Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


І зноў згадаюцца буслы, як сімвал нашае Радзімы

2801 0 17:18 / 05.05.2020
«У высокім небе, здаецца, пад самым сонцам, кружаць буслы. Пад іх вольнымі крыламі – жытнёвыя палі, белыя дахі хат, а на іх – родныя гнёзды… Пад крыламі буслоў – Палессе. Колер нашай зямлі – блакітна-зялёны: абсяг лесу пад сінімі нябёсамі, паплавы і азёры, блакітныя стужкі рэк».

IMG_7006.JPG

Як краем не зачаравацца!

«Родны край, бацькоўская зямля… Твае спакойныя, роўныя фарбы лечаць і суцяшаюць. Дзе яшчэ ёсць такая цішыня, спакой і бязмежнасць. Хіба можна не любіць, не зачароўвацца сінявокім краем», – так пісаў у сваім нарысе пра малую радзіму Васіль Феранц. 

Журналіст, пісьменнік, публіцыст, гісторык, гумарыст, краязнаўца, сын сваёй Радзімы Васіль Феранц шчыра і аддана любіў маленькую вёску Града, што на Жыткаўшчыне. Тут ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства, школьныя гады, юнацтва. Адсюль, ад роднага парога, яго выпраўлялі бацькі ў шырокі загадкавы свет.

Мінск вабіў юнака ў першую чаргу сваёй шматпакутнай гісторыяй, непаўторнасцю, шырокім выбарам будучага шляху. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Друкавацца пачаў у 1966 годзе ў выданнях «Новае Палессе», «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Сельская газета», у час службы ў арміі – у акруговай газеце «Во славу Родины». У «Новым Палессі» былі апублікаваны першыя апавяданні, байкі, гумарэскі. Друкаваліся яны таксама ў часопісе «Работніца і сялянка», як і замалёўкі, нарысы, дзіцячыя апавяданні – у «Вясёлцы». Асабліва плённа склаліся творчыя адносіны з рэспубліканскім часопісам «Вожык», дзе было надрукавана каля сотні апавяданняў і гумарэсак. Там жа ў 1994 годзе выйшаў зборнік гумару «Як спадабацца Алёне», а таксама калектыўны зборнік «Тутэйшы шляхціч» (1999 г.). У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў сааўтарстве выйшлі таксама зборнікі гумару «Кубік Рубіка» і «Вожык смяецца». Апошнія гады свайго жыцця Феранц працаваў рэдактарам у выдавецтве «Ураджай».

Васіль Феранц з’яўляецца рэдактарам-укладальнікам кнігі «Памяць. Жыткавіцкі раён». Не адзін раз давялося аб’ездзіць увесь Жыткавіцкі раён, правесці сустрэчы з жыхарамі, запісаць успаміны. Шмат прыходзілася працаваць у Нацыянальным архіве Беларусі, нават у Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Як лічыў сам Феранц, інакш нельга: кніга «Памяць» не толькі для нас, але і для нашых нашчадкаў, словам, яна назаўсёды. 

Ад бацькі любоў да зямлі, ад маці – да роднага слова

Шмат нарысаў публіцыст прысвяціў сваім бацькам – простым сялянам, перасяленцам з Гарошкаўскай воласці Жытомірскай губерніі Украіны. Усё жыццё Рыгор Феранц, бацька пісьменніка, аддаў калгасу «ХХ партз’езд». Любіў сваю зямлю, і гэту любоў перадаў дзецям.

«Старэнькі дзед у кажуху, падпяразаным вузенькім раменьчыкам, у шапцы-вушанцы, у кірзавых ботах, ён падыходзіў да трактарыстаў, размаўляў з імі. Тыя часта адпачывалі каля гонкай развесістай ліпы, калі праводзілі меліярацыю каля вёскі. Тут, на гэтай палянцы, ён яшчэ са сваім бацькам плёў з мяккай кары лапці, збіраў ліпавы цвет на лекі, ставіў вуллі… Бульдозеры абмінулі ліпу.

