Амерыканскі дыплом для нашай зямлячкі
2652 0 23:12 / 24.01.2008
Да восьмага класа Іна вучылася ў сярэдняй школе № 5 горада Светлагорска. Затым закончыла філіял Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, атрымала залаты медаль. Па конкурсу, які праводзіўся ў Мінску, Іна і яшчэ некалькі выпускнікоў з Беларусі былі прынятыя ў Каледж міжнароднай супольнасці (United World Colleges).
Два гады месцам вучобы Іны быў Паўночны міжнародны каледж Чырвонага Крыжа ў Нарвегіі. За гэты час яна пабывала і на стажыроўцы ў Францыі. І навучанне, і паездкі дадому ў час канікулаў фінансаваў каледж. Пасля яго заканчэння Іна была першай у Гомельскай вобласці (і чацвёртай у Беларусі), хто атрымаў акадэмічную ступень «міжнародны бакалаўр».
У 1999 годзе Іна вярнулася ў родны горад і пэўны час выкладала англійскую мову ў сваім жа філіяле ліцэя. У гэты перыяд стажыравалася ў Вялікабрытаніі — па запрашэнню кіраўніцтва англійскай акругі Мэндзіп, з якой Светлагорск мае партнёрскія сувязі. Але дзяўчыну ўжо чакала далейшая вучоба — у вышэйшым каледжы Маўнт Холіоўк (Mount Holyoke College), што ў амерыканскім штаце Масачусэтс, непадалёку ад Бостана.
Кошт вучобы ў амерыканскіх вышэйшых навучальных установах прыблізна 24 тысячы долараў у год. Але, паводле законаў ЗША, каля 10 працэнтаў студэнтаў маюць права вучыцца бясплатна. Гэта – самыя здольныя студэнты, яны могуць быць як амерыканскія, так і замежныя. Каб прайсці конкурс на такое права, трэба мець вельмі высокія адзнакі ў дакументах, якія абітурыент прадстаўляе пры паступленні ў ВНУ, а таксама выдатныя рэкамендацыі з папярэдніх месцаў вучобы. (Уступных экзаменаў у амерыканскіх універсітэтах і каледжах няма.) Іна першая з Гомельскай вобласці стала замежным студэнтам у ЗША з правам бясплатнага навучання. На ўсе іншыя выдаткі, звязаныя з жыццём за мяжой, зарабляла самастойна, штогод працуючы ў час летніх канікулаў. Сёлета яна паспяхова закончыла вучобу і атрымала дыплом па спецыяльнасці “Банкаўская справа, эканоміка і фінансы”.
Цікава, што ў сярэдзіне 90-х гадоў Іна праявіла сябе і як перспектыўная спявачка. Яна выступала на нацыянальным музычным фестывалі “Зорная ростань”, песні ў яе выкананні гучалі па Беларускім радыё. Мінскі кампазітар Леанід Захлеўны складаў творы спецыяльна для яе.
Поспех сваёй дачкі падзяляе і яе маці, Таццяна Дзмітрыеўна, якая працуе эканамістам на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Як яна расказала, Іна будзе працягваць сваю адукацыю ў магістратуры — па спецыяльнасці “Бізнес і адміністрыраванне”, у адным з універсітэтаў Масачусэтса. Навучанне працягнецца два гады. Аплочваць вучобу Іна будзе самастойна, працуючы пры універсітэце.
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать