Аграном праяўляе характар
1655 0 23:12 / 24.01.2008
Пакуль у некаторых іншых гаспадарках чакалі паляпшэння надвор’я і ўмоў для работы, галоўны аграном Я. Ф. Кавалькова з "Вазнясенска" штодзённа аглядала палі, на асобныя ўчасткі заязджала нават на трактары. І ўжо вечарам 31 сакавіка паведаміла дырэктару-прадпрымальніку М. М. Новікаву, што пара выбарачна пачынаць сяўбу.
— А ці не ранавата? — разважаў Мікалай Міхайлавіч. — Тэхніку не выгадна з участка на ўчастак пераганяць. Гаручае трэба эканоміць.
— А пераганяць і не трэба, — настой-ліва даказвала Ядвіга Францаўна. — На полі № 1 каля вёскі Новыя Малынічы працаваць ужо можна. Праз дзень падсохне і суседняе поле каля Нівак. Чакаць больш нельга.
М. М. Новікаў разам з галоўным аграномам зноў пабывалі на гэтых дальніх палях. А назаўтра арганізавалі тут работы ў комплексе. Адразу рыхтавалася глеба, ўносіліся мінеральныя тукі. Самааддана працавалі А. П. Кандрацьеў, П. П. Куцапалаў, А. Д. Шапараў, В. М. Фамічоў. Першым не толькі ў гаспадарцы, а і ў раёне пачаў сяўбу П. В. Масцяпанаў.
З першага ж дня, умела манеўруючы людзьмі і тэхнікай, у гэтым прыватным сельскагаспадарчым прадпрыемстве пастаянна нарошчваюць аб’ёмы работ на веснавым полі. Плённай рабоце спрыяе і той факт, што для механізатараў створаны неабходныя ўмовы. Прадуманы аплата працы і меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Двойчы ў дзень арганізавана гарачае харчаванне.
— Трэба сказаць яшчэ і аб тым, што сёлета раней, чым у папярэднія гады, былі пастаўлены на лінейку гатоўнасці глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, трактары, — расказвае М. М. Новікаў. — У нас створана брыгада рамонтнікаў, якая ў выпадку паломкі тэхнікі адразу ж дапамагае механізатарам адрамантаваць яе. У рабоце задзейнічаны лепшыя спецыялісты, а асобныя з іх на час веснавой кампаніі нават памянялі прафесіі.
Напрыклад, П. П. Куцапалаў працуе даглядчыкам жывёлы. А на час палявых работ сеў за штурвал трактара Т-150 і штодзённа пры высокай якасці работы перавыконвае дзённыя заданні.
Галоўны аграном Я. Ф. Кавалькова паведаміла нам, што сёлета пад раннія збожжавыя культуры адведзена 700 гектараў. Стаўка зроблена на авёс, плошчы пад які сёлета расшыраны аж на 150 гектараў і зоймуць 400 гектараў. І гэта не выпадкова. Летась авёс даў самы высокі ўраджай. На асобных участках з гектара выходзіла па 35 — 40 цэнтнераў збожжа, што значна больш, чым было намалочана на ўчастках іншых збожжавых культур.
У гэтыя веснавыя дні хлебаробы гаспадаркі робяць усё магчымае, каб пры высокай якасці да 25 красавіка правесці сяўбу яравых збожжавых культур, а затым у сціслыя тэрміны пасадзіць бульбу, тым самым забяспечыць трывалую аснову будучаму ўраджаю.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар ПСУП “Вазнясенск” М. М. Новікаў (у цэнтры), механізатары П. В. Масцяпанаў і А. У. Ананенка
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать