаем Феліксавічам у Пецярбургу аказаўся яго стрыечны брат Фердынанд Ян Ястрэмбскі. Ён нарадзіўся ў фальварку Тэкліноў (сёння Брагінскі раён), быў ахрышчаны ў тым жа самым Сялецкім кляштары. Пасля вучобы ў Віленскім, Кіеўскім і Харкаўскім універсітэтах стаў выкладчыкам палітычнай эканоміі і статыстыкі ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце і тым самым Інстытуце корпуса інжынераў шляхоў зносін, дзе і брат Мікалай.
Ян Ястрэмбскі стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйна-дэмакратычнага таварыства петрашэўцаў, быў арыштаваны, атрымаў смяротны прысуд, стаяў на эшафоце побач з яшчэ адным нашым земляком — Фёдарам Дастаеўскім. Як і апошняму, пасля ганебнага рытуалу пазбаўлення дваранства і грамадзянскіх правоў, павешанне было заменена на сібірскую катаргу.
Невядома, было тое наступствам альбо прычынай, але Мікалай Ястрэмбскі пасля 15 гадоў жыцця ў сталіцы пакідае яе і пераводзіцца начальнікам Магілёўскай акругі шляхоў зносін, дзе праслужыў 14 гадоў. За гэты час пад яго кіраўніцтвам быў добраўпарадкаваны ўчастак Кіеўскай шашы да Магілёва, перабудавана Бабруйская плаціна, распрацаваны праекты мастоў, у Магілёве пабудаваны паравы млын. Пасяліўшыся канчаткова ў Магілёве, Ястрэмбскі загадваў гэтым млынам. Тут жа з захапленнем “правіў Гогаля”. Сам ён адзначаў, што на разважанні яго натхнілі думкі Бялінскага пра творчасць вялікага пісьменніка. Аднак даследчыкі схіляюцца да таго, што была таксама мясцовая аснова для напамінаў гогалеўскага вобраза “вялікага камбінатара”, які імкнуўся зарабіць на памерлых прыгонных сялянах — так званая “Мазырская справа”.
Здарылася так, што пры складанні інвентароў (гаспадарчых апісанняў) маёнткаў Баравое, Буйнавічы, Карма, Лельчыцы і Скароднае мясцовыя чыноўнікі і землеўладальнікі фальсіфікавалі дакументы, прыдумвалі мясцінам міфалагічныя гісторыі, падраблялі старыя планы, каб надаць землям большую фінансавую вартасць. У справу былі ўцягнуты мясцовыя арыстакраты — Фурсы, Красінскія, Радзіеўскія, Казарын.
Колькасць землеўладанняў была павялічана ледзь не ў чатыры разы. Інвентары падпісваліся мясцовымі каморнікамі і павятовымі служачымі, якія выдатна ведалі сапраўдны стан спраў. Пасля дакументы зацвярджаліся губернскімі чыноўнікамі аж да губернатара Густава Дапельмайера. Праўда, у апошняга ўзніклі сумненні наконт канцэнтрацыі “міфічна-гістарычнага мінулага” ў адной мясцовасці. У Мазырскі павет для праверкі быў пасланы жандарскі капітан Хітраво, але і яго мясцовыя ўлады здолелі “пераканаць” у праўдзівасці дакументаў, што ён і пацвердзіў губернатару.
У выніку міфічныя — чытай “мёртвыя” — 150 тысяч дзесяцін былі закладзены ў банк за 7 рублёў 50 капеек кожная. Мясцовыя “Чычыкавы” атрымалі прыбытак у амаль мільён рублёў, частка з якога была патрачана на хабар для тагачаснай уладнай “вертыкалі”.
Калі карупцыйная схема была выкрыта, большасць яе ўдзельнікаў панесла жорсткія пакаранні: ваенны суд асудзіў іх да пазбаўлення шляхецкай годнасці, зняволення ў Бабруйскай крэпасці, службу ў арміі радавымі. Страціў сваю пасаду і губернатар — даволі санавітая асоба, за плячамі якой былі прызнаныя не толькі дзяржавай, але і грамадскасцю заслугі ў заснаванні курорта Друскінінкай, развіцці Гродзенскай губерні.
Барысаўшчына, сучасны выгляд
Барысаўшчына, сучасны выгляд
“Мазырская справа” набыла вялікую гучнасць і можам меркаваць, што дала Мікалаю Ястрэмбскаму ўсведамленне вечнасці гогалеўскага сюжэта “Мёртвых душ”.
Мікалай Феліксавіч памёр у Магілёве праз два гады пасля гучнага рэзанансу, выкліканага ягоным сааўтарствам з Мікалаем Гогалем. Пахаваны ў Магілёве.