Падмацоўваючы шматгадовае сяброўства і супрацоўніцтва, сярэдняя адукацыйная школа № 60 г. Гомеля наведала з дабрачыннай місіяй Рэчыцкую школу-інтэрнат для дзяцей-сірот. Настаўнікі парадавалі выхаванцаў прысмакамі, настольнымі гульнямі і ўжо традыцыйнымі падарункамі — футбольнымі мячамі, бо ў гомельскай школе шмат увагі надаецца фізічнай культуры і спорту. Шэсць гадоў таму вучні Рэчыцкай школы-інтэрната разам з дэлегацыяй педагогаў са школы № 60 пасадзілі алею, дрэўцы на якой з кожным годам растуць і мацнеюць, як і сяброўства паміж адукацыйнымі ўстановамі.