У той год зімой старога не стала. Як успамін аб ім, як жывы помнік – дрэва, адно ва ўсім наваколлі. Той стары быў мой бацька», – пісаў Васіль Феранц у сваёй замалёўцы «Успамін».
Ад маці, Сцепаніды Фёдараўны, перадалася любоў да роднай мовы, роднага слова. Вельмі шмат чуў сын ад яе цікавых легенд, паданняў, казак, песень. «Маленькая, хударлявая, шчупленькая, яна ў свае 90 гадоў яшчэ трымала карову… Не прыпомню ніводнага гучнага слова ад маці, яна ні разу не павысіла голас. Непрыкметная, ціхмяная, заўсёды знешне спакойная, спагадлівая, імкнулася жыць у міры, быць добрай да ўсіх. Даўгалецця ёй, мусіць, дало тое, што яна нарадзіла дзесяцярых дзяцей, і я быў апошні, дзясяты ў вялікай сям’і…» – так пісаў пра сваю маці ў замалёўцы «Мама». 

Ад землякоў даведаўся пра пахо­джанне вёскі Града і тых урочышчаў, якія раскінуліся побач. Не верыцца, што на месцы вёскі была зямля, непрыдатная для жылля, для пасеваў. Не было амаль ніякай карысці ад такой зямлі памешчыцы Крывашэінай. Яна вырашыла прадаць гэтыя ўгоддзі. І кінуўся сюды прыгнечаны народ з Украіны. Сярод перасяленцаў быў і дзед Васіля Феранца. Не дзіўна, што пісьменнік так цікавіўся паходжаннем вёскі і яе наваколляў. Бальшавік, Зімнік, Біты шлях, Маркевічавы процерабы, Аляксееў гаток, Дзедава ліпка, Дружба, Паўлюкова селішча, Сямёнаў рог – назвы родных мясцін.

Адкуль прозвішча?

Аднавяскоўцы – прыклад сама­адданасці, гонару, мужнасці, патрыятызму. Шукаючы адказы на пытанні паходжання прозвішчаў сваіх землякоў, прыйшоў да высновы, што насельнікі вёскі Града – шматнацыянальны народ. Ліпінскі, Прапольскі, Дзяткоўскі, Галіцкі, Канапацкі, Балбуцкі, Савіцкі маюць польскія карані; Маркевіч, Таболіч, Пупарэвіч, Купрыяновіч, Сарока – беларускія; Саенка, Дземянчук, Ханеня, Таненя, Гатчэня – украінскія; Сінякоў, Еўдакімаў, Краўцоў, Кузьмін – рускія. Прозвішча Феранц наогул венгерскага паходжання. У Венгрыі яно распаўсюджана гэтак жа шырока, як у нас імя Іван. У такой шматнацыянальнай сям’і дружна працавалі і жылі і беларусы, і ўкраінцы, і рускія, і палякі.

Асаблівую ўвагу журналіст-даследчык удзяляў падзеям Вялікай Айчыннай вайны: арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі раёна, падпольнай дзейнасці землякоў, баям за вызваленне раёна і вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Лейтэнант», «Імёны на абеліску», «Подзвіг сувязнога», «Выратаваны сцяг» – гэтыя нарысы аб вайне і яе героях.

«…Я не магу ўявіць сабе сваё Палессе без буслоў, гэтых гордых і дружалюбных птушак. Бачу бусла на лузе, на даху вясковай хаты, у высокім летнім небе… Як і сто, і тысячу гадоў назад. Ён быццам з падання пра тое, як да лю­дзей на крылах белага птаха прылятае шчасце. А шчасце не можа быць без хараства, спакою і цішыні над родным краем… Буслам лёгка і прасторна там, пад мірным небам, і, мабыць, зямля Беларусі здаецца ім з вышыні ласкавай і ўтульнай, як нідзе ў свеце», – так пісаў Васіль Феранц у нарысе «Шчасце на крылах белага птаха». На жаль, вельмі рана пайшоў з жыцця гэты цудоўны знаўца роднага слова. Радзіма памятае свайго сына.
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg